Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры пажаданьні новаму патрыярху


Тое, што пераемнікам Аляксія Другога будзе мітрапаліт Кірыл, я ўгадаў без асаблівай цяжкасьці адразу пасьля скону Аляксія. Проста яму амаль не было альтэрнатывы. Цяжэй угадаць, нават з улікам ягонай прадказальнасьці, што чакае Кірыла на новай пасадзе, зь якімі праблемамі ён сутыкнецца, куды павядзе Царкву, які абярэ курс. Мне падаецца, што яго чакае карпатлівая праца не над пашырэньнем расейскага праваслаўя, а над яго паглыбленьнем, і жадаю яму, каб ён справіўся найперш з гэтай задачай.

Першае заданьне

З нагоды абраньня мітрапаліта Кірыла новым патрыярхам Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва перадрукавала гадавой даўніны інтэрвію зь ім. Ён сказаў: "За апошнія гады мы перайшлі этап, які я назваў бы "першым этапам". Мы найперш стварылі інфраструктуру нашай Царквы, душпастырскую структуру, неабходную для выконваньня шырокай місіі. Мы збудавалі новыя храмы, адбудавалі зьнішчаныя, адбудавалі сотні манастыроў і цяпер маем іх каля 700. Мы стварылі сыстэму тэалягічнай адукацыі, уключна з праваслаўнымі ўнівэрсытэтамі і мас-мэдыямі. Аднак усё гэта толькі пэўны мэханізм, набор інструмэнтаў".

"Усё, што мы стварылі цягам мінулых гадоў, трэба напоўніць глыбейшым зьместам. Тое, што маем, не задавальняе нас. Факт, мы далучылі да Царквы вялікую колькасьць людзей. Прыналежнасьць да царквы дэкляруюць 54% расейцаў, а вось што да актыўнага ўдзелу ў царкоўным жыцьці, дык гэта ўсяго 10 адсоткаў. Астатнія хрысьцяць у царкве дзяцей, бяруць царкоўны шлюб, па-праваслаўнаму хаваюць сваіх блізкіх, але храмы наведваюць максымум 2 разы ў год. Мы хацелі б, каб сытуацыя зьмянілася", – сказаў тагачасны мітрапаліт Кірыл.

Так, статыстычныя зьвесткі, датычныя РПЦ, уражваць: больш як 150 япархіяў, каля 200 япіскапаў, каля 30 тысяч сьвятароў, 28 тысяч парафіяў, больш як 750 манастыроў, 5 духоўных акадэміяў, 3 праваслаўныя ўнівэрсытэты, 38 духоўных сэмінарыяў і агулам каля 90 духоўных школаў, ня кажучы пра тэлеканал і радыёстанцыю. Але ж дзе іх уплыў на рэлігійнасьць расейцаў? "Мне падаецца, – зноў жа цытую Кірыла, – што ў выніку місіі Царквы сучасны чалавек мае зразумець, што хрысьціянскія нормы павінны быць вызначальнымі ня толькі ў асабістым ці сямейным жыцьці, але і ў сфэры грамадзкіх адносінаў. Калі гэта адбудзецца, у Расеі зьменшыцца ўзровень злачыннасьці, адбудзецца дэмаграфічны рост, палепшыцца стан экалёгіі, зьменшыцца колькасьць эканамічных злачынстваў. Калі павялічыцца рэальны ўплыў вучэньня Царквы і хрысьціянскіх ідэяў на сьвядомасьць і кшталт жыцьця сучаснага чалавека, то ў Расеі адбудзецца карэнная зьмена".

Такім чынам, ён добра разумее асноўныя задачы, перад якімі стаіць РПЦ. Расейскай царкве ня трэба ні задавальняцца, ні абмяжоўвацца тымі вышэйпрацытаванымі лічбамі. Ёй трэба ставіць націск не на колькасьць, а на якасьць. Калі я пытаю двух знаёмых сьвятароў зь Берасьця, як выглядае іхняя душпастырская праца, дык атрымліваецца, што яны ня вучаць Закону Божаму, не вядуць нават нядзельных школак, ня ведаюць, колькі ў іх парафіянаў, абмяжоўваюцца так званым "требоисполнением" – адпраўленьнем багаслужбаў і абрадаў.

"Нам патрэбны патрыярх, які будзе здольны аднавіць дыялёг ня гэтулькі з вонкавым сьветам, колькі ўнутры Царквы. Вярхі размаўляюць на мове, незразумелай для нізоў, у Царкве няма дыялёгу. Пара гэта зьмяніць", – заявіў выдатны тэоляг дыякан Андрэй Кураеў і дадаў, што, на ягоную думку, Кірыл зьяўляецца дакладна такім лідэрам, які РПЦ патрэбны.

Калі гэта разумее і сам патрыярх Кірыл, які пасьпяхова вёў у суботы тэлеперадачу "Слова пастыра", дык пара пачаць сапраўдную душпастырскую працу зь людзьмі, зь дзецьмі, з моладзьдзю, шырокую катэхізацыю, дзякуючы нядрэнным адносінам зь дзяржаўнай уладай дабіцца доступу ў школы, мець сваіх капэлянаў у шпіталях, у арміі і ў турмах. Тады можна будзе казаць пра рэальны ўплыў РПЦ на жыцьцё грамадзтва, тады ўмацуецца яе аўтарытэт. Жадаю патрыярху, каб ён справіўся з гэтай задачай.

Другое заданьне

Цягам апошніх двух дзясяткаў гадоў дрэннымі былі адносіны паміж РПЦ і Ватыканам. Ян Павал Другі так і не сустрэўся з патрыярхам Аляксіем і не наведаў Расеі, хаця вельмі гэтага хацеў. РПЦ пасьлядоўна тлумачыць прычыны тым жа празэлітызмам, пра які ўжо гэтулькі гаварылася, што ажно ня хочацца і ўздымаць гэтага аргумэнту. Справа ў тым, што заходнія місіянэры могуць дасягнуць посьпеху толькі тады, калі сутыкнуцца з такой вялікай колькасьцю неўцаркоўленых людзей, якіх не ахапіла сваёй душпастырскай апекай свая, гэта значыць праваслаўная царква. Вада цячэ на пустое месца. Царкве трэба быць бліжэйшай да свайго народу. Хай яна не абмяжоўваецца "требоисполнением", хай актыўней працуе з тымі, каго лічыць сваімі, а ня скардзіцца, што іншыя сунуцца на яе "кананічную" тэрыторыю і перацягваюць іх да сябе, бо атрымліваецца тое, што казалі ў нас на вёсцы: "сам ня гам і другому ня дам". З Ватыканам трэба прымірыцца, бо ў Ватыкану і РПЦ ёсьць сумесныя задачы: адстойваць хрысьціянскую тоеснасьць сучаснай сэкулярызаванай Эўропы, сумесна змагацца з маральным рэлятывізмам, прапагандаваць хрысьціянскія каштоўнасьці і прынцыпы, датычныя абароны жыцьця, трываласьці сям'і, сумесна асуджаць гвалт і несправядлівасьць у сучасным сьвеце. Пра разьяднаныя цэрквы нядобразычліўцы могуць сказаць: "Лекару, сьпярша аздараві сябе сам". Жадаю, каб патрыярх Кірыл зразумеў гэта і выправіў.

Трэцяе заданьне

Перад новым Маскоўскім патрыярхам стаіць задача нармалізаваць адносіны ўнутры праваслаўнага сьвету. Ня мае сэнсу крыўдаваць на Канстынтынопальскага патрыярха за тое, што той прэтэндуе на званьне "Ўсяленскага патрыярха". Стагодзьдзямі ён лічыўся ў праваслаўным сьвеце "прымус інтэр парэс" (першым сярод роўных), і гэтага прынцыпу ганаровага вяршэнства ня трэба аспрэчваць. Праваслаўная царква ў сьвеце была б больш бачная і чутная, калі б яна была болей аб'яднаная, каб закончыліся спрэчкі паміж асобнымі цэрквамі і каб тыя 15 аўтакефальных цэркваў загаварылі на адной мове. У іншым выпадку адзінства праваслаўя – гэта міт. Умацоўваючы сваю царкву, хай новы Маскоўскі патрыярх меней думае пра Маскву як трэці Рым, а болей пра яе рэальны аўтарытэт у праваслаўным сьвеце. Гэта маё чарговае пажаданьне яму.

Чацьвёртае заданьне

Патрыярху Кірылу трэба захоўваць добрыя адносіны з Крамлём, як гэта ў яго было і раней, але як патрыярху яму трэба перастаць яўна хадзіць на павадку Крамля. За цану нейкіх прывілеяў, за нейкія там падатковыя льготы, за вяртаньне часткі царкоўнай маёмасьці ня трэба некрытычна ўхваляць любы крок Крамля, кшталту чачэнскай вайны. З прычыны тых жа маральна сумнеўных ільготаў Кірыл атрымаў мянушку "тытунёвага мітрапаліта". Хай сам сабе адкажа ў сваім сэрцы, ці мэта сапраўды апраўдвае сродкі і ці выпадае дасягаць хай сабе высакародных мэтаў нячыстымі сродкамі?..

Спадзяюся, што як чалавек таленавіты, бывалы ў сьвеце, дасьведчаны адміністратар, прыхільнік прагрэсу, мэдыйны, адукаваны чалавек Кірыл будзе добрым патрыярхам.

Аднак з упэўненасьцю можна будзе гэтак сказаць, калі дасягне адной вельмі сымбалічнай мэты. Калі ў Расеі Раство Хрыстовае стане важнейшым сьвятам за Новы Год, а ёлка стане каляднай, а не навагодняй ёлкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG