Што для вас свабода?
Незалежнасьць у шырокім сэнсе. Права абіраць працу, мову, краіну. І тых, хто побач.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Напэўна, мая ўласная недасканаласьць.
Што для вас шчасьце?
Працэс пошуку недасягальнай гармоніі паміж жаданым і магчымым.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Калі малодшыя сыходзяць раней за нас.
Які талент вы хацелі б мець?
Мне, у прынцыпе, хапае таго, што ёсьць. У іншым выпадку гэта быў бы ўжо ня я.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Захапляцца — гэта для дзяўчынак. Вельмі цікава адчуваць сябе сучасьнікам (а часам, калі пашанцуе, — і саўдзельнкам) Акудовіча, Вольскага, Анемпадыстава, Кашкурэвіча, Хадановіча і Рыжкова.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Калі так напраўду — дык нічога не рабіць. Глядзець старое кіно і слухаць біг-біт 60-х.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Паразмаўляў бы больш з нябожчыкам бацькам.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ня памятаю. Апошнім часам часьцей самому даводзіцца даваць парады. Зь пераменным посьпехам.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Рабі, што мусіш — і хай будзе, што будзе!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У той, якую можна не заўважаць.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У розных. Мяне вабіць мабільнасьць і адсутнасьць геапалітычных бар’ераў.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Як ні дзіўна, мне падабаецца зараз.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Я б тэрмінова прачнуўся))
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Проста зрабіцца ягонай часткай.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Звычайныя: прагматыка бязь лірыкі.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Яна мне не свая.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Яна ўжо мяняецца. Проста ня варта чакаць рэвалюцыяў.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Дык мы ўжо гаворым! Ці мы — не беларусы?
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Тое, што і было. На жаль.