Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Зьміцер Колас


Зьміцер Колас. Аўтар: Арцём Канцавы
Зьміцер Колас. Аўтар: Арцём Канцавы

Зьяўленьне Беларускай Майстроўні трыццаць гадоў таму было цудам. І гэты цуд меў сваю праекцыю ў гісторыі. Нешта падобнае адбылося ў Беларусі напачатку мінулага стагодзьдзя, калі нарадзілася “Наша Ніва”. Рыцары-ваякі паскладалі зброю і ператварыліся ў місіянэраў.






Нашаніўцы пачатку дваццатага стагодзьдзя адчувалі за плячыма катастрофу трох антырасейскіх паўстаньняў. У нас за сьпінаю была катастрофа сталіншчыны й мінулай вайны. Перад сабой яны бачылі наступ татальнае русіфікацыі поле, і помста, што перапаўняла іх маладыя сэрцы, гатовая была стаць галоўным матывам іхнага чыну. Яны мысьлілі сябе новымі паўстанцамі. Тое самае напрыканцы 1970-х у сваім татальна русіфікаваным полі ўяўлялася пра сябе й нам. Эпоха Машэрава завяршалася чарговаю катастрофай – у гарадах Беларусі не засталося ніводнае беларускае школы, улада адкрыта варожа ставілася да любых праяваў грамадзянскае пазыцыі, а над усім і ўсімі вісеў дамоклаў меч КГБ.
Мы, амаль што “лясныя браты”, друкуем адозвы з заклікамі супраць антыбеларускага рэжыму


Нашы папярэднікі пачатку мінулага стагодзьдзя стварылі падпольную суполку, наладзілі сувязі з тэрарыстамі-бамбістамі і жылі з падробленымі пашпартамі. Сьпярша яны спрабавалі выдаваць нелегальную газэту “Свабода”, але іх намер скончыўся жандарскім пагромам. Праз колькі гадоў яны выпусьцілі ў сьвет радыкальную антыўрадавую “Нашу Долю”, якая неўзабаве была закрытая ўладамі, а зіц-рэдактар апынуўся ў турме.

Падобнымі настроямі ды намерамі ў 1978 годзе жыў і наш асяродак. Ігар Гермянчук прыносіў з друкарні наборныя шрыфты. Арына Вячорка пашыла для іх фартух мэтранпажа з кішэнькамі-касамі. Ігар умудрыўся на менскім паліграфкамбінаце замовіць шапку-клішэ новага выданьня, што мелася называцца “Вястун”, а Сяржук Сокалаў-Воюш прывёз з Наваполацку адмысловы валік для нанясеньня фарбы і вырабу адбіткаў высокім друкам. Вінцук Вячорка пісаў тэксты. Ва ўяўленьні нам малявалася карціна ляснога схову, у якім мы, амаль што “лясныя браты”, друкуем адозвы з заклікамі супраць антыбеларускага рэжыму.

Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, але неўзабаве нас з Ігарам забралі ў войска, Вячорка і Сокалаў апынуліся ў новым асяродку на філфаку БДУ. І Сяргей Запрудзкі схаваў прычындалы лясной друкарні недзе ў сваёй вёсцы. Да часу, натуральна. І вось у гэты самы момант здарыўся цуд.


МАЙСТРОЎНЯ ЗАМЕСТ ПАЎСТАНЬНЯ


Сучасьнік “Нашае Нівы” пачатку стагодзьдзя пракамэнтаваў гэты цуд наступным чынам:

“Перад намі, як бачым, зьява нечувана цікавая: перараджэньне рэвалюцыйна-грамадзкага руху ў рух нацыянальны. І гэтая трансфармацыя адбываецца незалежна ад волі яе ініцыятараў. Сацыялістычны агітатар ішоў “у народ” абуджаць нянавісьць да пана і пратэст супраць дзяржаўнага ўладкаваньня... Сеяў нянавісьць да іншых, а ўзышла зь яе любоў больш сьвядомая да сваіх”.

Вось жа на пераломе 1980-га году нянавісьць зноўку перамянілася ў любоў, і паўстала Беларуская Майстроўня.

Лёгіка падказвае, што найперш трэба заваяваць для нацыянальнай ідэі як мага больш прыхільнікаў, толькі тады можа ўзьнікнуць нацыянальная палітыка і шырокая народная падтрымка. Праз асьвету і далучэньне да крыніцаў спракаветнае беларускае творчасьці мы мусім адрадзіць свой народ, які ўжо сам ня стане цярпець над сабой антыбеларускага рэжыму.
Нянавісьць зноўку перамянілася ў любоў, і паўстала Беларуская Майстроўня


Падпольны складнік увесь час спадарожыў легальнаму існаваньню Майстроўні. Але пераважна гэта былі нарады вузкага кола пра тое, як унікаць навязьлівага кантролю з боку ўладаў і КГБ, а найперш – як заваёўваць новых прыхільнікаў. Ідэя нелегальнага друку была пакуль адкладзеная. І калі ў 1982-м годзе Зьміцер Колас сказаў, што едзе ў Вільню, дзе сустрэнецца з аднакурсьнікам, які вяртаецца ў Парыж, а значыць, можна нешта “перакінуць” на Захад, мы адправілі туды стос нумароў “Літаратуры і Мастацтва”, адкуль на Радыё Свабода маглі б даведацца, што ў Беларусі нешта заварушылася і пачынаецца новая эпоха.

Сёньня Зьміцер Колас – знаны перакладчык сусьветнае клясыкі на беларускую мову і выдавец. А майстроўцы ведалі яго перадусім як стваральніка майстроўскага тэатру.


1980


Колас: “Я скончыў Менскі інстытут замежных моваў і працаваў перакладчыкам у Сірыі, па разьмеркаваньні. Там адпрацаваў усяго год і вярнуўся дадому. Гэта быў 1980-ы год. Была якраз маскоўская алімпіяда. Я перад самай алімпіядай вярнуўся ў Менск, доўга шукаў працу, ня мог знайсьці. І ўвосені, калі толькі ўладкаваўся, тут мы ўсе паперазнаёміліся.

Помніцца, як я, прыйшоўшы працаваць лябарантам на журфак, пазнаёміўся зь Сяргеем Дубаўцом, а пазнаёміў мяне Віталь Тарас, які таксама вучыўся тады на журфаку. Вось такім чынам мы сышліся і з гэтага таксама пайшло пасьля ўжо сяброўства з астатнімі.

І якраз на філфаку была ініцыятыва зьбірацца і што-небудзь такое цікавае рабіць.

Лябарантам па працы з замежнымі студэнтамі адпрацаваў я некалькі месяцаў літаральна, таму што гэта, як высьветлілася, зусім не маё. Хадзіць і пасьвіць студэнтаў з афрыканскіх і азіяцкіх краінаў даволі цяжка. Яны паводзяць сябе неадэкватна, як правіла. Якраз тады адбылася страшная панажоўшчына паміж нэграмі і арабамі. Ня ведаю, хто зь іх там з чаго пачаў, але калі я прыйшоў у інтэрнат, бо мне па службовых абавязках трэба было разабрацца, што там такое адбылося, гэта быў такі кашмар, якога я ніколі ў жыцьці ня бачыў. Увесь паверх быў пераламаны, пабіты, шкло, мэбля, кроў ракой проста па падлозе. І я быў настолькі гэтым уражаны, што на другі дзень падаў заяву аб звальненьні. Мне абсалютна нецікава было займацца такой вось “працай”.


“ЦАР МАКСІМІЛЯН”


Калі я прыйшоў у Майстроўню, там ужо была задума паставіць “Цара Максіміляна” і нават прайшло некалькі рэпэтыцыяў. Быў запрошаны рэжысэр, малады хлопец, відаць, з рэжысэрскага аддзяленьня Тэатральна-мастацкага інстытуту. Я яго імя ня памятаю, таму што ён больш і не прыходзіў. Бо чамусьці майстроўцы як даведаліся, што ў мяне бацька з тэатрам зьвязаны, сказалі: на фіга нам гэты рэжысэр, ты й будзеш рэжысэрам. І мне давялося займацца абсалютна неўласьцівай мне функцыяй пастаноўкі спэктаклю. У мяне ніякага абсалютна досьведу не было, але чамусьці ўсім гэта падабалася”.

Дубавец: Гэта лёгка зразумець: майстроўцы свайго распазнавалі найперш паводле моўнай прыкметы, а пасьля ўжо – паводле прафэсійнай. Калі на сьпеўках у асобе Ларысы Сімаковіч мова і прафэсіяналізм супадалі, дык запрошаны збоку рэжысэр тэатра быў рускамоўны. А ў Зьмітра Коласа ўся сям’я была зьвязаная з рэжысурай – бацька Георгі -- тэатразнаўца, брат Уладзімер – кінарэжысэр, дый сам Зьміцер ужо займаўся перакладамі п’ес.

Колас: “Ролі былі ўжо збольшага разабраныя, але пэўныя перасоўваньні адбыліся і яны пасьля адбываліся ўвесь час. Спачатку, па-мойму, я выконваў ролю Жыда, а пасьля Лекара-аптэкара: Зубы выцінаю... Я доктар-лекар, з-пад Ніжняга рынку аптэкар...”

Падчас прэм’еры “Цара Максіміляна”. На сцэне: Сяргей Запрудзкі, Андрэй Ясінскі, Вінцук Вячорка, Алена Амельчыц, Арына Вячорка. Здымак з архіву Арыны і Вінцука Вячоркаў

Дубавец: Сам выбар для пастаноўкі менавіта “Цара Максіміляна” -- частка майстроўскага цуду. Бо сярэднявечная п’еса была поўная алегорыяў нашай рэальнасьці. Цар Максімілян, прываблены “кумірыцкай” ідэалёгіяй, выракаецца ўсяго свайго, а калі ягоны сын Адольф пратэстуе і кажа: “вашы багі ня вартыя маёй нагі”, бацька загадвае пакараць Адольфа сьмерцю. Загадкавыя “агенты ўплыву”, якія зьяўляюцца на сцэне ў розных экзатычных вобразах, выглядалі насьмешкаю з той кансьпіралягічнай атмасфэры, якую ў студэнцкіх асяродках стварала КГБ.

Заля філфаку БДУ падчас прэм’еры “Цара Максіміляна”. Вясна 1981 году. На першым пляне Эдвард Зайкоўскі, Георгі Колас і Васіль Сёмуха. Здымак з архіву Сяргея Дубаўца.

Колас: “Чатыры пастаноўкі мы зрабілі, чатыры спэктаклі. Першы – гэта была прэм’ера, яна адбылася ў актавай залі філфаку”.

Арына Вячорка
Дубавец:
На прэм’еру майстроўцы запрасілі Уладзімера Караткевіча. Распавядае Арына Вячорка:

Арына: “Тое, што мы стварылі студэнцкі тэатар і што нам дазволілі на філфаку зрабіць прэм’еру, было для нас вялікім узрушаньнем. Гэта значыць, мы можам паказаць, што мы такія ёсьць, тым аўтарытэтам, людзям, якіх мы паважаем і любім. А каго мы больш за ўсё любілі? Гэта быў Караткевіч. Запрасіць і даць яму падтрымку, паказаць, што ёсьць пакаленьне, якое пераймае яго справу. Якая была радасьць, калі ён згадзіўся прыйсьці! Я грала гэты спэктакаль для Караткевіча. Ва ўсіх гледачоў быў твар Караткевіча...”

Вераніка Курцова
Вераніка Курцова:
“Калі я сёньня гляджу на той час, я думаю, што Караткевіч жа ў прынцыпе ня бачыў той масы, якая б несла ідэю беларускасьці. І калі зьявілася Майстроўня, у яго зьявілася адчуваньне глебы пад нагамі. Але гэта не было нашым усьвядомленым дзеяньнем. Гэта было проста натуральна”.


Арына: “Мы не прафэсійныя акторы, але мы ўсё рабілі па-максімуму. І ў нас атрымлівалася. І мы адчувалі, што ў нас атрымліваецца класна. Пасьля спэктаклю ў нас была сустрэча з Караткевічам. Мы яго абступілі, селі. Было вельмі весела.

Пасьля прэм’еры “Цара Максіміляна” Ўладзімер Караткевіч з майстроўцамі. Здымак з архіву Арыны і Вінцука Вячоркаў

Караткевіч казаў, што яму вельмі спадабаўся паж. І я з гэтай нагоды была ўся такая ганарлівая. Потым высьветлілася, што яму спадабаўся сьлед на пажавай задніцы. Таму што пажы ходзяць па сцэне, паварочваюцца сьпінаю да гледачоў. І я, у чаканьні выхаду на сцэну, прысела на прыступкі пыльныя, белыя. А форма была чорная. І калі я першы раз павярнулася сьпінаю да гледачоў, у мяне ззаду быў адбітак чыёйсьці нагі. І ўся заля зарагатала, а гучней за ўсіх сьмяяўся Караткевіч. Потым я ўжо нічога ня слухала, пра што гаварылі. Я была заўважаная Караткевічам!”

Паведамленьне пра прэм’еру “Цара Максіміляна” ў газэце “Літаратура і Мастацтва” за 5 чэрвеня 1981 году

Дубавец: “Цар Максімілян” стаў візытоўкай студэнцкага тэатру Майстроўні. Газэта “Літаратура і Мастацтва” паведаміла, што на прэм’еры, апроч Уладзімера Караткевіча, прысутнічалі Васіль Сёмуха, Алесь Разанаў і тэатразнаўца Георгі Колас. Гэта важна, бо калі са старэйшымі мастакамі майстроўцы мелі дачыненьні ад самага пачатку, дык салідарнае слова прызнаных літаратараў пачулі, бадай, упершыню.

Колас: “Была на Купальле яшчэ пастаноўка, у Заслаўі, дзе ішоў дождж, мы правялі ноч у гэтым касьцёле, мокрыя ўсе, сохнучы. Але гэта была такая рамантыка выдатная, бо нягледзячы на ўвесь гэты дождж, было вогнішча, празь яго скакалі, быў цудоўны настрой...

Публікацыя пра пастаноўку “Цара Максіміляна” ў Заслаўі падчас Гуканьня Вясны ў газэце “Мінская праўда” 24 траўня 1981 г.

Былі яшчэ пастаноўкі. Адна ў парку Чалюскінцаў, на яе былі запрошаныя рэжысэры самадзейных тэатраў з усёй Беларусі, якія якраз прыехалі ў Менск на нейкія свае сэмінары. А мы рабілі паводле старых традыцыяў. Перад спэктаклем усе хадзілі па ўсім парку, пераапранутыя ў сцэнічныя строі і гукалі-зьбіралі людзей на гэты спэктакаль... Парк, вольны дзень, народ гуляе, а тут дзейства нейкае вясёлае адбываецца, ну чаму б не прыйсьці, не пазырыцца на ўсё на гэта. Таму народу было шмат, але, я памятаю, гэтыя рэжысэры пасьля спэктаклю вырашылі абмеркаваць, і нас там так моцна крытыкавалі, больш за ўсё адзін рэжысэр, з Калінкавічаў, па-мойму, ці, можа быць, мазырскі, на прозьвішча Колас, які больш за ўсіх бэсьціў нас за тое, што мы не туды голас пасылаем, ня так мы ставімся адносна гледача...

А чацьвертая была ў нейкім тэхнікуме ці ў нейкай вучэльні. У маленькай залі, куды прыйшлі ўсе навучэнцы. Мы там зь нейкага калідора забягалі, бо там не было адкуль больш. Але дзіва, што было гэта ўспрынята гэтымі хлопцамі з вучэльні з сапраўднай цікавасьцю”.

Здымак з пастаноўкі “Цара Максіміляна” на Купальле ў Вязынцы з газэты “Голас Радзімы” за 22 ліпеня 1982 году

Дубавец: “Царом Максімілянам” рэпэртуар студэнцкага тэатру не абмежаваўся. Да 90-х угодкаў Максіма Багдановіча Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў адмысловую сцэнічную фэерыю, якая таксама ставілася ў перапоўненай народам актавай залі філфаку БДУ.

Зьміцер Колас то зьяўляўся ў Майстроўні, то зьнікаў зь яе і калі зноў зьяўляўся, тады ажывала і майстроўскае тэатральнае жыцьцё.

Колас: “Рэч у тым, што, на жаль, уся гэтая мая эпапэя з Майстроўняй была раптоўна перарваная. Мяне забралі ў войска ажно на палову году. І я быў вырваны з усяго гэтага. З войска я вярнуўся, адбыўшы шэсьць месяцаў у Рызе. Прадалі мы там падводную лодку алжырцам. Прыехаў экапіж, іх навучалі, як ёй карыстацца. Мы там жартавалі: пагружацца навучым, а ўсплываць жыцьцё прымусіць...

Калі мяне забралі ў 1981 годзе ўлетку, значыць, у студзені 1982 году я вярнуўся. І тады змог нарэшце пайсьці працаваць паводле спэцыяльнасьці – выкладаць у інстытут замежных моваў. Дзе тады вучыліся таварышы Шупа, Істомін...”

Дубавец: Праўда, пэўнага адказу наконт таго, хто запрасіў іх у Майстроўню, Зьміцер ня мае.

Колас: “Я, шчыра кажучы, ня памятаю. Я памятаю, што ў справе перакладу гэта я ім сказаў – ідзеце, ёсьць “Далягляды”, і ідзеце да спадара Сёмухі, які імі апякуецца. А наконт Майстроўні ня памятаю, таму што тады Майстроўня разраслася настолькі, што было цяжка кантраляваць, хто там ёсьць, каго там няма. Там было шмат народу і так шмат новых людзей... Але сапраўды, тэатральная частка тады аднавілася і мы запрасілі майго брата Ўладзімера, каб ён дапамог. І была спроба паставіць “Лысую сьпявачку”. “Лысую сьпявачку” я й пераклаў. Працяг быў ці спроба працягу была зробленая. Мы доўга рэпэтавалі-рэпэтавалі... Але так паставіць яе мы ні разу й не змаглі. Прэм’ера не адбылася”.


“ЛЫСАЯ СЬПЯВАЧКА”


Дубавец: Але рэпэтыцыі былі вартыя прэм’еры. Яны праходзілі пры мностве гледачоў. Тут сам працэс быў цікавы.

Колас: “У нас было куды хадзіць, каб адвесьці душу”.

Дубавец: У “Лысай сьпявачцы” Зьміцер таксама выконваў ролю.

Колас: “Я быў там пан Марцін. Той, які прыходзіць нібыта ў госьці да пана і пані Сьмітаў. І ён нібыта там сустракае сваю жонку...
І птушкі загарэліся, і рыбы загарэліся, вада ўжо загарэлася, гарыць, гарыць, гарыць!
Гэта тэатар абсурду, і там увесь дыялёг будуецца на паўтарэньні аднаго й таго ж з падняцьцем на наступны ўзровень. Там як у распаўсюджаных з 19 ст. беларускіх анэкдотах. Тое, што вядома як расейская песенька “Всё хорошо, прекрасная маркіза”, -- гэта насамрэч беларускі жарт часоў вайны з Напалеонам. Калі пачынаецца з таго, што ў пана спалілі памесьце і каб яму пра гэта не казаць, расказваюць, што “у вас сабачка памёр”, пасьля конь, таму што сабачка бег і стайня загарэлася і г.д., і г.д. У беларускай вэрсіі гэты жарт нашмат круцейшы, бо там сканчаецца ня проста пажарам. Там кагосьці хавалі, чаму пажар быў. А чаму пажар, таму што нехта памёр ад разрыву сэрца, а разрыў сэрца – таму што нарадзіла ваша дачка, а чаму нарадзіла, таму што эскадрон гусар у вас на пастоі стаяў... Карацей, там, у гэтай п’есе, той самы прыём раскручваецца да поўнага абсурду. І тое загарэлася, і гэта загарэлася, і птушкі загарэліся, і рыбы загарэліся, вада ўжо загарэлася, гарыць, гарыць, гарыць!..”

Дубавец: Інакш кажучы, выбар п’есы Эжэна Ёнэско для майстроўцаў быў цалкам арганічным працягам выбару сярэднявечнага беларускага “Цара Максіміляна”, бо і празь першае і праз другое мы з аднолькавым посьпехам маглі перадаць сваё стаўленьне да навакольнага сьвету.

Пачаўшы гаворку з гістарычнай праекцыі майстроўскага цуду на нашаніўскі пачатку мінулага стагодзьдзя, я паспрабаваў сабе ўявіць студэнцкі тэатар сёньня. І Цара Максіміляна... Не сумняюся, што сёньня такая п’еса была б адразу забароненая. Бо занадта выразна чыталіся б алегорыі першай асобы краіны і той недарэчнай “кумірыцкай” ідэалёгіі, якую выкладаюць цяпер бедным студэнтам. Зрэшты, і пасьля 1983 году, калі Майстроўня перастала быць Майстроўняй, такія алегорыі чыталіся б просталінейна. І да 1980 году таксама. Выходзіць, што майстроўскаму цуду спрыяў сам час, дакладней, нейкі зазор у часе, у эпосе таталітарнага застою, калі толькі й было магчыма гэтаму ўсяму адбыцца. І гэты шанец быў выкарыстаны.

Вострая брама

Вострая брама
“Вострая Брама. Гісторыя аднаго цуду” – гэта гісторыя пра тое, як аднойчы беларуская ідэя выйшла з падпольля на вуліцу і стала грамадзкай зьявай. Адбылося гэта на Каляды 1980 году, калі нарадзілася першая публічная арганізацыя – Беларуская Майстроўня. Калі Майстроўня ўбярэцца ў сілу, яна ператворыцца ў шырокі нацыянальны рух па ўсёй Беларусі, а нацыянальная ідэя матэрыялізуецца ў выглядзе незалежнай краіны.

Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец
Пісьменьнік, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзіўся 17 верасьня 1959 у горадзе Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Галоўны рэдактар газэтаў «Свабода» (1990—1991) і «Наша Ніва» (1991—2000), радыё «Балтыйскія Хвалі» (2000—2001), аўтар перадачаў на Радыё Свабода (з 1997). Кнігі: «Практыкаваньні» (1991), «Русская книга» (1997, другое выданьне 2009), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009). Электронны адрас: dubaviecs@gmail.com
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG