У генэральнай пракуратуры Беларусі не паведамляюць падрабязнасьцяў крымінальнай справы, якая была заведзеная на былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра і намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава неўзабаве пасьля антыкарупцыйнай нарады, якую Аляксандар Лукашэнка правеў на пачатку лістападу. У пракуратуры нават ня кажуць, ці ўзятая з былых пракурораў падпіска пра нявыезд. Кіраўнік прэсавай службы Генадзь Вярцінскі:
“Гэта ўжо падрабязнасьці сьледзтва, тым больш, пра іх мне нічога не вядома. Будзе што вядома, абавязкова паведамім”.
Паводле неафіцыйных зьвестак, справу Сьнегіра — Купрыянава расьсьледуе брыгада ў складзе 32 сьледчых. Найбольш увагі яны надаюць загараднаму дому, які былы пракурор вобласьці нібыта будаваў на імя падстаўной асобы, даючы ёй грошы. Сьледчыя грунтуюцца на зьвестках, атрыманых супрацоўнікамі КДБ, якія сачылі за Сьнегіром і ягонымі сваякамі. Паводле гэтых дадзеных, былы пракурор і ягоныя сваякі нібыта наведвалі загарадны дом з мэтай кантролю за будоўляй.
Што да кватэры на менскай вуліцы Гвардзейскай, за якую, паводле Аляксандра Лукашэнкі, пракурор Сьнягір заплаціў удвая меней, чым складае яе рынкавы кошт, то, як засьведчыў бізнэсовец Анатоль Зубоўскі, кватэра Сьнегіром набытая нібыта цалкам законна. Нагадаю, Анатоль Зубоўскі ўзначальвае фірму, якой і належала кватэра Сьнегіра.
Сам Міхал Сьнягір за гэты месяц ніводнага разу ня даў камэнтару для мэдый, як, дарэчы, і іншыя фігуранты скандалу.
Пасьля адставак Сьнегіра і Купрыянава былі зьнятыя з пасадаў і высокапастаўленыя міліцыянты: першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Шчурко, намесьнік Віктар Філістовіч і яшчэ два адказныя супрацоўнікі міністэрства. Адстаўнікоў перавялі ў распараджэньне міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, якога, дарэчы, нават не пакаралі вымовай. Між тым учора, 4 сьнежня, Аляксандар Лукашэнка ў сувязі са скандалам абвясьціў вымовы дзеючаму і былому кіраўнікам пракуратуры Беларусі Рыгору Васілевічу і Пятру Міклашэвічу, а таксама былому сакратару Рады бясьпекі Віктару Шэйману і былому старшыні Менаблвыканкаму Мікалаю Дамашкевічу. За тое, што дапусьцілі з боку міліцыянтаў карупцыю, якая выявілася ў атрыманьні зямлі пад пабудову катэджаў у дачным таварыстве “Крынічны” паблізу вадасховішча.
У Менскім райвыканкаме, які адказвае за выдзяленьне зямлі ў “Крынічным”, паведамілі, што гэтае рашэньне ўжо адмененае. Што будзе далей з катэджамі, у райвыканкаме не патлумачылі. Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка загадаў перадаць гэтыя катэджы шматдзетным сем’ям.
Сярод пакараных вымовамі чыноўнікаў вылучаецца Віктар Шэйман, якога ў ліпені зьнялі з пасады дзяржсакратара Рады бясьпекі. Вось што паведаміў пра лёс чыноўніка журналіст інтэрнэт-выданьня “Ежедневник” Сяргей Сацук:
“Мы напісалі, што Віктар Шэйман пасьля адстаўкі ужо больш не займаецца справамі супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай. Але нам пазванілі з Рады бясьпекі і паправілі нас: маўляў, ён па-ранейшаму пры справах, бо прызначаны прадстаўніком прэзыдэнта ў Вэнэсуэле і, такім чынам, зноў гэтым займаецца”.
Месяц таму ў карупцыйным скандале прагучалі таксама імёны судзьдзяў Цэнтральнага суду Есьмана, Ільіной і Паўлючук. У канцылярыі суду паведамілі, што Есьман і Ільіна працуюць, а Тацяна Паўлючук цяпер на бальнічным.