Але сёньня будзе не пра беларускага кіраўніка і ягоны гаротны лёс палітычнага ізгоя. Давайце сёньня прыгледзімся, а што за пэрсона не пабаялася парушыць splendid isolation"апошняга дыктатара Эўропы".
Постаць Сыльвіё Бэрлюсконі настолькі вялікафарматная, што ў адну частку нам ня ўлезла. Таму чакайце яшчэ другой.
Пасьпяховы прадпрымальнік
Сыльвіё Бэрлюсконі нарадзіўся ў Мілане ў 1936 годзе, у заможнай мяшчанскай сям’і.
У 1961 Бэрлюсконі закончыў унівэрсытэт у Мілане з дыплёмам юрыста. У студэнцкія гады ён захапляўся музыкай — граў на кантрабасе і падпяваў як шансаніст на марскіх суднах. А зусім нядаўна, у супрацоўніцтве з адным сьпеваком, ён нават напісаў музыку на два альбомы гэтак званых "нэапалітанскіх песьняў".
Але кар’еру Бэрлюсконі вызначыла не мастацтва, а бізнэс і палітыка.
Прадпрымальніцкую кар’еру Бэрлюсконі пачаў як будаўнік "гораду-саду" на ўскраіне Мілану. Журналісты і пракуроры, якія зацікавіліся пачаткамі бізнэсовага шляху італьянскага прэм’ер-міністра ў сувязі са шматлікімі судовымі справамі, якія былі ўзбуджаныя супраць яго ў апошнім дзесяцігодзьдзі мінулага стагодзьдзя і ў гэтым, так і не змаглі разабрацца, адкуль Бэрлюсконі ўзяў грошы, каб прафінансаваць той амбітны праект пабудовы 3,5 тысяч кватэраў.
У 1970-х Бэрлюсконі пачаў інвэставаць у СМІ, купіўшы малы тэлевізійны канал у Мілане. Потым прыкупіў яшчэ два тэлеканалы, а ў 1978 заснаваў сваю першую мэдыя-групу, Fininvest, якая паступова пераўтварылася ў агульнанацыянальную сетку мясцовых тэлевізійных станцый. Паколькі да таго часу манаполію на агульнанацыянальнае вяшчаньне мела дзяржаўная кампанія RAI, італьянскі ўрад прыняў у 1984 адмысловы дэкрэт, якім легалізаваў вяшчаньне групы Бэрлюсконі (ў 1990 парлямэнт прыняў адпаведны закон, які фактычна пацьвердзіў status quo ў італьянскай мэдыя-сфэры, у якой Бэрлюсконі зламаў дзяржаўную манаполію).
Сёньня ў галоўную кампанію Бэрлюсконі, Mediaset, уваходзяць тры агульнанацыянальныя тэлевізійныя каналы, якія глядзіць прыблізна палова тэлегледачоў Італіі. Да таго ж Бэрлюсконі зьяўляецца ўласьнікам вядучай рэклямнай кампаніі (Publitalia) ў краіне ды найбольшага італьянскага выдавецтва (Arnoldo Mondadori Editore), якое выдае некалькі папулярных агульнанацыянальных газэтаў. Ацэньваецца, што Бэрлюсконі сёньня належыць палова мэдыяльнага рынку Італіі.
Бэрлюсконі — таксама ўласьнік сусьветна вядомага футбольнага клюбу АЦ Мілан.
У 2008 часопіс "Forbes" ацаніў капітал Бэрлюсконі на 9,4 мільярды даляраў (гэта дае яму трэцяе месца ў сьпісе самых багатых італьнцаў).
Прарыў у палітыку
Палітычная кар’ера Сыльвіё Бэрлюсконі пачалася ад беспрэцэдэнтнага ўзьлёту ў 1994 годзе, на хвалі антыкарупцыйных расьследаваньняў супраць вядучых палітыкаў пяці "традыцыйных" партый, якія да таго часу дзяліліся ўладай у Італіі. Італіі тады пагражала, што камуністы, якія ў міжчасе пераназваліся ў Дэмакратычную партыю левых, забяруць уладу ад хрысьціянскіх дэмакратаў і сацыялістаў.
У сьнежні 1994 Бэрлюсконі заявіў, што "выходзіць у поле", і заснаваў сваю палітычную партыю — Forza Italia (Уперад, Італія). Стварыўшы палітычны саюз зь дзьвюма сіламі, якія не цярпелі адна адну — Паўночнай лігай (партыяй з сэпаратысцкімі тэндэнцыямі з поўначы краіны) і Нацыянальным альянсам (нацыяналістычнай партыяй з нэафашысцкімі замашкамі з поўдня краіны) — Бэрлюсконі перамог на выбарах і стаў прэм’ер-міністрам. Але альянс неяк не прыцёрся, і ўрад Бэрлюсконі распаўся пасьля дзевяці месяцаў.
У выбарах 1996 кааліцыя Бэрлюсконі ня мела посьпеху, і яго вяртаньне ва ўладу адбылося толькі ў 2001. Бэрлюсконі кіраваў урадам пяць гадоў, страціў уладу ў выбарах 2006 году і вярнуўся на пасаду прэм’ер-міністра пасьля пазачарговых выбараў у 2008, калі ператварыў "Уперад, Італія" ў партыю пад назвай "Людзі свабоды".
Сёньня Сыльвіё Бэрлюсконі належыць гонар самага доўгавечнага кіраўніка італьянскага ўраду.
Яму таксама італьянскімі пракурорамі інкрымінуецца доўгі сьпіс парушэньняў закону, аднак да гэтай пары ніводнаму суду ў Італіі не ўдалося засудзіць Бэрлюсконі ні па адным абвінавачаньні, якія наогул датычаць фальшаваньня эканамічных дакумэнтаў і палітычнай карупцыі. "Я — сусьветны рэкардсмэн у колькасьці працэсаў ва ўсёй гісторыі як чалавека, так і іншых стварэньняў на іншых плянэтах," — ці то з прыкрасьцю, ці то са зьдзекам пракамэнтаваў сваю сытуацыю Бэрлюсконі журналістам летась, падчас сустрэчы лідэраў "вялікай васьмёркі" ў Японіі.
Прыяцель Пуціна і Кадафі
Сыльвіё Бэрлюсконі — даволі калярытная і выразная асоба ня толькі ў асабістым жыцьці, якое праходзіць у аўры большых ці меншых публічных скандалаў і "праколаў" (пра некаторыя зь якіх у другой частцы нашага аповеду), але і ў палітыцы, як нацыянальнай, так і міжнароднай.
Італія пад кіраўніцтвам Бэрлюсконі стала адным з самых стойкіх саюзьнікаў ЗША. Вайсковы кантынгент Італіі ў Іраку быў трэці па колькасьці вайскоўцаў, пасьля амэрыканскага і брытанскага.
Італія належыць да самых моцных прыхільнікаў сяброўства Турцыі ў Эўразьвязе. Каб пабольшыць вагу Турцыі на міжнароднай арэне, Бэрлюсконі запрасіў турэцкага прэм’ер-міністра Эрдагана на сёлетнюю сустрэчу "вялікай васьмёркі", якая праходзіла ў Італіі.
Бэрлюсконі таксама рашуча прадтрымлівае інтэграцыю з Эўразьвязам балканскіх краінаў: Сэрбіі, Косава, Босніі, Чарнагорыі, Македоніі і Альбаніі.
Магчыма, самай сьмелай прапановай эўрапейскай інтэграцыі, якая была калі-небудзь агучаная эўрапейскім палітыкам, быў артыкул Бэрлюсконі з 2002, у якім ён сьцьвердзіў, што Расея павінна стацца поўнавартасным сябрам Эўразьвязу. Адносіны Італіі з Расеяй, які і асабістыя адносіны Бэрлюсконі з Уладзімерам Пуціным, належаць да падкрэсьлена сяброўскіх.
Летась Бэрлюсконі давёў да падпісаньня гістарычнай дамовы аб супрацоўніцтве зь Лівіяй, паводле якой Італія пагадзілася выплаціць лівійскаму ўраду кампэнсацыю вышынёю ў 5 мільярдаў даляраў за вайсковую акупацыю краіны, а лівійскі ўрад абавязаўся абмежаваць нелегальную міграцыю ў Італію ды зрабіць інвэстыцыі ў італьянскую эканоміку. Бэрлюсконі запрасіў лівійскага лідэра Муамара Кадафі на сустрэчу "вялікай васьмёркі" ў Італіі — падчас гэтай сустрэчы Муамар Кадафіі і Барак Абама абмяняліся гістарычным поціскам рукі.
Візыт Бэрлюсконі ў Менск — якраз з такога шэрагу неардынарных палітычных крокаў, якія італьянскі кіраўнік ураду нярэдка рабіў у мінулым.