Пра гэта кіраўнік італьянскага замежнапалітычнага ведамства заявіў у часе сустрэчы з прадстаўнікамі сем’яў, якія займаюцца арганізацыяй адпачынку беларускіх дзяцей, а таксама ўсынаўленьнем.
Міністар Фратыні падкрэсьліў, што ягоная паездка ў Беларусь адбудзецца ў адказ на візыт у Рым прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і ў знак умацаваньня сувязяў паміж Італіяй і Беларусьсю.
Сёлета ў красавіку Італія стала першай краінай, якая, паводле вызначэньня італьянскіх мэдыяў, вітала дзяржаўнага кіраўніка, які мае рэпутацыю “апошняга дыктатара Эўропы”.
У часе сустрэчы з італьянскімі сем’ямі міністар Фратыні, аднак, нічога не паведаміў пра тое, ці зьбіраецца наведаць Менск таксама запрошаны беларускім прэзыдэнтам прэм’ер Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі. Раней беларускія СМІ са спасылкай на Аляксандра Лукашэнку перадавалі, што візыт кіраўніка італьянскага ўраду ў Беларусь заплянаваны на восень.
Паводле Франка Фратыні, італьянскі ўрад мае намер абмеркаваць некаторыя аспэкты адпачынку і ўсынаўленьня дзяцей, у тым ліку заключыць рамкавае пагадненьне аб доўгатэрміновым культурным абмене дзецьмі, старэйшымі за 14 гадоў. Менавіта гэтая ўзроставая катэгорыя мае пэўныя абмежаваньні для замежных паездак.
Італьянскі ўрад заклікаў сем’і, якія прымаюць у сябе беларускіх дзяцей, дакладна выконваць заключаныя раней міждзяржаўныя пагадненьні паміж Італіяй і Беларусьсю. Размова ідзе найперш пра вяртаньне непаўналетніх беларускіх грамадзянаў дадому.
У сваю чаргу, італьянскія сем’і выказалі задавальненьне дзейнасьцю кабінэта Фратыні ў гэтым напрамку. Паводле іх словаў, за час знаходжаньня на пасадзе міністар зрабіў усё, каб аднавіць вакацыі беларускіх дзяцей у Італіі. Гэтыя паездкі былі спыненыя ў выніку дыпляматычнага скандалу ў верасьні 2006 году, калі сямейная пара Джуста-Барначын не захацела вяртаць у Беларусь выхаванку Вілейскага інтэрнату Віку Мароз. Італьянскія сем’і таксама падзякавалі міністру за яго пасьлядоўную крытычную пазыцыю ў дачыненьні да тых палітыкаў, якія выступалі за ізаляцыю Беларусі.