Цыганкоў: Чым можна патлумачыць такія жорсткія дзеяньні ўладаў супраць кампаніі «Гавары праўду»? Чаму ўлады адчулі для сябе пэўную небясьпекі ў грамадзкай актыўнасьці сябраў гэтай ініцыятывы?
Чавусаў: Відавочна, што кампанія была нацэленая на будучыя прэзыдэнцкія выбары, і таму такая нэрвовая рэакцыя рэпрэсіўных органаў — гэта падрыхтоўка да выбараў. Гэта зачыстка палітычнага поля ад тых структураў, якія скіраваныя на спалучэньне ўсходняга і заходняга вэктару ціску на беларускі рэжым.
У кампаніі «Гавары праўду» мы бачым тое, чым у свой час пагражаў рэжыму Аляксандар Казулін — пагроза выкарыстаньня расейскіх рэсурсаў зь беларускай рыторыкай і беларускімі традыцыйнымі апазыцыйнымі лёзунгамі. Гэта стала асабліва небясьпечна цяпер, калі стасункі з усходнім суседам сталі настолькі кепскія.
Цыганкоў: Улады найбольш занепакоены той непрадказальнасьцю і патэнцыялам, што стаіць за гэтай кампаніяй? Бо традыцыйныя палітычныя партыі ўладам добра вядомыя, як і іхнія хады і намеры…
Чавусаў:
Іншымі словамі, зараз у Беларусі больш спакойна быць «за свабоду» чым «за праўду».
Цыганкоў: Варта нагадаць, што ўжо некалькі тыдняў цягнецца гісторыя з выклікам на допыты незалежных журналістак Ірыны Халіп, Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш і Натальлі Радзінай. Ці кладзецца гэта ў зьвязаны ланцуг, ці можна казаць, што ўлады ўжо даюць зразумець, якімі мэтадамі яны будуць праводзіць прэзыдэнцкую кампанію?
Чавусаў: Відавочна, што рэпрэсіўны складнік падрыхтоўкі да выбараў застанецца ў арсэнале ўладаў. У гэтым сэнсе выбары будуць арганізаваныя паводле ранейшых схемаў. Але мы бачым і новае — улады пакідаюць права на легальны ўдзел у выбарах палітычным партыям, структураваным і ізаляваным ад шырокага грамадзтва. Усе астатнія ініцыятывы, больш амбітныя, якія выходзяць на шырокія пласты грамадзтва — будуць душыцца.