Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт за тое, каб Беларусь адкрывалася ў бок Эўропы


Урмас Паэт
Урмас Паэт

Сёньня ў Менску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця пасольства Эстоніі. З гэтай нагоды ў Беларусь прыбыў эстонскі міністар замежных спраў Урмас Паэт.

Цырымонія адкрыцьця адбылася ў адным зь менскіх гатэляў, таму што будынак для амбасады пакуль ня знойдзены. Часовы павераны ў справах Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйн сказаў карэспандэнту “Свабоды”, што ёсьць некалькі варыянтаў, але стары будынак консульства для пасольства не прыдасца. Дапамагчы эстонскім дыпляматам маюць мясцовыя ўлады і прыватны сэктар.

Падчас візыту ў Менск Урмас Паэт сустрэнецца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, выступіць зь лекцыяй у Белдзяржунівэрсытэце. Гэты візыт міністра замежных спраў Эстоніі — першы ад 1992 году, калі былі ўсталяваныя дыпляматычныя дачыненьні. Статус прадстаўніцтва цяпер падвышаны да амбасады. Раней Эстонія крытыкавала рэжым у Беларусі і выступала за санкцыі. Ці мяняе яна цяпер сваю пазыцыю? Спадар Лахтэйн адзначыў:

Мы лічым, што ніводная краіна не зьмяняецца, калі яе трымаць у ізаляцыі.
“Пазыцыя Эстоніі нікуды не мяняецца. Мы лічым, што ніводная краіна не зьмяняецца, калі яе трымаць у ізаляцыі. Гэта галоўны новы падыход. Мы падвысілі наша прадстаўніцтва ў Менску, і самы лепшы спосаб наблізіць Беларусь да Эўразьвязу — калі ў нас будзе больш кантактаў”.

На пытаньне адносна пазыцыі Эстоніі наконт санкцый Эўразьвязу — іх працягу ці адмены — спадар Лахтэйн сказаў:

“Я думаю, што візавыя санкцыі патрэбныя. Але мы зараз разгледзім нашу пазыцыю разам зь іншымі краінамі Эўразьвязу. Зараз ідзе мараторый на гэтыя візавыя санкцыі. Мы за працяг некаторых мараторыяў на візавыя санкцыі. Адначасова мы за працяг цеснай сумеснай працы з “Усходнім партнэрствам”, каб Беларусь больш адкрывалася ў бок Эўропы. Я думаю, што нам трэба абавязкова знайсьці магчымасьці, каб спрасьціць выдачу візаў для жыхароў Беларусі, для візавай лібэралізацыі”.

Паводле Урмаса Паэта, каб разьвіваць стасункі, Беларусь павінна надалей паляпшаць сытуацыю з правамі і свабодамі чалавека. Гэта патрабуе ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці. Эстонія падтрымала багата праектаў, накіраваных на разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці. Спадар Паэт сказаў, што Эстонія і ЭЗ зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь крок за крокам адкрывалася ў бок Эўропы.

Нагадаем, 20 лютага 1992 году Эстонія прызнала незалежнасьць Беларусі, у гэтым жа годзе былі ўсталяваныя дыпляматычныя адносіны. Дагэтуль у Беларусі існавала прадстаўніцтва на ўзроўні консульства. Адносна будынка эстонскага консульства ўчыняліся акты вандалізму. Да прыкладу, у студзені 2007 году невядомыя запэцкалі будынак чорнай фарбай. Таксама консульства пікетавалі з санкцыі ўладаў сябры БРСМ і праўладнай кампартыі супраць пераносу помніка загінулым савецкім салдатам у Таліне. Пікетоўцы тады спалілі эстонскі сьцяг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG