Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дараваньне нашаму ўладару цалкам магчымае”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – мастак Алесь Пушкін. Яму 43 гады. Праходзіў вайсковую службу ў Аўганістане. Працаваў у Віцебску і Магілёве. Пасьля 1994 году паехаў жыць у мястэчка Бобр, што ў Крупскім раёне. Расьпісаў тамтэйшую царкву, дзе й павянчаўся, мае дваіх дзяцей. Піша і рэстаўруе абразы, карціны, робіць росьпісы, вітражы, займаецца мастацтвам пэрформансу. Пушкін – галоўны герой кінафільму польскага рэжысэра Анджэя Фідыка "Беларускі вальс".

На мінулым тыдні мастака жорстка зьбілі падпітыя бобраўскія хлопцы. Паводле Пушкіна, за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Міліцыянты хацелі завесьці з факту зьбіцьця крымінальную справу, аднак пацярпелы мастак вырашыў лёс хлопцаў іначай: падахвоціў пакаяцца ў царкве.

На працягу гэтага тыдня Алесь Пушкін расказвае аб рэальных жыцьцёвых сытуацыях, якія выводзяць на асэнсаваньне праблемы таемства пакаяньня. Ён просіць дыскутаваць, дзяліцца сваімі думкамі праз аўтаадказьнік (менскі нумар 266-39-52) і сайт.

У нядзелю прагучыць перадача, дзе будуць падсумаваныя гэтыя водгукі і развагі – перадача на тэму “Дараваньне: калі, каму і ці заўсёды?”.

Сёньня Алесь Пушкін разважае, пры якіх умовах магчымае ягонае дараваньне беларускаму ўладару.

– 23 лістапада стаяў каля ракі сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, перад гэтым узяўшы блаславеньне ў матушкі ігуменьні Еўдакіі – я начаваў у кляштары.

І калі пад яго ўрачыстыя званы пакідаў Полацак, уявіў карціну: тэлевізар, у кадры вярхоўны ўладар, ён сумным голасам кажа, што вельмі стаміўся... Стаміўся ад нянавісьці нашай, стаміўся ад таго, што загналі ў кут...

І просіць забыць ягонае сьвецкае імя ды ведаць: нарадзіўся іншы чалавек – сьвяты манах Піцірым, а ў Жыровіцкім прытулку зьявіўся новы насельнік...

Далей – гудзе вецер за сьценкамі кельлі, хістаецца полымя сьвечак, а чалавек пад гэта думае, доіць кароў, выкідвае гной ад іх, увесну прыбірае сад, падразае дрэўцы, ускопвае градкі...

Журналісты, праваабаронцы спачатку ня вераць гэтаму ўчынку.

Але – праходзяць гады, а былы вярхоўны ўладар усё нясе і нясе сваё пакліканьне ў Жыровіцкім манастыры.

Такім чынам, як сьвяты Аляксандар Неўскі змог засьведчыць сваё імя ў гісторыі і зусім іншым чынам перайсьці ў гістарычную памяць, так і цяперашні вярхоўны ўладар мае рэальны шанец без рэвалюцыяў, безь нянавісьці, судоў і судзілішчаў, калі, як ён кажа, “апазыцыя мяне на кол пасадзіць”, перавесьці краіну ў новае, дэмакратычнае рэчышча.

Папярэдне, вядома, прызначыўшы новы Цэнтравыбаркам і нават паказаўшы на пераемніка...

Аднак тады тыя, хто запатрабуюць суду над ім, пакараньня праз Гаагу, тыя будуць выглядаць у вачох грамадзтва бязьлітаснымі і недаравальнымі.

А ўсё грамадзтва – даруе гэты мяккі пераход ад таталітарызму да дэмакратычнай Беларусі.

Дык ці мажлівае дараваньне нашаму вярхоўнаму ўладару?

Лічу – мажлівае. Аднак толькі ў гэткім выпадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG