Зьміцер Кухлей, сябра руху “За свабоду”, — адзіны апазыцыйны дэпутат раённага савету на ўсю вобласьць.
Крытычны артыкул ён прынёс у рэдакцыю раённай газэты пасьля сэсіі, на якой дэпутаты прымалі бюджэт раёну на наступны год. Раённы савет, дарэчы, — адзін з заснавальнікаў газэты.
У артыкуле дэпутат распавядаў, што тэкст бюджэту дэпутатам раздалі ў той самы дзень і што многія яго нават не чыталі, а адразу прагаласавалі.
Кухлей: “Крытыка там датычыла найперш дэпутатаў, паколькі яны большасьцю практычна ня ўдзельнічаюць у працэсе, а прысутнічаюць як статысты. Але асноўны пасыл быў скіраваны менавіта да выбарцаў, каб яны думалі, калі аддаюць свае галасы, альбо актыўней самі вылучалі сваіх кандыдатаў”.
Вось што пісьмова адказаў дэпутату рэдактар раёнкі спадар Зьвяровіч: “Рэдакцыя газэты ня можа апублікаваць ваш матэрыял, паколькі лічыць, што ў раёне многа зроблена і робіцца па добраўпарадкаваньні населеных пунктаў, дэпутаты раённага савету прымаюць актыўны ўдзел у вырашэньні ўсіх жыцьцёвых праблем насельніцтва...”
Гэта ўжо ня першы матэрыял, са слоў дэпутата, які раёнка адмовілася друкаваць. Зьміцер Кухлей распавядае, што напачатку ён прыносіў у рэдакцыю невялікія нататкі пра тое, як разам з гараджанамі парадкаваў вуліцы, тэрыторыі, але гэтага таксама не друкавалі.
У студзені Зьміцер Кухлей быў адзіным у Мастах, хто пасьля дэвальвацыі рубля папрасіў дазволу правесьці пікет з патрабаваньнем да ўладаў спыніць зьбядненьне насельніцтва. Яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што мэта акцыі не адпавядае пікету.
У сьнежні са Зьмітром Кухлеем не падоўжыла кантракту адміністрацыя “Мастоўдрэва”, дзе ён працаваў перакладчыкам з ангельскай мовы. Звальненьне адбылося насуперак заканадаўству, паколькі дэпутата могуць звольніць з працы толькі са згоды сэсіі раённага савету. Цяпер справа ў судзе.
Пры звальненьні высьветлілася, што адміністрацыя недалічыла спадару Кухлею грошай. Зьміцер Кухлей выклікаў на прадпрыемства праверку, і ў выніку зараз пачаліся даплаты ўсяму калектыву прадпрыемства — у сярэднім па 200 тысяч рублёў.
Размаўляючы са мной, Зьміцер Кухлей яшчэ раз узгадаў пра абвешчаную ўладамі лібэралізацыю, падкрэсьліўшы, што гэта толькі штучныя крокі для вонкавага выгляду, якія па сутнасьці ў краіне нічога не зьмяняюць.
Кухлей: “Эўразьвяз, маючы жаданьне ўцягнуць Беларусь у сфэру свайго ўплыву, ідзе на саступкі беларускім уладам, што ў будучыні можа пагоршыць сытуацыю”.