Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы беларускага лесу


Аляксандар Уліцёнак, Менск Беларусь – лясная краіна. Па колькасьці запасу драўніны на чалавека яна ўдвая перавышае сярэднеэўрапейскі паказьнік. Прычым лясны фонд няспынна павялічваецца: за апошняе дзесяцігодзьдзе ажно на 7 працэнтаў, што дае падставу чыноўнікам казаць пра пасьпяховае разьвіцьцё лясной гаспадаркі. Пра тое, ці так гэта насамрэч, і пойдзе размова ў чарговай тэматычнай перадачы з сэрыі “Падарожжы Свабоды”.

Толькі што Мінлясгас паведаміў: лясы займаюць ня трэцюю частку краіны, як лічылася яшчэ гады два таму, а – 40 працэнтаў.

Кожнае пятае беларускае дрэва – бяроза. Беластволыя гаі сёньня перапоўненыя людзьмі: цягнуцца за бярозавікам, у магазінах толькі што зьявіўся першы сок гэтага сэзону. Прадаецца бойка, яму рады. Але ня ўсе. Вядомы беларускі публіцыст, лідэр грамадзянскай экалягічнай ініцыятывы “Тэра-канвэнцыя” Валер Дранчук атэстуе працэс нарыхтоўкі бярозавіку вельмі рэзка: маўляў, скрозь не захоўваецца тэхналёгія, мала хто думае, як тое шкодзіць дрэвам.

(Дранчук: ) "Іх можа праз два-тры гады ня быць: таму што гэта не адпавядае стандартам сокапусканьня. Тут ужо браканьерства, тут ужо барбарства..."

На думку спадара Дранчука, нібыта дробная сытуацыя зь бярозавікам выдатна ілюструе тое, як ставяцца грамадзтва і дзяржава ў цэлым да лесу. Здавалася б, што прасьцей: навучыце людзей досыць простай тэхналёгіі, арганізуйце кантроль, папрацуйце з асартымэнтам, рынкамі збыту... Нібыта ўсё відавочна, а зрухаў да лепшага практычна не заўважна:

(Дранчук: ) "Калі, скажам, за польскім часам былі паставыя, яны на ўсё гэта зважалі: бяруць сок зь бярозы – яны зьвярталі ўвагу, якім чынам гэта робяць. А хто сёньня на гэта глядзіць? Грамадзкія ахоўнікі прыроды зьніклі! Інспэкцыі прыродных рэсурсаў на месцах не займаюцца тым, каб грамадзтва было патэнцыйна прыродаахоўным. Няма, няма ў грамадзтве вось таго слою, які б актыўна й сьвядома абараняў прыроду штодзень – на мясцовым, так бы мовіць, клетачным узроўні".

Вось найноўшы парадокс: усё больш людзей, паводле сацыёлягаў, зьвязваюць свой адпачынак з прыродай, аднак лес, так бы мовіць, аддаляецца. Яго мала ведаюць, зь ім не асабліва цырымоняцца: калечаць пры зборы таго ж бярозавіку, дзесяткамі, а то і сотнямі гектараў ён выгарае падчас веснавых палаў травы. А маўклівая абыякавасьць да таго, што дазваляюць рабіць у ім улады?

(Васіль: ) “Прыехаў нейкі немец да нас, забіў глушца, якіх у нас і так адзінкі засталіся, і ганарымся, што ён 400 эўра заплаціў ці колькі. А тое, што гэтых глушцоў у лесе не застанецца, ну як бы нікога не… Во, у нас гонар: прыехаў немец і зь ім палявалі! Мне, як чалавеку, які любіць лес, не падабаецца гэта...”

Цікава, што спадар Васіль прасіў не называць ягонае прозьвішча: ня хоча псаваць адносіны зь мясцовым лесьніком. Маўляў, той чалавек падуладны – шкоду такой дзяржаўнай палітыкі разумее, аднак жа мусіць выконваць загады... Шкада чалавека, які пасьля вайны гэты лес, лічы, і пасадзіў...

(Казловіч: ) "Я ведаю вельмі многа лесьнікоў: цудоўныя людзі! Менавіта яны выратавалі наш лес. Але, на жаль, не для народу, не для нас – для начальства. Менавіта начальства езьдзіць зараз у гэтыя новаствораныя пушчы. Каб там выпіць, каб забіць аленя, зубра, дзіка, каб вылавіць апошнюю рыбу... Вось гэтыя мае сябры-лесьнікі, егеры, якія паўстаюць супраць новай навалы, супраць навалы ўлады на лес, гэтых лесьнікоў судзяць. Іх даводзяць да турмы, гэта героі сучасныя..."

Публіцыст Анатоль Казловіч ведае, пра што гаворыць. Чвэрць стагодзьдзя таму сваімі палкімі публікацыямі ў беларускім друку ён шмат зрабіў для выратаваньня беларускага лесу, чым і ганарыцца. Аднак кажа, што зараз друкаваным словам зялёнага сябра асабліва не абароніш. Бо згасае грамадзкая падтрымка энтузіястаў, якія б’юць у званы. Размаўляем пра тое з Валерам Дранчуком:

(Карэспандэнт: ) "Чаго не стае сёньняшняму веснавому беларускаму "зялёнаму" руху?"

(Дранчук: ) "Рух соку і "зялёны" рух – добрае такое спалучэньне... "Зялёнага" руху няма! Сёньня востра бракуе кантрольных дзеяньняў з боку "зялёных" арганізацый у дачыненьні да вось гэтай біялягічнай спадчыны, якую мы называем пад нумарам адзін – маю на ўвазе лес. Сёньня ў Беларусі няма ніводнай незалежнай грамадзкай арганізацыі, якая б адсочвала лесакарыстаньне ў краіне. Арганізацыі, якая б лабіравала новыя экалягічна адэкватныя тэхналёгіі й падыходы насуперак жорсткай эксплюатацыі. І, што мае месца асабліва ў апошні час – гэта камэрцыялізацыя айчыннай лесагаспадаркі".

Ва ўмовах, калі грамадзкі кантроль адсутнічае, гаспадарнікі пачуваюць сябе досыць вольна. Бо да інспэктараў “зьверху” яны прыстасаваліся яшчэ ад Саветаў. І трэба ўлічыць, што сёньняшнія праверкі ў асноўным скіраваныя на тое, каб дабіцца падвышэньня рэнтабэльнасьці галіны хіба ці не за любы кошт. Задача для стратнай на сёньня галіны сфармуляваная жорстка: яна экстранна мусіць выйсьці на поўную самаакупнасьць.

Уладзімер Зяленскі – дырэктар аднаго з 95 лясгасаў краіны, Буда-Кашалёўскага. Ён адзіны сярод калегаў, хто абараніў кандыдацкую дысэртацыю па лясной справе. Спадар Зяленскі належыць да тых нямногіх гаспадарнікаў, якія з энтузіязмам глядзяць у пэрспэктыву, спадзяюцца выйсьці на кантрольныя лічбы...

(Зяленскі: ) “...За кошт правільнага лесакарыстаньня. Найперш мы пазбавіліся цэха перапрацоўкі. Мы яго прадалі. І зараз мы толькі займаемся нарыхтоўкай і продажам круглага лесу. Інакш кажучы, мы ўзялі на сябе асноўную задачу, якая стаіць перад галіной – гэта павелічэньне нарыхтоўкі леса і продаж леса ў нарыхтаваным выглядзе”.

Як лічыць спадар Зяленскі, перапрацоўкай мусіць займацца не лясгас зь яго сёньняшнімі маламоцнымі цэхамі, а прадпрыемствы канцэрну “Беллесбудпрам”. Маўляў, менавіта там і забясьпечваецца глыбокая перапрацоўка драўніны. Гэта па-першае. А па-другое...

(Зяленскі: ) “...Попыт на круглую драўніну, як у нас, на ўнутраным рынку, так і ў блізкім і далёкім замежжы расьце. І цэны растуць. За конт гэтага мы і будзем рэалізоўваць пераход на самафінансаваньне. Праз павелічэньне нарыхтоўкі, пошук нармалёвых партнэраў”.

Аднак Валеры Дранчук не ў захапленьні ад такой тактыкі. Ён спасылаецца на рэкамэндацыі экспэртаў ААН падчас узгадненьня некаторых сумесных праграмаў у беларускай лесагаспадарчай галіне. Эколяг нагадвае асобныя парады:

(Дранчук: ) "Пашыраць выкарыстаньне такіх лесапрадуктаў, як лекавыя расьліны, фарбавальнікі, фураж... Стымуляваць працу мясцовых майстроў-умельцаў..." Гэта вось тое, пра што я казаў: глыбокая перапрацоўка, глыбокае лесакарыстаньне, якое б давала працу і заробак мясцовым жыхарам. І гэта б стымулявала прыродазьберажэньне, адносіны да прыроды наагул. Вось прайшло 15 гадоў – і я ня бачу, каб гэтыя прынцыпы ў нас прыжыліся. Наадварот, мы адышлі, мы аддаліліся ад іх!"

Лепшая ілюстрацыя сказанага – крамы і аптэкі: там безьліч немудрагелістых вырабаў з дрэва, звычайных лекавых збораў маюць расейскую ці ўкраінскую маркіроўку... Няўжо сапраўды нельга наладзіць іх вытворчасьць у сябе, дома? Між тым добра вядома, як востра стаіць у лясной глыбінцы праблема працаўладкаваньня. Буда-Кашалёўскі раён – не выключэньне. Вось і абураецца спадар Дранчук:

(Дранчук: ) "Гэта самае прымітыўнае, гэта самае дурнотнае, мне здаецца, стаўленьне адносіцца так: вось драўніна і ўсё! Вось дошка і ўсё! Вось з такім падыходам трэба змагацца, трэба пераконваць у тым, што гэта недапушчальна".

У адказ гаспадарнікі цьвердзяць: ня ўсё так проста... Напрыклад, паўсюль у сьвеце спажыўцы, у тым ліку й айчынныя, прыглядаюцца сёньня да прадукцыі з драўніны мяккалісьцевых парод. А ў Беларусі найбольш пашыраныя хваёвыя пароды: сасна складае палову ад агульнага фонду, ды ёлка – 10 працэнтаў. Апошняя адцягвае на сябе шмат часу і сродкаў, кажа галоўны лясьнічы Магілёўскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднаньня Андрэй Пракошын:

(Пракошын: ) “У нас сёньня асноўная праблема – гэта ўсыханьне ельнікаў. Мы ў меру сваіх магчымасьцяў і здольнасьцяў спрабуем з гэтым працэсам змагацца, але пакуль, аналізуючы дынаміку ўсыханьня апошніх гадоў, паляпшэньня мы ня бачым”.

Галоўны сродак барацьбы зь нечаканай бядой – вырубка хворага ельніку. Яна вельмі інтэнсіўная, аднак спэцыялісты ня вельмі хвалююцца. Маўляў, на агульным балянсе тое не адаб’ецца. Бо, паводле закону, не пазьней як праз тры гады вырубкі належыць засадзіць, што й робіцца. Аднак спадар Васіль зь Бялыніцкага раёну кажа, што часьцей усё гладка толькі на паперы...

(Васіль: ) “Цяпер такое рэдка пабачыш. І паступова сасновыя бары, якія былі раней “звонкія”, карабельныя гаі, сыходзяць у нябыт. Мы кажам, што моцна клапоцімся, прыродаахоўныя мерапрыемствы ўсялякія робім. На самой справе гэта больш дэкляруецца, чым робіцца”.

Мэханік Васіль – “лясны” патрыёт. Неабыякавы да ляснога гоману і публіцыст Анатоль Казловіч. Ён з тых, хто бясконца спрачаецца з начальствам, як можа, дабіваецца выпраўленьня сытуацыі. Але падчас нашай размовы раптам заявіў, што дзеля справядлівасьці мусіць сказаць добрае слова на адрас уладаў:

(Казловіч: ) "Толькі што праехаў праз Эўропу ў Нямеччыну. І назіраў за станам нямецкіх лясоў – ён вельмі дрэнны. Дрэвы валяцца, і іх ніхто не падбірае... Немцам не да лесу зараз – ім бы выжыць... Многа праблем, зьвязаных з аб''яднаньнем. На іх тле нашы лясы, асабліва прыдарожныя, у цудоўным стане! Шухер "бацька" навёў..."

Сапраўды, парадак асабліва заўважны ў лясных масівах, якія перасякаюць ажыўленыя трасы. Аднак спэцыялісты лічаць, што трэба глядзець глыбей – ня проста выпілоўваць сушняк, траляваць паваленае бураломам, а займацца рэструктурызацыяй галіны.

Беларускі лес мусіць прыстасоўвацца да новых патрабаваньняў часу. На міжнародным рынку, напрыклад, зараз растуць цэны на драўніну мяккалісьцевых пародаў. А іх у краіне зусім мала. Гэта – толькі адзін з пралікаў у плянаваньні разьвіцьця галіны, разважае дырэктар Буда-Кашалёўскага лясгасу Ўладзімер Зяленскі:

(Зяленскі: ) “Зь 1 студзеня 2007 году мы павінны перайсьці на поўную самаакупнасьць. У нас, уласна кажучы, засталося паўтары гады. А галіна яшчэ, калі падыйсьці крытычна, яна яшчэ ня асэнсавала гэта і не гатовая поўнасьцю. Павінна быць узважаная пародная структура, і наагул мы павінны займацца біялягічным уразнастайваньнем – пашырэньнем відавога складу нашых лясоў. Зараз самы вялікі попыт за мяжою, як ня дзіўна, на вольху і асіну”.

За мяжой яны цалкам замянілі дуб. А ўздоўж Прыпяці пад пілу пускаюць прыродных асілкаў, якім за сотню гадоў. Бо – устаноўка: выйсьці на самаакупнасьць. Хто не адужае плянку даведзенага заданьня, той згубіць працу. Таму й равуць у лясах бэнзапілы, зьвіняць піларамы. Нават там, дзе пакінуў свой сьлед Чарнобыль. Людзі ўжо пасьпелі забыцца на тое, што гэтыя дрэвы некалі выратавалі іх.

(Пракошын: ) “Лес на сябе асноўны ўдар прыняў і затрымаў распаўсюд гэтай радыяктыўнай плямы. Таму што інакш усё было б разьнесена ветрам. Асабліва ў першыя гады, калі ўся гэтая радыяцыя была ў верхніх слаях глебы і вельмі актыўна разносілася вятрамі, водамі й гэтак далей”.

Галоўнага лясьнічага з Магілёўшчыны Андрэя Пракошына дапаўняе лясьнічы з Гомельшчыны Людміла Марчанка:

(Марчанка: ) “У мяне ўсё лясьніцтва забруджанае. Цэзіем і стронцыем. Некалькі сотняў гектараў толькі адкрытыя ўчасткі, а так закрытыя. Ні ягады, ні грыбы, ні пабочнае карыстаньне ў нас недапушчальныя”.

Аднак гэта зноў жа на паперы. А ў жыцьці па-іншаму: ходзяць, пілуюць, зьбіраюць... Зараз, напрыклад, бярозавік. У хворым лесе... Як не шкадуюць сябе, то што ўжо казаць пра гаі з пушчамі? Адно чапляецца за другое і правакуе бяду, лічыць эколяг Валер Дранчук:

(Дранчук: ) "Месца прыродалюбных адносінаў да лесу, да прыродных асяродкаў заступаюць менавіта эксплюатацыйныя падыходы! Паміж жаданым і рэальным тут проста прорва на сёньняшні дзень..."

І калі кажуць, што прырода – гэта храм, дык дарога да яго вельмі доўгая...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG