Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Усхопчык не зьбіраецца ўцякаць зь Беларусі


Уладзімер Усхопчык
Уладзімер Усхопчык

Гэнэрал-лейтэнант Уладзімер Усхопчык заявіў, што і пасьля апошняй заявы генэральнай пракуратуры Літвы не зьбіраецца зьяжджаць зь Беларусі, і гэтак абгрунтаваў сваю пазыцыю:

“А я не адчуваю за сабой віны, вось чаму. Гэтыя словы, звароты ды іншае — гэта ні пра што ня кажа. Канечне, падчас паездкі прэзыдэнта журналісты паднялі гэтае пытаньне, але гэта заўсёды так было. Таму мая пазыцыя застаецца ранейшая”.



Нагадаем, 16 верасьня ў Вільні журналісты спыталіся ў Аляксандра Лукашэнкі, чаму Беларусь не выдае Літве Ўладзімера Ўсхопчыка, якога падазраюць ва ўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту 3 студзеня 1991 году. “Калі ласка, прывозьце матэрыялы, і мы будзем прымаць адпаведнае рашэньне”, — адказаў Аляксандар Лукашэнка.

17 верасьня генэральная пракуратура Літвы накіравала ў Беларусь просьбу аб прававой дапамозе ў прыцягненьні да адказнасьці асобаў, якіх падазраюць у датычнасьці да “справы 13 студзеня”. Пра гэта паведаміў у адмысловай заяве для мэдыяў генэральны пракурор Літвы Альгімантас Валанцінас.

Вядома, што Ўладзімер Усхопчык, які ў 1991 годзе кіраваў Віленскім гарнізонам, фігуруе ў крымінальнай справе адносна спробы перавароту. Як паведамілі “Свабодзе” ў пракуратуры Літвы, з 1993 году ў Генэральную пракуратуру Беларусі неаднаразова дасылаліся просьбы адносна Ўладзімера Ўсхопчыка. “Беларусь адмаўлялася ад выдачы генэрала Ўсхопчыка, спасылаючыся на дамову аб нявыдачы асобаў, адносна якіх ёсьць падазрэньні ў палітычным перасьледзе”, — паведамілі ў пракуратуры Літвы.

“Вядома, гэта палітычная справа. Вінаватага ў тых злачынствах трэба шукаць ня ў Менску, а ў Маскве”, — заявіў сёньня “Свабодзе” Ўладзімер Усхопчык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG