Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Віктар Казько


Віктар Казько
Віктар Казько

Віктар Казько — пісьменьнік. Нарадзіўся ў 1940 годзе ў Калінкавічах. У вайну страціў бацькоў, выхоўваўся ў дзіцячым доме, потым працаваў у Кемераве і Кузбасе. Да 1978 году пісаў па-расейску. Вярнуўшыся на радзіму, перайшоў на беларускую мову, працаваў у газэце «Чырвоная зьмена», у часопісе «Нёман». Аўтар кніг «Неруш», «Суд у Слабадзе» (Дзяржаўная прэмія Беларусі 1982 году), «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел», «Дзікае паляваньне ліхалецьця», «Бунт незапатрабаванага праху» ды інш. Жыве ў Менску.



Што для вас свабода?

Ростань. Перакрыжаваньне некалькіх дарог, і я без прымусу і забароны магу пайсьці па той, якая мне любая.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Ростань. Страта свабоды выбару. Прымус, падпарадкаваньне чужой волі.


Што для вас шчасьце?


Жывыя і здаровыя дзеці.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Цяпер ужо нічога. Хаця ─ быць сьмешным.


Які талент вы хацелі б мець?


Талент жыць весела і з асалодай.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Сваёй бабуляй, якая пражыла 113 гадоў і памерла пры памяці, вітаючы сваю сьмерць.


Што вы найбольш любіце рабіць?


Рабіць ─ нічога. Але без работы не магу. Галава і рукі ўвесь час павінны быць занятымі, каб не адмерлі.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмяні
лі?

А нічога. Бо гэта б значыла выракчыся самога сябе. А я сябе хоць і ня надта люблю, але ж куды дзенесься…


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Парад не трываю і не прызнаю. Хаця слухаю ўсё, ківаю згодна галавой. А раблю па-свойму.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Дэвізу няма, а ёсьць любае мне выказваньне цуцыка Фафіка: «Людзі чамусьці думаюць, што мы любім косьці, а мы любім мяса…»


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Больш за ўсё ненавіджу палітыку і палітычныя сыстэмы, бо няма нічога на сьвеце больш хлусьлівага за іх.Спадзяюся, што хоць на тым сьвеце нічога падобнага нямашака.


У якой краіне вы хацелі б жыць?


У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Усё ж мне больш даспадобы каменны век. Ці нават імгненьне стварэньня жыцьця: неба, зямлі, чалавека, — калі яшчэ нішто не апаганена.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Гэта пытаньне не да мяне. Бо мяне гідзіць ад любой улады. А ад высокіх пасадаў мне млосна: як ні круці, як ні круціся ─ усё роўна запэцкаесься.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Добрыя. На ўзаемавыгоднай аснове.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Такія ж, як і з Эўразьвязам: разумныя, без біцьця чарак, ірваньня сарочак, біцьця ў грудзі і клятваў у братняй любові і вернасьці.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Пошасьць, поскудзь, брыдота. Гэта і ёсьць быдла, нявартае людзьмі звацца. А быдлу ─ быдлячае.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Гэта непрадказальна, як і тое, калі выбухне вулкан і адбудзецца землятрус. Людзі берагуцца ямаў і калдобінаў, а спатыкаюцца на саломінцы, сьлепнуць ад парушынкі. Калі і як? Калі смажаны певень у адно месца дзеўбане.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Як у свой час гаварыў пісьменьнік і крытык Уладзімер Калесьнік, калі кароль загаворыць на матчынай мове. А жаданьне ў народа, асабліва ў моладзі, гаварыць на роднай мове — вялікае. І яно відавочна мацнее.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Калі загаворым — людзьмі станем. А так… зьнікнем бяз сьледу, знаку, сьлёз і памяці аб сабе.
















Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG