Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Што застаецца рабіць людзям, калі па-іншаму прэзыдэнт уладу не саступае "


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 12 траўня 2010 году

Галоўная палітычная падзея, якая чакае Беларусь напрыканцы гэтага ці на пачатку наступнага году — прэзыдэнцкія выбары. Нашы слухачы і наведнікі інтэрнэт-старонкі, якія пішуць з гэтай нагоды, не сумняюцца, што ўлады паспрабуюць правесьці выбарчую кампанію паводле таго ж сцэнару, які быў апрабаваны на нядаўніх выбарах у мясцовыя Саветы. Што гэта быў за сцэнар? Якім чынам ён ажыцьцяўляўся?

Наш слухач з пасёлку Чысьць Маладэчанскага раёну — Аляксандар Раткевіч, які актыўна ўдзельнічаў у мінулай кампаніі, адмежаваўшыся пры гэтым і ад улады, і ад апазыцыі, у сваім лісьце на "Свабоду" апісвае ўласны досьвед і зробленыя на яго падставе высновы (цытую ліст) :

"Вылучаюць у дэпутаты тых, каму праблемы простых людзей абыякавыя. Ён займае пасаду кіраўніка ці намесьніка кіраўніка прадпрыемства — калі яму выконваць дэпутацкія абавязкі? А многія і ня маюць жаданьня гэтым займацца.

Апошнім часам можна пачуць: "Хто б ні прыйшоў, нам лягчэй ня стане". Лічым, што гэта — пазыцыя тых людзей, якія рвуцца да ўлады любым коштам. Гэта яны распаўсюджваюць такія думкі, пераступаюць празь любога прыстойнага чалавека, абліваюць яго брудам, каб дасягнуць сваёй мэты. А ўрэшце падрываюць давер народу да выбарчага права. Вось таму на мінулых выбарах мы вырашылі не аддаваць свае галасы ні апазыцыянэрам, ні ўладным кандыдатам, а вылучыць тых людзей, што жывуць сярод нас, якіх мы добра ведаем. І вылучылі — амаль у палове з 15 акругаў сельсавету. На жаль, у некаторых нашых вылучэнцаў не хапіла сілаў і сьмеласьці працягваць барацьбу. А сяму-таму было адмоўлена ў рэгістрацыі. Іхныя месцы ў акругах адразу ж занялі так званыя "вечныя" дэпутаты ад улады, якіх мы ніколі ня бачым і ня чуем.

Выбарчая кампанія праходзіла вельмі складана. Нашым кандыдатам не было ніякай падтрымкі ні ад сельсавету, ні ад выбарчай камісіі. Зь цяжкасьцю ўдавалася выбіваць законныя сродкі на агітацыю. Нашы ўлёткі ўвесь час зрывалі невядомыя. Быў наладжаны татальны кантроль за нашымі кандыдатамі — ці не дапускаюць яны парушэньняў. А вось прыўладным кандыдатам — поўнае спрыяньне. Не забаранялі нават распаўсюджваць улёткі ўласнага вырабу. Дый як будзе рэагаваць тая камісія, калі ў ёй самой — поўна парушэньняў? Ва ўсіх камісіях некаторыя сябры адначасова былі і кандыдатамі. Дзейнічалі паводле прынцыпу: "Ты выберы мяне, а я — цябе".

Які вынік? Ніводнага нашага вылучэнца ў дэпутаты не прапусьцілі. Мы падалі заяву з патрабаваньнем пералічыць галасы. Адказалі адмовай.

Цалкам расчараваныя, бязь веры ў будучыню і ў справядлівасьць такіх выбараў вяртаемся мы да свайго паўсядзённага жыцьця. Як горка і крыўдна гэта ўспрымаць! Мы не належым ні да якіх партыяў і рухаў — проста паспрабавалі выкарыстаць сваё канстытуцыйнае права быць выбранымі. А атрымліваецца, што гэтым правам у нашым пасёлку могуць карыстацца далёка ня ўсе"
.

Зьвярну ўвагу на вашы, спадар Аляксандар, папрокі на адрас тых людзей, якія, як вы пішаце, "падрываюць давер народу да выбарчага права". Ну вось вы паспрабавалі замацаваць гэты давер, даказаць, што можна сумленным і справядлівым шляхам заваяваць сымпатыі людзей і трапіць у сельскі савет. І што з вашых намаганьняў атрымалася?

А справа найперш у выбарчым заканадаўстве, якое дазваляе ўладзе каго заўгодна прызначаць у выбарчыя камісіі, праводзіць татальнае, нікім не кантраляванае папярэдняе галасаваньне, не дапускаць назіральнікаў да падліку бюлетэняў... Пры такой выбарчай сыстэме, дзейнасьць якой дасканала адпрацавана за дзесяцігодзьдзі так званай "савецкай дэмакратыі", вынікі любых выбараў загадзя перадвызначаныя. І ваша няўдалая спроба даказаць адваротнае — толькі пацьвярджае, што савецкая выбарчая сыстэма ў Беларусі адноўлена амаль цалкам.

Адна з тэмаў, якія апошнім часам актыўна абмяркоўваюць нашы слухачы і аўтары, — лёс зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Пасьля крывавых падзеяў у Бішкеку ён уцёк са сваёй краіны і знайшоў прытулак і абарону ў беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Наш даўні слухач Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну з гэтай нагоды піша:

"Даваць прытулак такому чалавеку, як Бакіеў, прынамсі амаральна. І не зусім лягічна. Вось Лукашэнка рэзка адмоўна выказваецца пра такі сцэнар зьмены ўлады, які ажыцьцявілі ў Кіргізстане. І адначасова Беларусь застаецца адзінай краінай у сьвеце, дзе на дзяржаўным узроўні сьвяткуюць бальшавіцкі пераварот 1917 году, у выніку якога пралілося мора крыві.

Лукашэнка кажа, што Бакіеў абараняў сябе і народ. Але гэта зусім ня так. Ён абараняў сваю ўладу ад уласнага народу. А што застаецца рабіць людзям, калі па-іншаму прэзыдэнт уладу не саступае, а наладжвае рэфэрэндумы, на якіх пры дапамозе сваёй прадажнай выбарчай камісіі маніпулюе вынікамі і такім чынам абвяшчае сябе вечным прэзыдэнтам?

Праўда, у нас кіргіскага сцэнару ня будзе. Народ запалоханы да крайняй ступені. Дзеля таго каб трымаць людзей у цуглях, прыдумана шмат розных спосабаў. Адна кантрактная сыстэма чаго вартая. А тое, што ўказам літасьціва дазволена з самымі адданымі заключаць бестэрміновыя кантракты, дык гэта яшчэ горш. Цяпер кожны будзе спрабаваць рознымі шляхамі больш спадабацца свайму начальніку.

Прэзыдэнт кажа, што будзе абараняць сваю ўладу да апошняга патрона. Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца. Калі прэзыдэнт сустракаецца з народам, які яго так любіць, бачна, колькі малайцоў у аднолькавых касьцюмах з рацыямі ў руках закрываюць яго сваімі шырокімі сьпінамі ад гэтага народу"
.

Былы кіргіскі прэзыдэнт Курманбек Бакіеў, які хаваецца цяпер недзе ў беларускіх лясах, таксама ня меў недахопу у малайцах з шырокімі сьпінамі. І адстрэльвацца спрабаваў, і незалежныя мэдыі забараняў, і лідэраў апазыцыі арыштоўваў, і ўласнага сына ў пераемнікі сабе рыхтаваў... Лёгіка дзеяньняў усіх аўтарытарных правадыроў аднолькавая, бо аднолькавая мэта — любой цаной захаваць уласную ўладу. Але той жа Бакіеў на ўласным досьведзе пераканаўся, што ніякія шырокія сьпіны не дапамогуць, калі народнае абурэньне хлусьнёй і крывадушнасьцю даходзіць да крайняга пункту. Тады гэтае абурэньне пераадольвае і страх, і пагрозы, і нават стрэлы. У народных рэвалюцый — свая лёгіка.

Мы працягваем атрымліваць лісты ад тых нашых даўніх слухачоў, якія выказваюцца наконт праграмаў "Свабоды", даюць свае ацэнкі, робяць заўвагі, зьвяртаюцца ў рэдакцыю з прапановамі і просьбамі. Далей у праграме — некалькі такіх допісаў.

Вось што піша Марыя Жукевіч з Горадні:

"Лічу, што "Свабода" — крыніца самых сьвежых і праўдзівых навінаў. Люблю слухаць перадачы на тэмы гісторыі, літаратуры, а таксама меркаваньні слухачоў. Атрыманай інфармацыяй дзялюся зь сябрамі, суседзямі, бо ня кожны мае прыёмнік. Дый пры выпадковых гутарках пра пачутае па "Свабодзе" часам заходзіць гаворка".

У Анатоля Адаменкі з Гомелю, як і ў многіх іншых удзельнікаў Клюбу сяброў "Свабоды" — просьба , зьвязаная зь нядаўнім выхадам дыску з запісамі беларускіх бардаў. Слухач піша:

"Калі ўдасца атрымаць дыск "Барды Свабоды", дык з дапамогай суседа я змагу яго паслухаць. А потым і сам набуду для сябе неабходнае прыстасаваньне. З суседам мы зрэдку разам слухаем вашы перадачы. Ён таксама чытае газэту "Народная Воля", якую я выпісваю. У асноўным мы пагаджаемся, але бывае, што і спрачаемся".

Аўтар яшчэ аднаго ліста, Міхась Маліноўскі з Баранавічаў, інфармуе пра тое, як распарадзіўся дасланымі яму, як і многім іншым удзельнікам Клюбу сяброў "Свабоды", рэклямнымі каляндарыкамі з нашым летнім раскладам. Ён піша:

"Атрыманыя ад вас каляндарыкі "Свабоды" ў колькасьці 3 асобнікі хутка разьляцеліся на аўтобусным прыпынку, а чацьверты застаўся мне на памяць — як засталіся па адным асобніку і ўсе ранейшыя".

Наступны кароткі допіс даслаў нам Пётар Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну. Слухач піша:

"Звычайна слухаю "Свабоду" амаль штодня, але цяпер, папраўдзе, не заўсёды ёсьць вольны час, бо вясна прыйшла, шмат рознай працы ў вёсцы. Апошнія тыдні часьцей слухаў польскія радыёстанцыі — у сувязі зь вялікай трагедыяй — авіякатастрофай прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам. Спачуваю ўсім родным і блізкім трагічна загінуўшых".

Яшчэ адзін наш слухач, Мікалай Козіч зь Менску, зьвяртаецца ў рэдакцыю з наступнай прапановай (цытую ліст):

"У "Званках на Свабоду" часта гучыць голас аднаго слухача, які называе сябе Зіноўевым. Такі схільны да лаянкі дзядзька: ахайваў ён і грузінскі народ, і прэзыдэнта Грузіі, і ўкраінцаў, і Юшчанку, і Мілінкевіча, і Лябедзьку. А вось пра Лукашэнку нічога кепскага ніколі не сказаў. І куды падзеліся Ганчар і Захаранка, хто іх загубіў — таксама маўчыць гэты прыхільнік Лукашэнкі. Цікава было б даведацца, што за чалавек гэты Зіноўеў. Мусіць, ён з КГБ. Вы там на радыё даведайцеся ды раскажыце слухачам, каб ведалі".

"Званкі на Свабоду" тым і каштоўныя, што людзі, якія тэлефануюць нам, разьняволеныя, гавораць тое, што думаюць, не баяцца цэнзуры і перасьледу. Калі ж мы, спадар Мікалай, пачнем высьвятляць анкетныя дадзеныя, ды яшчэ правяраць на прадмет супрацоўніцтва са спэцслужбамі — ці пачуем у такім разе ад сваіх слухачоў шчырыя меркаваньні?

На заканчэньне — кароткі ліст ад Міхася Дынько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну. Слухач піша:

"Кантрактная сыстэма, якую ўкаранілі ў Беларусі пры Лукашэнку, ператварае працаўнікоў — стваральнікаў матэрыяльных каштоўнасьцяў — у безгалосых рабоў. Гаварыце часьцей пра гэта. Другая прапанова — часьцей праводзьце на "Свабодзе" сустрэчы са знакамітымі пісьменьнікамі, якіх зараз мала друкуюць у дзяржаўных выданьнях. Калісьці вы даслалі мне за ўдзел у конкурсе дыск "Быкаў на Свабодзе", які я вельмі шаную і даволі часта слухаю. Для мяне Быкаў ды іншыя сапраўдныя інтэлігенты — гэта сумленьне— Беларусі".

Мы ўдзячныя вам, спадар Міхась, за слушныя і цікавыя прапановы. Гэтыя тэмы ўжо ня раз гучалі ў нашым эфіры. Ня будзем губляць іх з поля зроку і ў будучыні.

Рады таксама паведаміць, што і вы, і ўсе іншыя ўдзельнікі Клюбу нашых сяброў, якія зьвярнуліся з просьбай пра нядаўна выпушчаны дыск "Барды Свабоды", неўзабаве атрымаеце яго ў якасьці падарунка.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG