Што для вас свабода?
Свабода — гэта магчымасьць рэалізацыі здольнасьцяў, талентаў чалавека і імкненьняў да лепшага жыцьця.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Дыктат.
Што для вас шчасьце?
Я адчуваю шчасьлівыя хвіліны, калі прыяжджаю на бацькаўшчыну, выходжу на ганак і сустракаю сонца. Я адчуваю шчасьце, калі ўдала завяршаю нейкую задуму. Я шчасьлівы, калі ў маіх родных усё атрымліваецца. Я — аптыміст і таму я часта адчуваю сябе шчасьлівым.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Мяне палохае маштаб маральнай дэградацыі нашага грамадзтва, найперш — сьпіваньне нашых людзей.
Які талент вы хацелі б мець?
Пэдагагічны. Мая мама была настаўніцай. Яна працавала зь дзецьмі пасьля вайны, а тады шмат у школе было пераросткаў — гэта ня просты вучнёўскі калектыў. Але яна ніколі ні на кога не крычала, ніколі не сварылася. Я часам сустракаю яе тых былых вучняў і яны заўсёды мне пра гэта кажуць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
У сёньняшнім часе шмат годных людзей, якімі я захапляюся. Гэта і людзі старэйшага пакаленьня — Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. Гэта і мае аднагодкі, гэта і наша мужная моладзь. Але я хацеў бы тут адзначыць сваю жонку Натальлю. Я захапіўся ёю даўно-даўно і не перастаю захапляцца і цяпер. Дагэтуль, а мы ж ужо не маладыя людзі, яна ня страціла здольнасьці вучыцца, яна валодае незвычайным тактам, залагоджваючы непаразуменьні, нейкія нязгоды ў нашай сям’і. І калі наша сям’я згуртаваная, дык гэта толькі дзякуючы ёй. На ўсім людзкім, што мне да гэтага ўдалося зрабіць, ёсьць знак ейнага ўдзелу або ейнай ахвярнай падтрымкі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Я люблю сваю працу. Я люблю займацца ранішняй гімнастыкай. Я люблю фізычную працу — касіць, пілаваць дровы, біць дровы. Люблю быць у сваёй сям’і. Люблю сустракацца з сябрамі. Люблю бываць на радзіме.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
У маім жыцьці было некалькі прыкрых момантаў, калі я міжволі словам ці ўчынкам крыўдзіў сваіх блізкіх людзей. Сёньня ўжо няма ў каго папрасіць прабачэньня і таму, калі б давялося нешта зьмяніць, то я ўлічыў бы гэта.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Памятаю, у першай клясе прыбег аднаго разу дадому, а тата якраз печ разьбіраў. Ну і я яму пахваліўся, што атрымаў пяцёрку. Але, відаць, тон мой быў такі, што тата так сур’ёзна на мяне паглядзеў і я зразумеў, што я не зусім так выказаўся. Пазьней ён пару разоў паўтарыў прымаўку: «Хто сябе хваліць, хай таго пярун спаліць». Гэта была першая навука. А вось другі раз, калі я рабіў Слоўнік прыказак, прымавак і фразэм, і прынёс Фёдару Міхайлавічу Янкоўскаму пачатковы варыянт, то ён зрабіў заўвагі больш не па зьмесьце, а паводле формы, сказаўшы, што трэба яшчэ падумаць, як гэта падаць. Але, відаць, ён убачыў у маіх вачах упэўнегнасьць, што мая праца больш-менш ужо гатовая, то й дадаў: «Хутка каты робяцца ды сьляпыя родзяцца». Гэта была другая навука.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Працуй пільна, і тут будзе Вільня.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У той палітычнай сыстэме, якая не прыгнятае чалавека, а робіць яго свабодным.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Па гэтай зямлі хадзілі мае бацькі, дзяды і прадзеды і гаварылі на гэтай мове. Гэта мая зямля і мая мова.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Я ўдзячны Богу, што ён даў мне пражыць у гэтым часе.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Я не хацеў бы быць кіраўніком Беларусі. Але каб так здарылася, што мяне абралі б на нейкую пасаду і ў мяне былі б на гэта паўнамоцтвы, то я б паздымаў з пасадаў усіх тых чыноўнікаў, якія ажыцьцяўляюць русыфікацыю Беларусі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Беларусь павінна сябраваць з Эўразьвязам, Але я б не імкнуўся ў Эўразьвяз так, як некаторыя. Мне ня ўсё там імпануе і перш за ўсё тое, што кіраўніцтва Эўразьвязу адсоўвае на задні плян традыцыйныя каштоўнасьці, перадусім хрысьціянскія каштоўнасьці. Гэта вялікая памылка, і я думаю, што пройдзе пэўны час і Эўразьвяз сутыкнецца зь велізарнымі праблемамі. Але тады паправіць гэтую памылку ўжо будзе немагчыма.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Гэтакія ж, як зь іншымі краінамі.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Дыктатура — гэта не такая ўжо і ўнікальная зьява. Мы і з гісторыіпра іх ведаем, і сёньня ёсьць дыктатуры ў сьвеце. Але пагадзіцеся: нідзе не зьнішчаецца свая дзяржаўная мова, нідзе ня бэсьціцца айчынная гісторыя. Гэта наводзіць на думку, што ў нас — не свая дыктатура. І таму я ня бачу розьніцы паміж «сваёй» у двукосьсі і чужой. Ці кіем ці палкай — адной паганялкай.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Цяжка сказаць — калі Бог дасьць.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
На мой погляд — гэта не зусім карэктнае пытаньне, бо цяпер шмат хто з нашых суайчыньнікаў, і ня толькі беларусаў, гаворыць па-беларуску. Хто ў сям’і, хто на працы, хто зь сябрамі — яны карыстаюцца мовай. Пра гэта, урэшце, гавораць і вынікі апытаньняў. Іншае пытаньне — калі беларуская мова запануе ў Беларусі? Я думаю, што гэта адбудзецца гадоў празь дзесяць пасьля таго, як да ўлады прыйдзе кіраўніцтва, якое разумее нацыянальныя інтарэсы.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Я думаю, што папярэдні мой адказ касуе гэтае пытаньне. Яны гавораць.