Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кухлей: “Мясцовыя саветы — люстэрка паліткультуры грамадзтва”


Зьміцер Кухлей
Зьміцер Кухлей
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Зьміцер Кухлей з Мастоў. Ён — адзіны на Гарадзеншчыне дэпутат райсавету ад дэмакратычных сілаў. 29 гадоў, жанаты. Быў сябрам “Маладога Фронту”, стаў адным з ініцыятараў утварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, актывіст руху “За свабоду”. Закончыў Баранавіцкі вышэйшы пэдагагічны каледж, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, магістар паліталёгіі. Нядаўна Зьміцер атрымаў вестку: зь ім не прадоўжылі працоўны кантракт. Дабіцца справядлівасьці не дапамог і суд, які адбыўся ў мінулую пятніцу. Сёньня спадар Кухлей разважае над тым, чаму ў рэгіёнах не разумеюць ролі мясцовага самакіраваньня.

— Cярод палітычных элітаў, асабліва апазыцыйных, пануе думка, што перамены прыйдуць адразу са зьмяшчэньнем цяперашняга прэзыдэнта. І таму ўсе высілкі кідаюцца менавіта на прэзыдэнцкія кампаніі, раскрутку агульнанацыянальных лідэраў, якія тым ня менш увесь час мяняюцца, бо сварацца міжсобку.

І пры гэтым мала ўвагі надаецца мясцовым выбарам. Яны, звычайна, праходзяць незаўважна. Пры малой актыўнасьці як выбарцаў, гэтак і партый. Або палітычных лідэраў і грамадзкіх актывістаў.

Падчас апошняй кампаніі апазыцыйныя сілы ледзьве змаглі выставіць тысячу кандыдатаў на больш чым за дваццаць тысячаў месцаў у саветах.
Напрыклад, падчас апошняй кампаніі апазыцыйныя сілы ледзьве змаглі выставіць тысячу кандыдатаў на больш чым за дваццаць тысячаў месцаў у саветах.

На маю ж думку, трэба значна большую ўвагу надаваць гэтаму ўзроўню ўлады, які ёсьць адлюстраваньнем палітычнай культуры ўсяго грамадзтва.

Прыкладам магу прывесьці сваю дзейнасьць у савеце.

Падчас адной з апошнія сэсіяў райсавету прымаўся гадавы бюджэт раёну. Я пачаў задаваць пытаньні па розных яго пунктах. І ўжо літаральна пасьля трэцяй спробы разабрацца ў дэталях старшыня бестактоўна перасьцярог мяне: “Ну, хопіць цікаўнасьці!”

Заля адазвалася на рэпліку незадаволеным гулам — аднак падтрымалі менавіта вядучага, а не мяне. Ён адчуў гэта і пераможна сказаў: “Разумееш, Дзіма, тут людзі занятыя, у іх яшчэ дома шмат працы. Так што сядай і давайце хутчэй прымаць бюджэт! Хоць і разумею: табе хочацца парысавацца перад усімі!”

Ніхто з прысутных, акрамя мяне, зразумела, нават і не паспрабаваў запярэчыць… Наадварот, яны ўзрадаваліся!

А я ў чарговы раз падумаў: людзі прыйшлі на сэсію раз на тры месяцы і ня могуць аддаць ёй болей за тры гадзіны, а тут жа абмяркоўваецца такое важнае пытаньне!

Дарма што большасьць дэпутатаў атрымалі гэты дакумэнт перад уваходам у залю паседжаньняў і, магчыма, нават не глядзелі тыя лічбы, факты, схемы…

Ня дзіва, што меней чым празь месяц мы сабраліся разам зноўку на сэсію, каб прыняць зьмены ў бюджэт. А пралікі былі відавочныя ўжо тады, калі ўсе маўчалі ды імкнуліся хутчэй прагаласаваць.

Чаму зьдзіўляцца, калі большасьць сёньняшніх дэпутатаў нават і ня ведаюць, для чаго яны абіраліся і навошта гэта ім трэба…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG