Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкім настаўнікам загадалі сустрэць патрыярха


У межах свайго першага візыту ў Беларусь Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл наведвае Полацак. Пасьля сустрэчы ў Менску сёньня па абедзе Патрыярх Кірыл прыехаў у адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Тут ён прабудзе да нядзелі і сустрэнецца зь вернікамі ды прадстаўнікамі сьвецкіх уладаў.

Візіт патрыярха ў Полацак распачаўся ў Спаса–Ефрасінеўскім манастыры. Каб сустрэць яго прыйшлі каля тысячы палачанаў. Учора падчас сустрэчы зь кіраўніком Беларусі патрыярх сказаў, што знаходжаньне тут дасьць яму яшчэ адну магчымасьць “дакрануцца да жыцьця беларускага народу”. У Полацку на практыцы гэта адбываецца так.

Прыблізна чацьвёртую частку прысутных складае ахова рознага рангу, у тым ліку, кажуць, і прэзыдэнцкая. Каб трапіць бліжэй да Спаса-Ефрасінеўскага манастыра ахвотным даводзілася праходзіць асабісты дагляд і праверку мэтэлядэтэктарам.


Да візыту патрыярха рыхтаваліся загадзя. Да пад’езду да гораду збоку Менску яшчэ некалькі дзён таму зьявіліся білборды з прывітальнымі словамі. Падрыхтоўка вялася і ў самім Полацку, асабліва на тых гарадзкіх аб’ектах, якія заплянаваў наведаць патрыярх Кірыл.

помнік сьвятому Міколу Цудатворцу ў Полацку
Так яшчэ напярэдадні 24 верасьня, недалёка ад Спаса-Ефрасінеўскага манастрыа быў усталяваны помнік Міколу Цудатворцу. Ён быў падораны Полацкай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы расейскім дабрачынным фондам Сьвяціцеля Мікалая Цудатворцы. Бронзавы помнік мае вышыню 3,5 мэтры, важыць 3 тоны, а на мармуровым пастамэнце ёсьць надпіс “Сей памятник воздвигнут в честь посещения святейшим патриархом Московским и всея Руси Кириллом в лето 2009”.

Зьяўленьне гэтага помніка выклікала абурэньне значнай часткі палачанаў. Паэтка Лера Сом, якая нарадзілася ў Полацку і жыве тут зь дзяцінства, распавяла:

“На тым месцы, дзе сёньня стаіць Мікола Цудатворца раней быў знак, усталяваны ў памяць пра ахвяр фашызму, якія загінулі ў канцлягеры. Канцлягер мясьціўся якраз у ваколіцах Спаса-Ефрасінеўскага манастыра. Для многіх жыхароў Полацку гэтае месца зьвязана з памяцьцю пра закатаваных тут блізкіх і сваякоў.

Яшчэ расказвалі даволі цікавыя, але не дужа прыемныя рэчы. Напрыклад, паркет у Сьвятой Сафіі, у тых месцах, дзе ногі наведнікаў павыціралі яго, замест таго, каб замяніць, пафарбавалі масьленай фарбай. Да ўсяго, відаць, полацкія ўлады не спадзяваліся, што вельмі шмат вернікаў прыйдуць на спатканьне з патрыярхам Кірылам, і настаўнікам усіх школ гораду было загадана зьявіцца са сьцяжкамі менавіта да гэтага помніку Міколу Цудавторцу, які стаіць недалёка ад самога Спаса-Ефрасінеўскага манастыра ў 16.45 і стаяць да самага прыезду патрыярху.



У 17.00 прыкладна за 40 км ад Полацку яшчэ не выпускалі машыны з бакавых дарог, напрыклад з Ушачаў на менскую трасу. Прыкладна за 500 мэтраў спынялі машыны і прымушалі іх чакаць пакуль не праедзе патрыярх.”


Заўтра зранку патрыярх Кірыл возьме ўдзел у багаслужэньні ў храме Узьдвіжаньня сьвятога крыжа, а потым наведае Сафійскі сабор.

У другой палове дня 27 верасьня патрыярх Кірыл паедзе ў Віцебск. У праграме ягонага візыту ўскладаньне кветак да мэмарыялу ахвяраў нацызму і на плошчы Перамогі. Таксама патрыярх Кірыл мае наведаць новапабудаваныя храмы абласнога цэнтру ды правесьці кароткую імшу ў Сьвята-Пакроўскім саборы. 28 верасьня ён мае сустрэцца з моладзьдзю ў Віцебскім летнім амфітэатры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG