Што для вас свабода?
Свабода – як паветра. Без свабоды чалавек жыць ня можа.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Маю свабоду ўжо абмяжоўвае толькі мой узрост.
Што для вас шчасьце?
Здаецца, адзін вядомы грузін сказаў: "Калі мой народ нешчасьлівы, то я не магу таксама пачувацца шчасьлівым". Я далучаюся да гэтых словаў.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Хваробаў, якія нясуць пагрозу жыцьцю. А ў іншым я даволі сьмелы чалавек.
Які талент вы хацелі б мець?
Такое пытаньне для мяне запознае. Я ўжо выкарыстаў усё тое, што мне было дадзена, і не мару пра іншыя таленты. Хоць зрабіў ня так шмат і ня так добра, як хацелася б.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
У Беларусі ёсьць людзі, кім можна захапляцца, але не магу назваць каго-небудзь аднаго.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Некалі я, вясковы хлопец, любіў фізычную працу. А цяпер люблю пісьменьніцкую, хоць пішу ўжо вельмі мала.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Напэўна, зьмяніў бы шмат што, але другога жыцьця пражыць немагчыма. Праўда, ня ведаю, ці згадзіўся б я, каб нават і была такая магчымасьць. Мне хапіла майго жыцьця.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Некалі ад школьных настаўнікаў, якія параілі мне не кідаць вучобы і не ісьці ў афіцэрскую вучэльню.
Які ваш улюбёны дэвіз?
У паўстанцаў быў пароль: "Каго любіш? - Люблю Беларусь! - Дык узаемна". Я далучаюся да гэтых слоў.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У дэмакратычнай, дзе правы чалавека не парушаюцца, дзе чалавек можа сказаць усё, што ён думае, і не баяцца, што яму здымуць скальп за гэта. Калі гаварыць пра цяперашні беларускі ўрад, то я не прымаю яго, бо ён адкінуў беларускую мову як непатрэбшчыну. А гэта, апроч усяго іншага, – грэх.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У якой нарадзіўся, а іншых краін ніякіх мне ня трэба.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У якой жыву, другой – не хачу.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Я сказаў бы: давайце будзем беларусамі ня толькі фармальна, і зь сёньняшняга дня давайце будзем гаварыць на роднай мове.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Адносіны ўзаемапавагі, узаемадапамогі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія, раўнапраўныя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Дыктатура ці свая ці чужая – гэта амаль адно і тое ж. Дыктатура для чалавека, для чалавецтва ніколі дабра не прыносіць.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Не кажу пра сябе, бо мая дарога ўжо канчаецца, але нашы дзеці і нашы ўнукі будуць жыць у дэмакратычным грамадзтве.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Вось тады яны і загавораць па-беларуску, калі сапраўдная дэмакратыя будзе ў Беларусі.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Такога ня можа быць, інакш мы ўвойдзем у гісторыю як народ, які сам сябе загубіў.