“Улады “працуюць” зь любой ініцыятывай, якая прэтэндуе быць сур'ёзным гульцом на прэзыдэнцкіх выбарах”
Цыганкоў: Чаму ўлада учыніла такія істотныя рэпрэсіі менавіта супраць кампаніі “Гавары праўду”? У Беларусі дзейнічае даволі шмат зарэгістраваных палітычных рухаў і партыяў, чаму менавіта “Гавары праўду” выклікала такія дзеяньні ўлады?
Булгакаў: Выбарчая прэзыдэнцкая кампанія даўно стартавала, але апазыцыйны сэктар беларускай палітыкі заставаўся ў такім здранцьвелым стане. Зьвязана гэта і ў тым ліку з той акалічнасьцю, што заходняя супольнасьць патроху пераставала верыць у эфэктыўнасьць і дзеяздольнасьць асноўных гульцоў беларускай палітычнай апазыцыйнай сцэны. Сёлета як ніколі раней выявілася акалічнасьць, што беларускія палітычныя партыі ня могуць актыўна і эфэктыўна ўплываць на ход беларускай палітыкі.
На гэтым фоне зьяўленьне новай ініцыятывы прыцягвала ўвагу. Перш за ўсё, спрацавала тое, што “Гавары праўду” было цяжка параўнаць па сваёй актыўнасьці, агрэсіўнасьці, прамоцыі ў публічнай прасторы зь іншымі незалежнымі ініцыятывамі. Зь іншага боку, разгортваньне кампаніі адбывалася на фоне розных спэкуляцыяў, кружлялі чуткі (на маю думку, цалкам неабгрунтаваныя і беспадстаўныя) пра датычнасьць Расеі да гэтай кампаніі, пра моцную расейскую лапу. Гэта стварыла фон, на якім прэвэнтыўная рэакцыя беларускага рэжыму выглядае досыць заканамерна. Думаю, што ўлада зрабіла стаўку ня толькі на прэвэнтыўныя акцыі, скіраваныя на паралюш гэтай ініцыятывы. Мяркую, уладзе таксама цікава самой вызначыцца на падставе “доказаў”, што зьявяцца ў ходзе сьледзтва – адкуль гэтая ініцыятыва расьце, за якія рэсурсы прасоўваецца, і на якой стадыі знаходзіцца.
Цыганкоў: Сапраўды, магчыма, улады спалохаліся таго, што гэта кампанія – нешта новае, нетрадыцыйнае, што можа расхістаць сытуацыю. Ці ўлада найбольш спалохалася таго, што гэта кампанія можа спрацаваць на нейкага таямнічага кандыдата ў прэзыдэнты? Прынамсі, пакуль невядома, “пад каго” ладзілася гэта кампанія..
Быкоўскі: Я пагаджуся, што не было вызначана, пад якога кандыдата працуе кампаніі. Але было відавочна, што кампанія зробленая “пад” прэзыдэнцкія выбары. У некаторых інтэрвію Ўладзімер Някляеў даваў зразумець, што пойдзе на прэзыдэнцкія выбары, у некаторых казаў, што гэта пакуль ня вызначана – каб ва ўсіх заставалася магчымасьць гадаць на гэты конт. Ператрусы паказалі, што ў кампанію былі ўключаныя грамадзкія актывісты з трэцяга сэктару, а таксама актывісты АГП і партыі “Справядлівы сьвет”.
Акрамя таго, Някляеў казаў, што кампанію фінансава падтрымалі беларусы з Расеі. Такім чынам, прагучала слова Расеі, і тут можна ўзгадаць хваравітую рэакцыю ўладаў на спробу Міхаіла Марыніча заснаваць у Берасьці прадстаўнічы офіс “Единой России”. Кіроўны рэжым заўсёды вельмі хваравіта ўспрымаў любыя ініцыятывы, якія маглі паказаць, што нейкі палітык нібыта можа быць кандыдатам, падтрыманым Расеяй.
Тое, як ператрусы пайшлі па ўсёй краіне, нагадвае справу 2006-га году, справу “Партнэрства”. Тут рэжым нічога новага не зрабіў, але чарговы раз паказаў, наколькі актыўна яны “працуюць” зь любой ініцыятывай, якая прэтэндуе быць сур'ёзным гульцом на прэзыдэнцкіх выбарах.
“Лукашэнка, як і 5 і 10 гадоў назад, хоча быць адзіным у Беларусі прарасейскім палітыкам”
Цыганкоў: Але ці мае сэнс Расеі ставіць на кагосьці, акрамя Лукашэнкі? І другое – ці ёсьць нейкія рэальныя магчымасьці у Крамля ўплываць на вынік прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ці гэта размовы па інэрцыі?
Булгакаў: У мяне няма падставаў меркаваць, што Расея сур'ёзна незадаволеная Лукашэнкам. Я ня бачу падставаў, каб называць кампанію “Гавары праўду” прарасейскай ці фінансаваную расейскім бокам.
Лукашэнка тут нічога асабліва не мяняе. Як і 5 і 10 гадоў назад, ён хоча быць адзіным у Беларусі прарасейскім палітыкам. Ад гэтага залежыць ягонае палітычнае выжываньне. Таму узурпацыя права лічыцца адзіным прарасейскім палітыкам – гэта ня нейкая палітычная навацыя, а традыцыя, што склалася ў беларускай палітыцы апошнія 15 гадоў.
Цыганкоў: Што кажуць апошнія дзеяньні ўладаў пра тое, як будзе ісьці прэзыдэнцкая кампанія? Ці можна ўжо зараз прагназаваць, паводле якога сцэнару пойдзе выбарчая кампанія? Ці можна казаць, што лібэралізацыя цяпер ужо ўладам непатрэбная – і выбары пройдуць, як заўсёды?
Быкоўскі: Найхутчэй усё будзе як на мясцовых выбарах, толькі “на лепшым узроўні”. Бо мясцовыя выбары былі напачатку дастаткова адкрытыя, было шмат магчымасьцяў, якія, на жаль, ня здолела выкарыстаць апазыцыя. У апазыцыі проста не хапала рэсурсаў, каб пакрыць сваімі прадстаўнікамі ўсе выбарчыя камісіі. Выглядае, што і на прэзыдэнцкіх выбарах на нейкіх першых этапах усё будзе адкрыта, далей акажацца, што ў камісіях няма альтэрнатывы, што дапушчаныя толькі свае людзі, – і апазыцыя зноў будзе казаць, што няма магчымасьці кантраляваць падлік галасоў, і гэтак далей. Што тычыцца СМІ, то яны даўно кантраляваныя дзяржавай, і тут вялікіх пераменаў чакаць ня варта.
“Міжнародная супольнасьць цяпер ня робіць стаўку на каляровую рэвалюцыю ў Беларусі”
Цыганкоў: Ці могуць разбурыць такі ня самы аптымістычны сцэнар нейкія неардынарныя кампаніі, такія як “Гавары праўду”? Ці ёсьць у дэмакратыі магчымасьць парушыць гэты сцэнар?
Булгакаў: Міжнародная кан'юнктура зьмянілася, і міжнародная супольнасьць цяпер ня робіць стаўку на каляровую рэвалюцыю ў Беларусі, – а на мірную эвалюцыі беларускага рэжыму. На мой погляд, гэта будзе доўжыцца датуль, пакуль пасаду прэзыдэнта ЗША займае Барак Абама. Магчыма, калі прыйдзе новая, напрыклад, рэспубліканская Адміністрацыя, то палітыка ЗША зьменіцца, і стане больш падобнай на тую, якая была ў першай палове першага дзесяцігодзьдзя.
Гэты рэжым ужывае недазволеныя ў дэмакратычным грамадзтве мэтады і сродкі. Ён вымушае сваіх апанэнтаў выходзіць за прававое поле, якое сам і адвольна вызначае. Ягоная слабасьць у тым, што рэжым завязаны на свайго канструктара і ініцыятара Аляксандра Лукашэнку. Я ня думаю, што на гэтых выбарах будзе магчымасьць разбурыць гэты рэжым дашчэнту. Але беларуская грамадзянская супольнасьць, калі яны сканцэнтруецца і мабілізуецца, будзе здольная адваяваць сябе большы прасьцяг свабоды.
Я перакананы, што кампанія 2006 году мела вялікі вызваленчы сэнс. Бо так званая лібэралізацыя – гэта ня “рэч у сабе”. Гэта канструкт, які шмат у чым быў абумоўлены вялікімі грамадзянскімі спадзяваньнямі і дзеяньнямі ў сакавіку 2006 году.