Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кухлей: “Масты – Брусэлю: вы грошы дайце, а мы “адсправаздачымся”


Зьміцер Кухлей
Зьміцер Кухлей

Сёньня грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Зьміцер Кухлей з Мастоў разважае над тым, як выглядае так званая лібэралізацыя рэжыму ў рэгіянальным фармаце.


- Асабіста я на мясцовым узроўні ня бачу аніякіх зьменаў, што тычыцца лібэралізацыі. Так, за апошні час нашыя актывісты падавалі шэраг заяваў на правядзеньне пікетаў, сходаў грамадзянаў, іншых акцыяў, але ж не была задаволеная ні адна заяўка.

Гэтаксама спрабаваў надрукаваць артыкул у тутэйшай газэце “Зара над Нёманам” пра мясцовае самакіраваньне – зноўку атрымаў ад рэдактара адпіску.

Паспрабаваў зацягнуць у супрацоўніцтва з захадам мясцовы Савет і райвыканкам. Першаму прапанаваў стварыць камісію па эўраінтэграцыі, а выканаўчай уладзе – грамадзка-кансультатыўную раду ў тым жа накірунку. І сярод асноўных мэтаў падаў прыцягненьне ў рэгіён сродкаў Эўразьвязу. Здавалася, гэтым мусілі зацікавіцца!

Менавіта “здавалася б”: толькі што я вярнуўся з выканкаму, дзе абмяркоўваў пытаньне стварэньня Рады. На жаль, паразуменьня не дабіўся.

Яны мне кажуць: хай замежныя фонды пераводзяць грошы на рахунак райвыканкаму, а далей мы ўжо самі разьбярэмся!

Даводзяць: што, эўрапейцы дадуць нам сродкі для будаўніцтва станцыі абезжалезваньня? Не, не дадуць! Дык навошта кланяцца?

То бок мяркуюць, што валюту ім хтосьці аддасьць проста так, ні за што, без перамоваў, удакладненьняў...

На адпаведныя мае аргумэнты ў бок цывілізаваных стасункаў, што мусіць быць нашая прагматычная сумленная ініцыятыва і праца намесьнік старшыні амбіцыйна цьвердзіць: выканаўчы камітэт менавіта так і працуе...

Я даводжу, што да такой дзейнасьці неабходна далучаць ня толькі чыноўнікаў, але і шарагоўцаў, грамадзкія аб’яднаньні, а ў адказ чую: і без таго імкнуцца так рабіць! Толькі ж, маўляў, тым намаганьням замінае адсутнасьць сустрэчнай ініцыятывы: “Людзі ў раёне неактыўныя, нічога ня хочуць арганізоўваць, рэгістраваць...”

Але дзе вытокі, прычыны такога становішча? Тут улады ўжо думаць ня хочуць.

Як і агульнанацыянальнае кіраўніцтва, на месцах зьвяртаюць увагу выключна на эканамічны бок любога супрацоўніцтва. Прычым у такім вось альгарытме: вы нам дайце грошы, а мы ўжо самі вырашым, куды іх скіраваць, і не хвалюйцеся – адсправаздачымся!

Яны не разумеюць, што такая запатрабаваная зараз актыўнасьць людзей падобнымі мэтадамі не ўздымаецца. І што ва ўсіх дзеяньнях уладаў патрабуецца цяпер менавіта празрыстасьць. Аднак вэртыкаль прызвычаілася толькі спажываць фінансавыя рэсурсы, браць іх без асаблівых высілкаў.

А тут – размова пра неабходнасьць сыстэмнай працы. І ў першую чаргу – менавіта сярод вэртыкальнікаў, каб яны зразумелі выгады партнэрства як з Эўразьвязам, так і з тамтэйшай грамадой.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Зьміцер Кухлей з Мастоў. Ён – адзіны на Гарадзеншчыне дэпутат райсавету ад дэмакратычных сілаў. 29 гадоў, жанаты. Быў сябрам “Маладога Фронту”, стаў адным зь ініцыятараў утварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, актывіст руху “За свабоду”. Закончыў Баранавіцкі вышэйшы пэдагагічны каледж, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, магістар паліталёгіі. Нядаўна Зьміцер атрымаў вестку: зь ім не прадоўжылі працоўны кантракт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG