Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Уладзімер Някляеў затрыманы як мінімум на трое сутак


Уладзімер Някляеў пасьля ператрусу на сваёй кватэры.
Уладзімер Някляеў пасьля ператрусу на сваёй кватэры.

Пасьля допыту 19 траўня намесьнік начальніка сьледзтва Ленінскага РАУС Аляксандар Касьцевіч паведаміў, што лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў затрыманы як мінімум на трое сутак і будзе зьмешчаны ў  турму на Акрэсьціна.


Лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» паэта Ўладзімера Някляева ўсю ноч трымалі ў Ленінскім райаддзеле міліцыі. На 9 гадзін раніцы быў прызначаны допыт, але яго перанесьлі на больш позьні час, бо трэба было заключыць дамову з адвакатам. Аб 11-й ў пастарунак прыйшла адвакат Мар’яна Сямешка, і пачаўся допыт. Доўжыўся ён прыкладна паўтары гадзіны. Спадара Някляева дапытвалі старшы сьледчы Ўладзімер Радзіміновіч і дзьве жанчыны-сьледчыя.

Як распавяла адвакат Мар’яна Сямешка, заведзеная крымінальная справа па артыкуле 250 — «Распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі»:

«Я напісала хадайніцтва, каб яго вызвалілі, таму што артыкул 250 Крымінальнага кодэксу гэта выключае. Ня можа распаўсюджвацца гэты артыкул на дадзены выпадак, таму што
Ня можа распаўсюджвацца гэты артыкул на дадзены выпадак.
ён тычыцца суб’ектаў гаспадараньня, і друкаваная прадукцыя павінна ўтрымліваць нейкую рэклямную інфармацыю пра тавары, работы, паслугі, то бок для спажыўца, пакупніка. Гэта зусім іншыя правадачыненьні. Тут максымум якое-небудзь адміністрацыйнае пакараньне».

Тым ня менш, намесьнік начальніка сьледзтва Ленінскага РАЎС Аляксандар Касьцевіч паведаміў, што спадар Някляеў затрымліваецца на трое сутак як падазраваны. Ён будзе зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Адвакат Мар’яна Сямешка паабяцала напісаць скаргу ў суд Ленінскага раёну на незаконнае ўтрыманьне свайго падабароннага, якую цягам сутак павінны разгледзець. Што да стану здароўя, маральнага стану паэта, яна кажа:

«Маральна ён трымаецца абсалютна спакойна, кажа: „Я гатовы“».

А палове на другую дня жонцы паэта Вользе дзяжурныя міліцыянты дазволілі перадаць ежу ў пастарунак міліцыі, бо аўтазак з канвоем, каб адвезьці спадара Някляева на Акрэсьціна, прыбудзе толькі ўвечары.

Што да начнога ператрусу ў кватэры, Вольга распавяла:

«У нас усе носьбіты інфармацыі забралі, два ноўтбукі, усе флэшкі, адну паштоўку „Гавары праўду!“, буклет і стос папер з працоўнага стала Ўладзімера Пракопавіча, не разьбіраючыся, адносяцца яны да справы ці не».

У чацьвер Някляева зноў прывязуць на допыт ў Ленінскі РАЎС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG