Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адметнае сёлетняе пасланьне Аляксандра Лукашэнкі?


Прэзыдэнт Беларусі выступіў з штогадовым пасланьнем Нацыянальнаму сходу і народу. Якое агульнае ўражаньне ад выступу? Якія задачы і праблемы абазначаны ў эканамічнай сфэры? Чаму такія рэзкія выказваньні на адрас Расеі?


Удзельнікі: журналіст газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч


Агульная ацэнка выступу


Валер Карбалевіч: «Адметнасьць сёлетняга пасланьня палягае ў тым, што, па-першае, 2010 год — апошні год пяцігодкі. І можна было чакаць, што Лукашэнка будзе падводзіць вынікі, рабіць пэўную справаздачу. Па-другое, гэта апошняе пасланьне перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Ці адчувалася гэта?»

Паўлюк Быкоўскі: «Сёлетняе пасланьне апынулася на гадзіну даўжэй за мінулагодняе. Упершыню за шмат гадоў па тэлевізіі паказалі адказы Лукашэнкі на пытаньні дэпутатаў. Менавіта ў гэтай частцы ён зрабіў амаль сэнсацыйную заяву пра тое, што экс-прэзыдэнт Кыргызстана Бакіеў з сям’ёй знаходзіцца ў Беларусі.

У пасланьні шмат абяцаньняў, якія неканкрэтныя. Зьвярнула на сябе ўвагу абяцаньне выдаць дырэктыву № 4 пра лібэралізацыі эканомікі. Хоць веры ў тое, што ў Беларусі адбудзецца эканамічная лібэралізацыя, няма».

Аляксандар Класкоўскі: «Пасланьне фармальна можна разьбіць на дзьве часткі. Ёсьць напісаны кананічны тэкст, і ёсьць імправізацыі, лірычныя адступленьні. Дык гэтыя адступленьні больш эмацыйныя, шчырыя і часта разьбіваюць у пух тэзы, выказаныя ў першай частцы.

У першай частцы адзначаецца, што беларуская мадэль вытрымала выпрабаваньне крызысам, Беларусь — адзіная краіна цывілізавана сьвету, якая не да каго не далучылася і мы не перад кім не згінаемся. А потым адступленьне ад тэксту і высьвятляецца, што мы на каленях стаялі перад пэўнымі міжнароднымі арганізацыямі (МВФ), каб выканаць абавязкі перад народам.

З аднаго боку, Лукашэнка кажа, што ўжо не тыя часы, калі мы прасілі ў Чэхіі 30 млн. даляраў. Сапраўды, цяпер бярэм 3,5 млрд. даляраў у МВФ. Калі казаць пра эканоміку, то прагучала знаёмая філязофія аўтарытарнай мадэрнізацыі. Увогуле дамінаваў вытворчы складнік.

Ідэалягічны блёк зусім замшэлы. Гэта выявілася ў падыходзе да літаратуры, кіно. З такімі вульгарнымі патрабаваньнямі шэдэўраў ня будзе. А ў палітыцы зьменаў ня будзе. Улады гатовыя да жорсткага адказу, калі апазыцыя паспрабуе падчас выбараў зладзіць забурэньні. У вонкавай палітыцы будзе працягвацца курс змушанай шматвэктарнасьці і балянсаваньня».


Задачы ў эканамічнай сфэры


Карбалевіч: «Найбольш увагі Лукашэнка ўдзяліў эканоміцы. Задачы, якія пастаўлены, выглядаюць сымпатычна: інавацыйная эканоміка, новыя тэхналёгіі, лібэралізацыя, замежныя інвэстыцыі. Але выканаць гэтыя задачы прапануецца старымі адміністрацыйнымі мэтадамі. Колькі разоў Лукашэнка дае загад спрасьціць падатковую сыстэму, а вынікаў няма».

Быкоўскі: «Абяцаньні Лукашэнкі былі неканкрэтнымі. Хіба што абяцаньне ня ўносіць ў нарматыўныя акты зьменаў цягам году. Але чаму на бізнэс ціснулі раней? Вось Лукашэнка абурыўся павышэньнем арэнднай платы. Але гэта ж робіць кіраўніцтва справамі прэзыдэнта».

Класкоўскі: «Лукашэнка прапанаваў мадэль дырэктыўнай лібэралізацыі. На гэтую тэму будзе прынятая дырэктыва.
Ідзе нагрувашчваньне адміністрацыйных рашэньняў. Няма сыстэмнага асэнсаваньня, чаму ўлада наступае на тыя ж граблі.
Але адначасова прагучаў папрок на адрас кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнту, што кепска выконваецца дырэктыва пра дэбюракратызацыю. Потым ён папракнуў прэм’ера Сідорскага за тое, што не працуе дырэктыва пра эканомію і ашчаднасьць. Ідзе нагрувашчваньне адміністрацыйных рашэньняў. Няма сыстэмнага асэнсаваньня, чаму ўлада наступае на тыя ж граблі. Пры гэтым Лукашэнка хваліцца, што краіна кіраваная. Створаная выканаўчая вэртыкаль. А элемэнтарныя пытаньні не вырашаюцца.

Зноў жа, чаму чыноўнікі доўга марынуюць праекты замежнікаў. І тут жа прэзыдэнт кажа, што прыйдзе да вас дзяржкантроль, здыме штаны і выкіне на вуліцу. А гэта не спрыяе разьняволеньню ініцыятывы, чыноўнікі лічаць, што лепш перастрахавацца. Але гэтыя адміністрацыйныя путы на нагах разрэзаць улада не рашаецца».


Дачыненьні з Расеяй


Карбалевіч: «Здаецца, у ніводным ранейшым пасланьні не было такой крытыкі Расеі. Лукашэнка кажа, што нават нашы ворагі — МВФ — дапамаглі, а РФ — не. То бок, цяпер Масква — галоўны вораг? Прычым справа не ў эканоміцы, а ў сьвядомай палітыцы кіраўніцтва Расеі, якое сваімі дзеяньнямі паставіла ня мяжу выжываньне беларускую дзяржаўнасьць. Прычым, заява Лукашэнкі, што „каляровай рэвалюцыі“ ў Беларусі ня будзе зроблена у кантэксьце дачыненьняў з Расеяй».

Быкоўскі: «Было аб’яўлена, што хутка адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі. Выглядае, што мы знаходзімся напярэдадні нейкай новай вайны з нашым галоўным саюзьнікам.

Лукашэнка ўсе падзеі тлумачыць проста. Ён лічыць, што Расея зрабіла рэвалюцыя ў Кыргызстане. Таму РФ — небясьпечны сусед, які можа ўмяшацца у справы Беларусі, падтрымаць апазыцыю і незалежныя мэдыі».

Класкоўскі: «Прагучалі звыклыя крыўды на Расею, што яна ўзяла курс на прагматызацыю. Хоць мы адзін народ, разам ваявалі падчас апошняй вайны.

Але зьявіліся і новыя элемэнты шантажу. Вось РФ узяла абавязкі перад ЗША вывесьце з Беларусі ўран, а мы будзем таргавацца. Расея водзіць нас за нос з АЭС, а мы зьвернемся да Кітая. Гэтая гульня рызыкоўная. Але ёсьць разьлік, што імкненьне Расеі рэалізаваць важныя для яе праекты, кшталту Мытнага зьвязу, прымусяць яе да саступкаў. Таму, думаю, у перадвыбарчы пэрыяд біцьця посуду ня будзе»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG