Уявіць Майстроўню безь Веранікі немагчыма. Зрэшты, як і бяз кожнага з тых, што ў 1980-м запалілі калядную зорку. Кожны быў адметны вобразам і характарам, а галоўнае – паходжаньнем. У кожнага ўжо была біяграфія – дваццаць гадоў свайго, нетыповага шляху.
Здавалася б, якая ўжо там разнастайнасьць магла быць у манатонна-шэрыя часы савецкага застою? Але гэта толькі зьнешні бок – манатонны й шэры. Унутры ўсё было інакш.
АДРАДЖЭНЬНЕ БАБУЛЬ І ЎНУКАЎ
Звычайна цуды здараюцца ў казцы. Таму Беларуская Майстроўня была зьвязаная найперш з гэтым жанрам. Маю на ўвазе ня толькі калядныя, веснавыя ды купальскія карнавалы, якія ладзіла Майстроўня. І не ўвасобленага на сцэне казачнага «Цара Максіміляна». І нават не агульны настрой увесьчаснае гатовасьці перажыць дзіва. Маю на ўвазе паходжаньне — ад каго ў сваім родзе кожны з нас пераймаў захопленасьць беларушчынай.
Як правіла, не ад бацькоў. Бацькі — занятыя людзі, яны бачылі нас толькі й выключна ў сацыяльнай пэрспэктыве. Бацькі — зазвычай учорашнія вяскоўцы, што заплацілі сваёй беларушчынай за дазвол атабарыцца ў горадзе. Таму ў майстроўцаў на глебе беларушчыны з бацькамі здараліся канфлікты.
Найчасьцей цуд беларушчыны даставаўся ад бабуль, якія не выракаліся сваёй вясковай культуры, бо ня мелі гарадзкіх амбіцыяў і бачылі нас, унукаў, у пэрспэктыве вечнасьці.
У тыя часы, трыццаць гадоў таму, яшчэ жывая была беларуская вёска, дзе захавальніцамі традыцыі, культуры і мовы былі перадусім жанчыны. Нашы вясковыя бабулі распавядалі нам фантастычныя казкі, абсалютна незвычайныя для нашага ўжо гарадзкога быту, але так блізкія нашай падсьвядомасьці, нашай прыглушанай генэтычнай памяці, што ўсё пераварочвалася ў дзіцячай душы і дзіця пачынала шукаць сваю чалавечую тоеснасьць у горадзе. А яе там не было...
З КОЖНЫМ ЗДАРЫЛАСЯ СВАЁ
Яшчэ да таго, як мы сабраліся ў Майстроўню, нешта здарылася з кожным з нас, нешта ў кожнага сваё.
Увосені 1978 году мне прыйшла позва з ваенкамату. А літаральна за тыдзень да таго, як мусіў зьявіцца на зборны пункт, я ўзяў магнітафон з фотаапаратам і паехаў у Мазырскі раён, трыста кілямэтраў ад Менску. Там у вёсцы Мялешкавічы жыла мая бабуля Хвядора.
Здаецца, тады я нікому й сабе самому ня змог бы патлумачыць, што раблю і навошта. У прынцыпе рацыянальнае дзеяньне было зусім неўсьвядомленым. Ці то канец сьвету мусіў наступіць разам з прызывам на службу, ці то нейкі канец мяне самога, ранейшага. Я быццам хапаўся за ўласную тоеснасьць, баючыся ў жыцьцёвых пераменах згубіць яе назаўсёды.
Бабуля паклікала сваіх суседак і яны сьпявалі ўвесь вечар і яшчэ паўночы. Назаўтра я вярнуўся ў Менск з запісамі і здымкамі. І з упэўненасьцю, што цяпер сьвет не перакуліцца, незалежна ад закалотаў біяграфіі й гэтай заўтрашняй службы, якая тады ўяўлялася цэлым іншым бясконцым жыцьцём...
А бабулі, як наўмысна, цераз адну сьпявалі старыя рэкруцкія песьні, нібы падкрэсьліваючы маштаб магчымых пераменаў, бо ў іх фігураваў тэрмін ня два гады, а ўсе дваццаць пяць.
А праз два гады тыя песьні ведала й сьпявала ўжо ўся Майстроўня.
Такім чынам, у маім пакаленьні беларушчына зазвычай перадавалася цераз пакаленьне, ня дзецям, а ўнукам. Як гэта адбываецца сёньня, калі амаль няма ўжо традыцыйнае вёскі й калі мае раўналеткі самі гатовыя стаць дзядамі й бабулямі? З досьведу выглядае, што ў гарадзкіх, беларушчына перадаецца ўнукам тады, калі найперш перадаецца дзецям. А для гэтага бацькі павінны бачыць сваіх дзяцей ня толькі ў сацыяльнай пэрспэктыве, але і ў пэрспэктыве вечнасьці. Інакш кажучы, бацькі мусяць браць на сябе таксама й функцыі колішніх бабуль, выступаючы захавальнікамі традыцыі, культуры й мовы.
Былым майстроўцам у гэтым сэнсе прасьцей, бо яны — сьвядомыя носьбіты. Ім удалося збудаваць свой мост ад казачнае вёскі да цяперашняе гарадзкое рэальнасьці. Беларушчына па гэтым мосьце перайшла ў сёньня й пяройдзе ў заўтра.
Горад стандартызуе й тыпізуе нашы шляхі й паводзіны. Некалі свой тып і стандарт быў таксама і ў вёсцы. Вось толькі гэты пераход ад аднаго тыпу й стандарту да іншага ў кожнага майстроўца адбываўся нестандартна па-свойму.
Да прыкладу, Гэнік Лойка — з заходнікаў, з Мастоўскага раёну. Адпаведна і дачыненьні зь дзядамі й бацькамі там складаліся ў сваю адметную гісторыю.
Лойка: «Мой дзед зьбіраў песьні ў свой час, сшыткі пісаў, нейкія кніжкі чытаў... Баба іх папаліла, бо гэта „чорныя кнігі“... Баялася, напэўна, бальшавікоў. Але ён такім займаўся і ўсё было польскае. Ён лічыць сябе палякам, а я прыяжджаю зь беларускай мовай. І вось мы рабілі вулей разам, пчол даглядалі, і толькі калі я яму расказаў баляду Міцкевіча „Сьвіцязянка“ ўсю на польскай мове, яму так стала добра, ён мяне прыняў як свайго. Таму што я ведаю і польскую мову. А з бацькамі... У пашпарце ўсе напісаны палякамі, бо католікі. І бацька казаў: я не дазволю табе перапісвацца беларусам у пашпарце... Хаця ў іх той польскасьці... Часам прасьпяваюць „Ешчэ Польска не згінэла“, „пся крэв“ і на гэтым усё... Так што мы і бацькам ня верылі, спрачаліся з бацькамі».
Дубавец: Майстровец мастак Генадзь Мацур — з усходняе Беларусі, з Чашнікаў.
Мацур: «Я малы больш гадаваўся не ў бацькоў сваіх, а ў бабуляў. З намі жылі мая бабуля і прабабуля. І яны мяне гадавалі. Я такі іншы крышку, таму што не хадзіў у ясьлі і ў сад, а гадаваўся дома. Можа таму, як кажуць, большы індывідуаліст, эгаіст. Можа таму мне і мастаком захацелася быць».
Дубавец: Зусім нетыповая гісторыя і ў Веранікі, цяпер Курцовай, а тады Надтачэевай. Сёньня Вераніка вывучае беларускія дыялекты, яна вядучы навуковы супрацоўнік у Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі навук. Таму і пра вёску свайго паходжаньня Залесьсе кажа найперш як спэцыяліст:
Вераніка: «Гэта Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, унікальны край, і сёньня я магу сказаць абсалютна дакладна, што гэта найстаражытнейшы па сваіх моўных асаблівасьцях рэгіён Беларусі».
Дубавец: Замуж Вераніка выходзіла ў сваёй роднай вёсцы. І запрасіла на вясельле Майстроўню. Мы прыехалі з рашучым намерам зьдзівіць вяскоўцаў сваёй сьпеўнай праграмай. Але выпала нам перажыць там і вялікае расчараваньне і яшчэ большае захапленьне. Бо ў вясельнай хаце сабралася шмат вясковых жанчын і калі ўсе разам пачалі сьпяваць, майстроўцы парабілі круглыя вочы — нас не чуваць! Мы штосілы пяём, а выглядае, быццам толькі раты разяваем. Сьпеў вясковых жанчын быў такой магутнасьці, ня йначай мы апынуліся побач з рэактыўным самалётам. Гэткі роўны і моцны быў гукавы паток і такая суладнасьць у шматгалосьсі, што ўражаньне засталося на ўсё жыцьцё.
Нумар «Голасу Радзімы» за 20 траўня 1982 году, прысьвечаны Гуканьню Вясны ў Заслаўі. На левым ніжнім здымку майстроўцы гушкаюць Вераніку на сьвяточных арэлях.
Вераніка: «Частка майго жыцьця прайшла не ў Беларусі. Атрымалася так, што шмат гадоў я пражыла ў Маскве. Але там было беларускае асяродзьдзе. Сваякі па бацькавай лініі займаліся навукаю і дух нацыянальны яны захоўвалі. То там у асяродзьдзі ў Маскве жыло беларускае маўленьне».
Дубавец: Як ні дзіўна гэта гучыць, але патрапіла Вераніка ў Маскву яшчэ задоўга да свайго нараджэньня, бо гісторыя ў яе пачынаецца здалёк, ад прапрадзедаў.
ЛЕГЕНДЫ ВЕРАНІЧЫНАГА РОДУ
Вераніка: «Па бацькавай лініі ягоныя пра-пра- былі вельмі таленавітыя дзеці. Яны вучыліся ў Рагачоўскай гімназіі. Тады ўжо Беларусь была далучана да Расеі, інкарпарацыя адбылася. І вось нехта зь вялікага начальства прыяжджаў у тую гімназію, і гэтых дзяцей, як шэдэўр мясцовы, высьвецілі: паглядзіце, калі ласка, тут такі патэнцыял, такая пэрспэктыва... І вось гэтых дзяцей забралі ў Маскву ў пансіянат. І яны на дзяржаўны кошт бліскуча закончылі Маскоўскі ўнівэрсытэт. Таму частка бацькавага роду зьвязана непасрэдна з Масквой.
Але сувязі з родным краем не губляліся. На свае грошы мой прадзед, Крупенькін, трымаў мясцовую школу. І ў гэтай школе быў музэй традыцыйнага мастацтва. Вяскоўцы мне з гонарам гаварылі пра тыя часы: «А ты знаеш, вось каб дзедаву школу не спалілі, ведаеш, што там было б!..» Мне паказвалі месца, дзе стаяла школа. А спалілі школу тыя, чые дзеці вучыліся ў гэтай школе. Я так разумею, гэта быў мясцовы люмпэн. Але памяць пра дзеда, майго прадзеда, яна была вельмі шчырая ў гэтых мясьцінах.
А яшчэ другая легенда, зьвязаная зь нашым родам па бацькавай лініі, што былі яны эталонна прыгожыя мужчыны, як кажуць, вось гэта — беларус. Мне і жанчыны і мужчыны гаварылі: о, каб ты бачыла свайго прадзеда!
Я была маленькая, вельмі рана пачала чытаць і паглынала літаратуру. Асабліва любіла Паўстоўскага. І мяне ўразілі такія словы, што чалавек, які ня ведае роднай мовы, — дзікун, ён злачынны па сваёй сутнасьці. Яго ў прынцыпе не цікавіць ні мінулае, ні сучаснасьць, ні будучыня...
Праблема беларускай мовы ўвесь час падымалася ў дзедавай сям’і. Дзед як бы падштурхоўваў, паступова вёў да беларускасьці, казаў: я так марыў пра сваю школу, дзе ўсё навучаньне было б па-беларуску. Ты чула, як там людзі размаўляюць?
... І я ўвесь час задумлялася — як так можа быць, што чалавек дзікун з-за таго, што ён ня ведае роднай мовы? А тут жа вакол не было ніякага беларускага асяродзьдзя..."
Дубавец: Фантастычныя Веранічыны дзяды, але ня менш фантастычныя й бабулі.
Вераніка: «Бабулька па матчынай лініі... чым яна мяне ўражвала — яна падрабляла чалавечыя галасы! Пачынала гаварыць і рэгістар быў галасоў пятнаццаць. Я слухала і кажу: давай, давай, перадай, як той... І яна магла ня проста перадаваць чалавечы голас, але й калі сьпявала, захоўвала інтанацыю гэтага чалавека. Памятаю зь дзяцінства — па радыё сьпявала Валянціна Пархоменка. А гэта наша сваячка па бабульчынай лініі. І бабуля слухала й казала: ай Валя, ай мая дзяўчынка, ды ты ж ня так узяла... І пачынала яе выпраўляць.
Гэта бабуля Тацянка. А яе сваячка і блізкая-блізкая сяброўка — бабуля Сафея, у мясцовым асяродзьдзі яна звалася ведзьмай. Яна магла зачараваць. Расказвалі мне такое дзіва: аднойчы ў Купальскую ноч яна пайшла на поле і зрабіла завой. А калі робяць завой, чалавек ня можа яго разьвязаць, бо гэта значыла хваробу, нейкая пошасьць найдзе ня проста на вашу сям’ю, а на ваш род. І вось, трэба ж было, прыйшла гэтая бабуля Сафея на поле і ператварылася ў сьвіньню. Я кажу — дзе доказ таго, што вы яе бачылі? Бачылі, таму што яна хадзіла на капытах. Ці вось іншы выпадак. Адкуль вы ведаеце, што гэта была яна? Адказ: Спаймалі яе за валасы, як русалку, і адрэзалі ёй валасы. І потым яна аніколі не здымала з галавы чэпчык. А чаму не здымала? Калі б у яе былі валасы, яна б хадзіла як усе жанчыны. А паколькі яна валодала чараўніцтвам, яе хацелі пакараць...
Бабулькі Сафеі няма ўжо. Але памяць ёсьць. Яе аблічча ў традыцыйнай вопратцы зьмешчана ў кнізе „Беларускае народнае адзеньне“ Міхася Раманюка».
ВЕРАНІЧЫНА МАЙСТРОЎНя
Дубавец: Шлях Веранікі да Менску і да філялягічнага факультэту выглядае так:
Вераніка: «Я нарадзілася ў вёсцы, але жыла там вельмі мала, спачатку. А потым я вярнулася, але праз кароткі час пераехала ў Гомель, там вучылася ў пэдвучылішчы, а потым паехала ў Менск».
Дубавец: А вось як пачыналася Веранічына Майстроўня:
Вераніка: «Гэта быў нейкі спантанны эмацыйны ўсплёск. Я, чэснае слова, не магу сказаць, што была нейкая перадумова, каб мы сабраліся. Ну не было. І вось мы ўсе разам неяк аказаліся ў гурце, і быў Вінцук Вячорка. Ён быў лідэрам прыродным і інтэлектуальным. У якое б асяродзьдзе чалавек ні трапіў, калі яму дадзена ад прыроды інтэлектуальнае лідэрства, яно заўсёды падымае яго на самую высокую прыступку. І Вінцук адразу стаў менавіта такім. І прысутнасьць Вінцука спрыяла таму, што мы аб’ядналіся.
Я была праз увесь час у Майстроўні, пакуль мы вучыліся ва ўнівэрсытэце».
Дубавец: Пытаньне «Чым вы займаліся ў Майстроўні?» выклікае ў Веранікі непадробнае зьдзіўленьне:
Майстроўскія Каляды ў Заслаўі, 1982 год. Вераніка Курцова (тады Надтачэева) і Алена Амельчыц (цяпер Анісім). Фота з архіву Веранікі.
Вераніка: «Як гэта чым? Мы займаліся ўсім тым, што адпавядала духу Майстроўні. У аснове — „майстрыць“ — гэта ствараць. То гэтым мы й займаліся. Займаліся сьпеўкамі, а калі глыбінна называць, займаліся абуджэньнем нацыянальнага духу і вяртаньнем да сваіх каранёў. Каб ладзіць сьвяты, рабіць калядкі, трэба было мець мужнасьць. Якія гэта былі часы, скажыце, калі ласка! Гэта былі 1990-я гады? Не. І хоць быў невялікі ўзрух пасьля адлігі 1960-х, але не такі, каб ты быў абсалютна свабодны ў сваім дзеяньні. Хочаш ты, ня хочаш, а ідэалёгія сябе ўвасабляе праз адпаведныя структуры, праз адпаведную сыстэму».
Купальле ў Вязынцы. На здымку: Уладзімер Конан, Пётра Садоўскі, Вераніка, Алена Садоўская, Лявон Луцкевіч, Алег Бембель. Фота з архіву Веранікі.
Дубавец: Фэномен майстроўскага цуду Вераніка тлумачыць проста: у Майстроўні было адчуваньне свабоды.
Вераніка: «Ты адчуваў, што займаесься нечым асаблівым і асобым. Тое, што ты адметны сярод усёй масы і што ты сярод іх вылучаесься. Ты мог гаварыць па-беларуску і не адчуваць сябе белай варонай. На цябе маглі глядзець, а ты мог павярнуцца і з гонарам сказаць: ну што, зайздросьціце? Далучайцеся! Часам, калі, напрыклад, ішлі абрАзы, я вельмі спакойна казала: я бачу, што я вам падабаюся. І людзей гэта шакавала. Мала таго, што па-беларуску, вуха рэжа, а тут — давайце пазнаёмімся!.. Усякае напружаньне здымалася».
Дубавец: Пра тое, што Вераніка, як зрэшты й іншыя майстроўцы, здолела выбудаваць для беларушчыны мост ад прадзядоў-бабуль зь іх традыцыйнае вёскі ў сёньняшні ўнівэрсалізаваны горад, сьведчыць і ўдзел у падзеях Плошчы 2006 году, калі Вераніка ў апошні момант вывела сваю сям'ю з амонаўскае аблогі.
Вераніка: «Я пытаю ў сына: сынку, давай сёньня ня пойдзем. Мама! Ты ж вучыла, што лёс Беларусі ў нашых руках, як гэта мы ня пойдзем?! І мы пайшлі ўсе. Уся сям’я пайшла. І атрымалася так, што тады мы ўкалелі ўшчэнт, і я кажу: давайце сыдзем, бо акурат была ўжо пікантная сытуацыя... І я так (да амонаўца): „Ох-ох-ох! Міленькі, дай я пайду!..“ І мы ўсе высьлізнулі. І здарылася тое, што павінна было здарыцца, калі ўсё было падрыхтавана, каб зьнішчыць, стаптаць, размазаць... Але мы ўсе дні былі разам на гэтай Плошчы, і гэта было нармальна. Я, напрыклад, не магла кінуць сваіх дзяцей. Ну як? Калі я іх вучыла, і ў мяне адказны момант, я скажу: ай, дзеткі?.. Гэта нонсэнс».
Вострая брама
Вострая брама
“Вострая Брама. Гісторыя аднаго цуду” – гэта гісторыя пра тое, як аднойчы беларуская ідэя выйшла з падпольля на вуліцу і стала грамадзкай зьявай. Адбылося гэта на Каляды 1980 году, калі нарадзілася першая публічная арганізацыя – Беларуская Майстроўня. Калі Майстроўня ўбярэцца ў сілу, яна ператворыцца ў шырокі нацыянальны рух па ўсёй Беларусі, а нацыянальная ідэя матэрыялізуецца ў выглядзе незалежнай краіны.
Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.
Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.
Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец
Пісьменьнік, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзіўся 17 верасьня 1959 у горадзе Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Галоўны рэдактар газэтаў «Свабода» (1990—1991) і «Наша Ніва» (1991—2000), радыё «Балтыйскія Хвалі» (2000—2001), аўтар перадачаў на Радыё Свабода (з 1997). Кнігі: «Практыкаваньні» (1991), «Русская книга» (1997, другое выданьне 2009), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009). Электронны адрас: dubaviecs@gmail.com