Што для вас свабода?
Напэўна - адсутнасьць адказнасьці. Дакладней - магчымасьць выбіраць самому ступень і форму адказнасьці. Я маю на ўвазе не адказнасьць за парушэньне базавых агульначалавечых прынцыпаў, кшталту: “не забі, не скрадзі”, а грамадзка-сацыяльныя рытуалы, ці, скажам, пануючыя эстэтычныя каноны.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Адпаведна - навязаныя звонку нормы адказнасьці.
Што для вас шчасьце?
Шчасьце... Спакой, роўны настрой, упэўненасьць, любоў, павага, магчымасьць будаваць сваё жыцьцё самому і выбіраць... магчымасьць працаваць і вызначаць свае ўласныя прыярытэты, кантраляваць свой час... канечне - каханьне...
Чаго вы найбольш баіцеся?
Я баюся абсалютна ўсяго. Таму, відаць, не баюся нічога.
Які талент вы хацелі б мець?
Усе магчымыя, у тым ліку і талент не закапваць у зямлю свае таленты.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Я захапляюся людзьмі як такімі, як біялягічнымі адзінкамі, непаўторнымі ва ўсім. Ня ведаю, здаецца, нічога больш захапляльнага за выгляд сучаснага гарадзкога натоўпу - струмень розных колераў, твараў, гукаў, рухаў, пахаў - я ня бачыў.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Нічога. Я даўно высьветліў і зразумеў, што створаны для таго, каб быць вельмі багатым і вельмі здаровым, бо больш за ўсё я люблю ляжаць на канапе і піць шампанскае, чытаючы кніжкі. Ну, часам, і нешта пішучы, дзеля самавыяўленьня, так бы мовіць...
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Усё, мяркую, уключна з полавай прыналежнасьцю. Калі даецца такі шанец, навошта ж марнаваць яго на ўжо вядомае?
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Можа быць: «Калі ня хочаш, каб сьмяяліся зь цябе, смейся зь сябе сам».
Які ваш улюбёны дэвіз?
У мяне ёсьць плебейская схільнасьць да калямбураў, прыгожых фразаў, цытататаў. Таму я часта мяняю дэвізы і, як любы эрудыт, маю ў галаве шмат прыкладаў, зь якіх выбіраю ў адпаведнасьці з настроем і іншымі абставінамі.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Дэмакратыя найменш эфэктыўная і найдаражэйшая сыстэма. Найэфэктыўнейшая, як выглядае, згодна з традыцыяй, - асьвечаная тыранія. Але нават самыя прагрэсыўныя тыраны паміраюць і ўлада пераходзіць да іх дэбільных нашчадкаў (я ўжо не кажу пра тыранаў звычайных, то бок - тупых і злосных). Таму ўсё ж у дэмакратыі, бо гэта адзіная вядомая мне сыстэма, якая мае магчымасьць абнаўляцца, што гарантуе ад застою.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Я хацеў бы жыць на зямным шары без дзяржаўных межаў.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Ня ведаю, але будучыня мяне вабіць значна больш, чым мінулае.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Можа быць, вярнуў бы сымболіку. Нат ня з нейкіх высокіх прычын, а проста таму, што сёньняшняя агіднасьць - гэта проста абраза любому больш-менш добраму мастацкаму густу.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Беларусь павінна быць членам ЭЗ.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Расея таксама павінна быць членам ЭЗ.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Я не цярплю ніякага прымусу, таму дыктатура, нават найлепшага кшталту, для мяне ня ёсьць альтэрнатывай.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Я думаю, хутчэй, чым здаецца на першы погляд. Дэмакратычным шляхам.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі пачнуць усьведамляць сябе часткай эўрапэйскай і сусьветнай супольнасьці.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Беларуская мова, відавочна, стане экзатызмам, але зусім, як мне падаецца, ня зьнікне.