Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапацкую справу маюць расьсьледаваць да 1 студзеня


Крымінальная справа паводле фактаў вандалізму на мэмарыяльным комплексе “Курапаты” мусіць быць завершана не пазьней за 1 студзеня.


Двое падлеткаў, якіх падазраюць у тым, што яны павалілі пяць крыжоў на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, застаюцца на волі.

У крымінальнай справе, якую распачалі паводле наўмыснага пашкоджаньня культурнага помніка, вядзецца сьледзтва.

Нагадаем: позна ўвечары 1 лістапада актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Макаў і Алег Сьвірыдаў затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах.

Макаў і Сьвірыдаў выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў.

Справу вядзе сьледчая бараўлянскай міліцыі Алена Хільчук. Яна расказала “Свабодзе”:

“Можа, сьледзтва скончыцца й раней. Усё залежыць ад ходу сьледзтва. Пакуль праводзяцца вочныя стаўкі, дапытваюцца сьведкі, будзе праведзены сьледчы экспэрымэнт. Пакуль будуць праводзіцца сьледчыя дзеяньні, вызначэньне бачнасьці падчас сьледчага экспэрымэнту. Падпіску пра нявыезд бяруць у тым выпадку, калі прад’яўленае абвінавачаньне, а яны (падлеткі) зьяўляюцца падазраванымі, таму яны на свабодзе”.

Паколькі Алег Сьвірыдаў і Алесь Макаў далі падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва, яны могуць паведамляць толькі пра нязначныя сьледчыя працэдуры.

Алесь Макаў, у прыватнасьці, паведаміў:

“Час ад часу нас выклікаюць да сьледчага. Былі вочныя стаўкі. Распавядаем, як усё было, і цяпер чакаем сьледчага экспэрымэнту”.

Тыдзень таму сьледчы экспэрымэнт правесьці не ўдалося з-за таго, што ў горадзе быў густы туман.

Паводле заканадаўства сьледзтва мусіць завяршыцца цягам двух месяцаў. Паколькі інцыдэнт адбыўся 1 лістапада, то з прад’яўленьнем абвінавачаньня й перадачай справы ў суд сьледзтва мусіць вызначыцца да 1 студзеня.

Пракуратура і міліцыя неаднойчы распачыналі крымінальныя справы паводле фактаў вандалізму ў Курапатах. Толькі так званую лаву Клінтана невядомыя ламалі 12 разоў. Прыканцы 2005 году фашысцкай свастыкай апаганілі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG