Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта піць ваду з-пад крана


Менскія чыноўнікі сьцьвярджаюць, што жыхары сталіцы могуць, не турбуючыся, піць ваду з-пад крана, бо якасьць яе цалкам адпавядае санітарна-гігіенічным нормам. Тым часам жыхары гэткіх менскіх раёнаў, як Сухарава, Захад і некаторых іншых лічаць, што якасьць вады з-пад крана відавочна нэгатыўна адбіваецца на якасьці іх жыцьця. Адпаведна, і залежнасьць ад якасьці вады — значная. Ці можна быць пэўным у бясьпецы вады, якую мы п’ем?

На думку Ірыны Жэўняк, доктара-гігіеніста аддзяленьня камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, якасьць пітной вады з-пад крана ў Менску цалкам задавальняльная:

«Для Беларусі бутыляваная вада — неактуальнае пытаньне. У нас не стаіць такая праблема — якасьць вады ў нашым водаправодзе».

І калі параўноўваць наш і замежны досьвед, то Беларусі чырванець няма за што, кажа Анатоль Чарнаморац, намесьнік начальніка вытворчасьці прадпрыемства «Мінскводаправод»:

«Нашы паказьнікі нічым не саступаюць замежным. У нечым яны наперадзе, у нечым наперадзе — мы, безумоўна. Некаторыя вартасьці вады ў нас больш жорсткія паказьнікі маюць. Я думаю, у сярэднім мы прыкладна на аднолькавым роўні ідзем паводле паказьнікаў якасьці».

Іншая справа, кажа сп. Чарнаморац, што ўласна нарматывы ацэнкі вады не прадугледжваюць яе смакавых вартасьцяў:

«Два гэткія тэрміны: санітарна-гігіенічныя паказьнікі і фізіялягічныя паказьнікі. Мы нармуемся паводле санітарна-гігіенічных паказьнікаў. І вада ў гэтым сэнсе наша зьяўляецца бясьпечнай для ўжытку. А што да фізіялягічных паказьнікаў, то нарматываў гэткіх няма. Але ў сэнсе непрыемных адчуваньняў, — пах хлёру, смак хлёру — нехта гэтага не пераносіць... Але бяз хлёру, бяз гэтага рэагента на сёньняшні дзень немагчыма атрымаць ваду пітной якасьці».
Бяз хлёру, бяз гэтага рэагента на сёньняшні дзень немагчыма атрымаць ваду пітной якасьці.


Тым часам на Захадзе ўжо колькі год лічаць больш экалягічна чыстым і эфэктыўным азанаваньне вады з мэтай дэзынфэкцыі. А вось хлёр шмат для каго робіцца штодзённым выпрабаваньнем. Распавядае жыхарка мікрараёну Сухарава ў Менску, дзе ваду ачышчаюць з дапамогай хлёру, спн. Нэльлі:

«Уся наша сям’я пакутуе на хваробы скуры. Гэта дэрматоз, экзэма. Гэта хваробы, якія і так вымагаюць ад чалавека шмат ахвяр, але вада, якую мы спажываем штодня, вельмі ўзмацняе негатыўныя праявы. Я не магу, прыкладам, скарыстаць ваду без гумовых пальчатак, каб памыць падлогу ці вокны. Ніхто з нас не прымае ванну. Толькі душ — бо гэта скарачае гігіенічную працэдуру. А пра рэляксацыйны акцэнт ванны і гаворкі няма».

Апроч хлёру, праблема беларускай вады — падвышанае ўтрыманьне жалеза, кажа спн. Жэўняк:

«Пастаяўшы крыху на паветры, вада пачынае прымаць чырванавата-бураватае адценьне. Але ў тых канцэнтрацыях, у якіх жалеза сустракаецца ў нашых падземных водах, яно бясьпечнае для арганізму чалавека. Але дрэнна ў побытавым сэнсе: бялізна жаўцее, сантэхніка з пацёкамі. І нясмачна піць ваду з-пад крану».

Але пытаньне вырашыць проста, лічыць Ірына Жэўняк:

«На шчасьце, ёсьць простыя сродкі вырашэньня гэтай праблемы — адмысловыя станцыі абезжалезьваньня вады. І тады яна падаецца спажыўцу ўжо адпаведнай якасьці».

На адным зь беларускіх гандлёвых сайтаў я знайшла прыклад гэткай станцыі. Называецца яна «Побытавая станцыя абезжалезьваньня вады». «Фільтравальныя станцыі гэткага кшталту выкарыстоўваюцца для выдаленьня жалеза ў побытавым ужытку», — было пазначана ў тлумачэньнях. Кошт гэтай прылады — 1306 эўра.

Ёсьць дзе і ўпэўніцца ў якасьці пітной вады:

«Можна праверыць ваду ў Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі, але трэба зьвяртацца ў тэрытарыяльныя цэнтры — у якім раёне вы жывяце. Гэтая працэдура платная, але даступная».

Мы будзем вазіць ваду на праверку ў Польшчу, у Літву, у Расею, у Чэхію.
Даступнасьць працэдуры, аднак, зусім не гарантуе яе дакладнасьці і празрыстасьці, лічыць Ірына Жыхар, кіраўніца Беларускай арганізацыі працоўных жанчын:

«Ну, немагчыма праверыць, даказаць немагчыма. Мы цягам году перапісваліся з рознымі міністэрствамі, каб даведацца, як можна стварыць незалежную лябараторыю. Кансультаваліся з тымі, хто спрабаваў гэта зрабіць. І ведаеце — аказалася, у нашай краіне гэта немагчыма. І тады ўзьнікае недавер да якасьці пітной вады. Чаму дзяржава стрымлівае магчымасьці стварыць гэткую незалежную лябараторыю?

Мы будзем зьвяртацца да эўрапейскіх структураў, вазіць ваду на праверку ў Польшчу, у Літву, у Расею, у Чэхію, каб даведацца, што мы п’ем — каб праверыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG