Двухмоўе, або білінгвізм -- папераменнае карыстаньне дзьвюма мовамі. У Беларусі, паводле вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, праведзенага зь істотнымі парушэньнямі, расейская мова атрымала роўны афіцыйны статус зь беларускай. Такім чынам у Беларусі было ўведзенае гэтак званае двухмоўе на дзяржаўным узроўні.
Адным з абгрунтаваньняў увядзеньня двухмоўя стаў міт, што беларусы сьвядома адмовіліся ад роднай мовы і ўжо даўно самі выбралі для кантактаваньня расейскую мову, бо лічаць яе аднолькава роднай зь беларускай. А афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму нібыта пацьвердзілі, што беларусы – насамрэч двухмоўны народ.
Вячаслаў Ракіцкі: Агульнасьць мовы – адна з самых істотных прыкметаў нацыі. І раптам – беларусы становяцца двухмоўным народам. Ці ёсьць нейкія падобныя прыклады яшчэ ў Эўропе?
Валянцін Мазец: Двухмоўныя і нават болей моўныя краіны ёсьць – Фінляндыя, Швайцарыя, Бэльгія. Але гаворка ідзе пра краіны, у якіх пражываюць розныя нацыі ў прыкладна роўных, ці вялікіх прапорцыях. Але прыкладу двухмоўнага народу няма. І ня можа быць. Значыць, беларусаў штучна зрабілі двухмоўнымі. Двухмоўны народ – гэта міт і ня болей, але на яго падставе так актыўна пэўныя сілы рэалізуюць пэўныя мэты, так пасьлядоўна змушаюць да двухмоўя людзей, што тыя і насамрэч паверылі ў сваё двухмоўе.
Ракіцкі: Хто ж і зь якой мэтай праводзіць у Беларусі ў жыцьцё двухмоўе?
Мазец: Адкажу вельмі красамоўнай цытатай. Расейскі генэрал-губэрнатар М. А. Далгарукаў у 1833 годзе ў справаздачы цару Мікалаю I аб кіраваньні Віленскай і Гарадзенскай губэрнямі і Беластоцкай вобласьцю пісаў: “Ва ўсе часы, ва ўсіх краінах сьвету мова заўжды была і будзе непасрэднай зброяй урадаў для дасягненьня ўсемагчымых відаў і намераў. Усюды пануючая мова дзяржавы, як пануючае веравызнаньне, павінна мець перавагу перад мясцовымі гаворкамі аддаленых, памежных ці новадалучаных краінаў. Агульнае ўжываньне пануючай мовы ў дзяржаве непрыкметна збліжае разнародныя яе плямёны.. і нарэшце зьлівае ўсе чужацкія плямёны ў адзін народ”.Такім чынам,наБеларусі праводзілася моўная палітыка для ўмацаваньня расейскага панаваньня. Мова – адзін з магутных сродкаў ажыцьцяўленьня каляніяльнай палітыкі.
Ракіцкі: Якім быў працэс ўзьнікненьня і фармаваньня міту “беларусы – двухмоўны народ”?
Мазец: Дадзены міт фармаваўся цягам амаль што двух стагодзьдзяў. Пасьля далучэньня нашых зямель да Расейскай імпэрыі пачалося паступовае выцясьненьне з камунікатыўнай прасторы панаванай раней польскай мовы і замены на расейскую. Чарговы этап у
Мова – адзін з магутных сродкаў ажыцьцяўленьня каляніяльнай палітыкі.
Ракіцкі: Міт мітам, але ж народ працягваў гаварыць сваёй мовай. І гэты міт трэба ж было нейкім чынам укараняць у сьвядомасьць людзей. Гэта значыць, і прымушаць людзей гаварыць на чужой мове. Як гэта магло стацца магчымым?
Мазец: Абвешчаны партыйным кіраўніцтвам лёзунг пра непазьбежнае зьліцьцё нацыяў у працэсе будаўніцтва камунізму найбольш пасьлядоўна ажыцьцяўляўся на практыцы ў БССР, што прывяло да прыніжэньня ролі беларускай мовы літаральна ва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва і павелічэньня ролі расейскай мовы, якая зьяўлялася сродкам міжнацыянальных зносінаў. Найбольш адчувальным працэс русыфікацыі ў БССР быў у галіне адукацыі, як школьнай, так і вышэйшай. Гэта праявілася ў скарачэньні колькасьці беларускамоўных школ і павелічэньні колькасьці расейскамоўных. Абумоўлівалася такое становішча ў сфэры адукацыі шэрагам фактараў. Адным з такіх фактараў быў хранічны недахоп настаўнікаў. У БССР да 1 студзеня 1945 году вярнуліся толькі каля дзьвюх тысяч настаўнікаў-беларусаў. На працу ў БССР прыяжджалі настаўнікі зь іншых савецкіх рэспублік, якія ў большасьці сваёй ня ведалі беларускай мовы і не маглі выкладаць у школе на гэтай мове. Працэс русыфікацыі сыстэмы адукацыі пашыраўся таксама і ў сувязі з тым, што “ў школы рэспублікі ў велізарнай колькасьці паступалі падручнікі з Расейскай Фэдэрацыі пераважна на расейскай мове, што абавязвала будаваць на ёй і навучальна-выхаваўчы працэс”. У большасьці вышэйшых навучальных установаў пасьля вайны, з прычыны адсутнасьці кваліфікаваных кадраў беларускамоўных выкладчыкаў, навучаньне студэнтаў праводзілася на расейскай мове.
Ракіцкі: Хто канкрэтна, якія структуры, інстытуты практычна пашыралі выкарыстаньне расейскай мовы ў БССР?
Мазец: Галоўным правадніком палітыкі русыфікацыі выступалі дзяржаўна-партыйныя структуры. Так, у красавіку 1951 году Міністэрства асьветы БССР сваім загадам адмяніла ў расейскамоўных школах пераводныя іспыты і іспыты на атэстат сталасьці па беларускай мове. У 1952 годзе на прапанову ЦК КП(б)Б у Белдзяржунівэрсытэце, было абмежаванае выкладаньне беларускай гісторыі і культуры, праз некаторы час беларуская мова была амаль цалкам выцесьненая са сьценаў гэтай навучальнай установы, а катэдра гісторыі Беларусі – закрытая. Выступаючы на IV Пленуме ЦК КП(б)Б 25 – 27 чэрвеня 1953 году, міністар асьветы БССР І.Ільюшын адзначаў: “Няма чаго заплюшчваць вочы на той факт, што ў горадзе Менску, у абласных цэнтрах і многіх раённых цэнтрах у беларусаў (асабліва тых, што знаходзяцца на кіроўных пасадах) ёсьць імкненьне накіроўваць сваіх дзяцей вучыцца толькі ў рускую школу”. Русыфікацыя
Беларусы вымушаны былі пераходзіць на выкарыстаньне ў побыце і паўсядзённым жыцці расейскай мовы.
Ракіцкі: З галіной адукацыі ўсё зразумела. А як адбываліся гэтыя працэсы ў іншых сфэрах? Як там узмацняўся гэты міт?
Мазец: Рост прамысловага патэнцыялу БССР павялічваў тэмпы урбанізацыі і зьвязаныя зь ёй перамяшчэньні сельскага насельніцтва ў гарады. Адначасна з міжрэспубліканскай у БССР адбывалася інтэнсіўная ўнутраная міграцыя, якая ўплывала істотным чынам на суадносіны гарадзкога і сельскага насельніцтва. У даволі складаных і супярэчлівых працэсах адаптацыі беларусы вымушаны былі пераходзіць на выкарыстаньне ў побыце і паўсядзённым жыцці расейскай мовы, якая выступала ў якасьці галоўнага камунікатыўнага сродку літаральна для ўсіх нацыянальнасьцяў, што жывуць у гарадах Беларусі.
Ракіцкі: Ці існуюць нейкія афіцыйныя дадзеныя пра зьніжэньне ўдзельнай вагі беларусаў, якія валодалі беларускай мовай?
Мазец: Так, калі ў сельскай мясцовасьці з 1959 да 1989 году гэтае зьніжэньне склала каля паўтара працэнта, дык ўдзельная вага беларусаў у гарадах, якія назвалі роднай беларускую мову паменшылася з 77 з паловай працэнта да амаль 70 працэнтаў. Сярод гарадзкога насельніцтва ўдзельная вага беларусаў, якія назвалі роднай расейскую мову складала ў 1970 годзе 24%, у той час, як адпаведны паказчык па рэспубліцы складаў прыкладна 10 працэнтаў. Яшчэ большым быў гэты паказчык у Менску – амаль 40 працэнтаў беларусаў назвалі раусейкую мову роднай. Менш паловы жыхароў Менску, Гомелю, Віцебску, Горадні, Берасьця, Полацку, Бабруйску, Пінску і Наваполацку на перапісе 1989 году назвалі беларускую мову роднай.
Ракіцкі: Дык ці сапраўды беларусы дабраахвотна зрабілі сьвядомы выбар на карысьць расейскай мовы?
Мазец: 15 траўня 1957 году на паседжаньні Бюро ЦК КПБ быў зацьверджаны праект пастановы Савету Міністраў БССР “Пра парадак вызваленьня вучняў ад абавязковага вывучэньня беларускай мовы ў расейскіх школах БССР”. У адпаведнасьці з прынятай пастановай прадугледжвалася “дазволіць Міністэрству асьветы БССР вызваляць ад абавязковага вывучэньня беларускай мовы вучняў – дзяцей асобаў кадравага складу Савецкай Арміі, Ваенна-паветраных і Ваенна-марскіх сілаў і памежных войскаў, незалежна ад таго, у які кляс расейскай школы БССР яны паступаюць”. У 1959 годзе быў прыняты Закон СССР “Аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і пра далейшае разьвіцьцё сыстэмы народнай адукацыі ў СССР”. У адпаведнасьці з законам неабходнасьць вывучэньня роднай мовы тытульнай нацыі ў саюзных рэспубліках як асобнага прадмета ў расейскамоўных школах цалкам залежала ад жаданьня бацькоў і вучняў. Прыняцьце дадзенага Закону выклікала значнае павелічэньне колькасьці навучэнцаў расейскамоўных школаў. Былыя вайскоўцы і асобы, якія прыехалі на работу ў БССР з іншых саюзных рэспублік зьвярталіся ў Міністэрства асьветы з просьбамі вызваліць іх дзяцей ад вывучэньня беларускай мовы, матывуючы гэта неабходнасьцю вызваліць дзяцей ад перагрузкі вучэбнай працай, “так як яны не валодаюць беларускаю гутарковаю моваю, у сем’ях размаўляюць толькі на расейскай мове і ня бачаць практычнай мэтазгоднасьці вывучаць беларускую мову паралельна з вывучэньнем расейскай”. Такім чынам, вялася цынічная палітыка прымусу і завабліваньня беларусаў да дабраахвотнасьці адмаўленьня ад матчынай мовы.
Ракіцкі: Са свайго досьведу, са сваёй памяці, чалавека, які 17 гадоў гаварыў і вучыўся толькі на беларускай мове, а затым пры паступленьні ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт быў змушаны пераходзіць на чужую мне расейскую мову, скажу, што вырашальным момантам выбару беларусамі – школьнікамі і іх бацькамі -- школы з расейскай мовай навучаньня было і тое, што пасьля заканчэньоня сярэдняй школы на тэрыторыі БССР маладыя людзі маглі працягваць сваё навучаньне пераважна толькі на расейскай мове, а беларуская заставалася фактычна незапатрабаванай пры атрыманьні сярэдне-спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Мазец. Так. Беларуская мова і літаратура паступова выключаліся з ліку ўступных іспытаў пры наборы ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Гэтая тэндэнцыя намецілася яшчэ задоўга да вашага паступленьня ва ўнівэрсытэт, а менавіта: у 1945/46 навучальным годзе. Пры паступленьні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы з пятнаццаці ў васьмі прымаліся ўступныя іспыты па расейкай і беларускай мове і літаратуры. У пяці ВНУ ў пераліку уступных іспытаў беларуская мова і літаратура адсутнічалі. Уступныя
Вялася цынічная палітыка прымусу і завабліваньня беларусаў да дабраахвотнасьці адмаўленьня ад матчынай мовы.
Ракіцкі: Але тут я зноў узгадаў самы галоўны аспэкт нашай з вамі, Валянцін, гутаркі – дабраахвотнасьць. Усё ж дэмакратычна выглядала: абітурыенты самі выбіралі мову, на якой яны здавалі іспыты…
Мазец: І сапраўды. 25 чэрвеня 1966 году міністар асьветы БССР М. Дарашэвіч накіраваў рэктарам ВНУ распараджэньне, паводле якога абітурыентам дазвалялася здаваць вусныя ўступныя іспыты паводле жаданьня, як на расейскай, так і на беларускай мове. Выпускнікі беларускамоўных школаў на ўступных іспытах па мове і літаратуры атрымалі права выбару: пісаць твор на расейскай, або беларускай мове на ўсе спэцыяльнасьці, за выключэньнем толькі тых, дзе расейская мова была прафілюючай. На практыцы гэтае распараджэньне было праігнараванае ў большасьці ВНУ рэспублікі. У 1980 годзе з трыццаці аднаго толькі дванаццаць ВНУ рэспублікі далі магчымасьць здаваць уступныя іспыты па беларускай мове і літаратуры. Гэта тры ўнівэрсытэты: БДУ, Гомельскі і Гарадзенскі, пяць пэдагагічных інстытутаў, Мінскі інстытут культуры, Менскі пэдагагічны інстытут замежных моваў, Беларускі тэатральна-мастацкі і Гарадзенскі мэдычны інстытуты. Ніводны з тэхнічных, а таксама інстытуты сельскагаспадарчага профілю, дзе навучалася пераважна вясковая моладзь, як сьведчаць архіўныя дадзеныя, уступных іспытаў па беларускай мове і літаратуры не прымалі.
Ракіцкі: А што дрэннага нясе беларускай нацыі, беларускай дзяржаве такая сытуацыя? Можа, галоўнае – матэрыяльны дабрабыт, а ня мова? Можа, з расейскай мовай, якую нават кіраўнік краіны лічыць больш разьвітай за беларускую, лягчэй і хутчэй беларусы прыйдуць да так жаданага стандарту дабрабыту?
Мазец В: Вынікам панаваньня міту пра двухмоўны народ можа стацца моўная асіміляцыя беларусаў. А моўная асіміляцыя, як дакладна падкрэсьліла ў сваім дасьледаваньні Т.М. Мікуліч, “па-сутнасьці, ёсьць рашучы крок да поўнай этнічнай асіміляцыі”. Таму сёньня надзвычай актуальнай зьяўляецца праблема захаваньня і разьвіцьця нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, і у першую чаргу, беларускай мовы, якая зьяўляецца трывалай асновай самасьвядомасьці. І перш, чым стаць эўрапейцам, неабходна ўсё ж стаць беларусам. Тым больш, як паказвае вопыт суседніх дзяржаваў на постсавецкай прасторы, менавіта абарона інтарэсаў гэтак званага “расейскамоўнага насельніцтва” зьяўляецца дзейсным сродкам умяшаньня Расеі ва ўнутраныя справы гэтых краінаў. А там недалёка і да страты дзяржаўнасьці.
Вынікам панаваньня міту пра двухмоўны народ можа стацца моўная асіміляцыя беларусаў.
Ракіцкі: Як доўга яшчэ можа працягваць сваё існаваньне міт пра тое, што ў аднаго народу можа быць адначасна дзьве родныя мовы? Як доўга беларусы ў гэта будуць верыць і падпарадкоўвацца гэтай веры?
Мазец: А гэта залежыць, як ад уладных структураў рэспублікі, так і ад актыўнасьці грамадзкасьці. Калі беларусы выкажуць актыўнае жаданьне быць беларусамі, а не насельніцтвам, дзяржавы пад назваю Рэспубліка Беларусь, то шанцаў на існаваньне гэтага міту мала. Кожны павінен пачынаць з сябе, размаўляць паўсюль на сваёй адзінай роднай мове. Бо ў прыродзе толькі зьмяя мае раздвоены язык, але ні ў якім разе не чалавек, а тым больш цэлы народ.