Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: вяскоўцаў штрафуюць за бярозавы венік


Нарыхтоўваць бярозавыя венікі цяпер небясьпечна: могуць затрымаць і абкласьці штрафам. Для жыхароў лясных вёсак таксама значна падаражэлі дровы. Мясцовая ўлада такім чынам спрабуе кампэнсаваць страты, панесеныя ў выніку зьніжэньня экспарту драўніны.



Больш як 50 працэнтаў тэрыторыі Ганцавіцкага раёну займаюць лясы. Драўніну на экспарт нарыхтоўваюць 14 дробных камэрцыйных прадпрыемстваў і Ганцавіцкі дзяржаўны лясгас. Дырэктар лясгасу Аляксандар Муха тлумачыць, што ўсясьветны крызіс спрычыніўся да скарачэньня аб’ёмаў продажу лесу ў краіны Эўропы:

Фінляндыя сёлета купіць толькі чвэрць драўніны ад аб’ёмаў мінулага года.
“Экспартуем у асноўным дробнатаварную драўніну, зь якой вырабляюць паперу. Калі экспарт скараціўся, то скарацілася і вытворчасьць. У нас Фінляндыя была партнэрам. Яна сёлета возьме блізу 25% ад мінулага году”.

Са словаў дырэктара лясгасу, ратаваць прадпрыемства дапамагаюць цяпер так званыя непапулярныя захады, перадусім павышэньне коштаў на драўніну. Адзін кубамэтар беразьняку — найбольш хадавога віду паліва — каштуе больш як 12 тысяч рублёў. Але і па такім кошце адзін чалавек можа набыць толькі сем кубамэтраў. Калі больш, то кошт ужо перавышае 20 тысяч рублёў. Ці па кішэні такі прэйскурант? Вось што адказваюць вяскоўцы.

“Канечне, дорага, — лічыць Віталь Бойка, — у нас заробкі малыя, пэнсіі — таксама”.

“Аддасі сто тысяч рублёў у месяц за лекі, — вось і па той пэнсіі, — скардзіцца былая рабочая Круговіцкага лясьніцтва Ніна Ярушэвіч, — а сем мэтраў на зіму мала, нават на 14 мэтрах зіму прапаліць цяжка”.

За галінкі для венічка жыхара лясной вёскі аштрафавалі на 50 тысяч рублёў.
Палешукі таксама кажуць, што сытуацыю з падаражэньнем падагравае дзяржаўная інспэкцыя аховы прыроды. Вяскоўцаў на кожным кроку штрафуюць. Нават за нарыхтоўку венікаў атрымаў штраф Віталь Бойка. Ён кажа, што прымусілі заплаціць ажно 50 тысяч рублёў за бярозавыя галінкі:

“Хаця ніжнія лапкі самі засыхаюць. Іх бясшкодна можна зрэзваць.

А каб легалізаваць нарыхтоўку венікаў, трэба ехаць у лясгас і пісаць заяву на імя дырэктара, тады выпішуць лясны білет. За самавольна зрэзанае дрэва — штраф нашмат большы“.

“Зрэзаў бярэзінку ля хаты, атрымаў ад аховы мільён штрафу”, — прыгадваюць сьвежы выпадак вяскоўцы.

Жыхары лясной вёскі Круговічы Ганцавіцкага раёну пераконваюць, што ў крызіс ім жыць усё цяжэй. Дарагімі сталі ня толькі дровы, але і брыкетаваны торф. Акрамя таго, адразу на 30 працэнтаў падаражэў балённы газ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG