Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зламаныя крыжы адрэстаўруюць да Дзядоў


Belarus -- In memorial Kurapaty people restore the crosses tumbled down by vandals, 29Oct2008
Belarus -- In memorial Kurapaty people restore the crosses tumbled down by vandals, 29Oct2008

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ пачалі рэстаўрацыю курапацкіх крыжоў, пашкоджаных учора вандаламі.


Пра чарговы акт вандалізму ва ўрочышчы Курапаты стала вядома ўчора. Нагадаем, у сталінскія часы, з 1937 па 1941 гады, бальшавікі расстралялі тут ад 30 тысяч да 100 тысяч (паводле ацэнак некаторых дасьледчыкаў, да 250 тысяч) чалавек.

Паваленыя і пашкоджаныя крыжы заўважылі маладафронтаўцы Зьміцер Хведарук і Стась Стэсік. Зьміцер Хведарук апавёў:

“Мы ўчора хадзілі зь сябрам у Курапаты глядзець само ўрочышча, бо ён піша практычную працу для школы, хоча выступіць на раённай алімпіядзе па гісторыі. Хадзілі проста туды рабіць сьвежыя фотаздымкі. І ўбачылі, што многія крыжы разьбітыя, паламаныя. На некаторых невядомыя нібыта нажамі ці сякерамі хацелі выразаць кавалкі. На цэнтральнай алеі ёсьць натуральна нейкія выразаныя кавалкі. На некаторых нешта незразумелае напісана. Нейкае дзікунства”.

Гэта ня першы акт вандалізму ў Курапацкім лесе. На пачатку году невядомыя зламалі ці выцягнулі зь зямлі каля сарака крыжоў.

Раней акты вандалізму ўчыняліся адносна галоўнага крыжа “Пакутнікам Беларусі” і мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” — гэтак званай лавы Клінтана. Але ні разу міліцыя не знаходзіла злачынцаў.

Прэсавы сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал разам зь іншымі сябрамі партыі Алесем Чахольскім, Уладзімерам Юхо наведаў сёньня Курапацкі лес:

“Аглядаем, што тут нарабілі вандалы. Пашкоджана сем крыжоў. Мы ўжо зьвярнуліся ў міліцыю, у пракуратуру, патрабуем дзеяньняў з боку ўладаў. Ясна, бачыце, быў дзень народзінаў Адольфа Гітлера любімчыка неанацыстаў. А цяпер набліжаюцца сьвятыя для беларусаў Дзяды. І вось гэтыя даты ёсьць такой чорнай паласой для дзеяньняў неанацыстаў на тэрыторыі нашай зямлі, нашай курапацкай сьвятыні”.

Паводле спадара Буйвала, сёньня і заўтра сябры КХП БНФ зьбіраюцца адрэстаўраваць да Дзядоў пашкоджаныя крыжы. Некаторыя зь іх зламаныя пры аснове. Ці ёсьць нейкая інфармацыя адносна таго, хто мог учыніць акты вандалізму ў Курапатах?

“Ёсьць інфармацыя. Ёсьць людзі, якія жывуць непадалёк ад Курапатаў, якія апазналі злачынцаў. Усё гэта перададзена ў міліцыю. Рана ці позна злачынцы будуць знойдзены і пакараны. Нішто ня будзе выбачана. Будзе вельмі суровае, адэкватнае пакараньне за гэтыя крымінальныя злачынствы”.

У менскай раённай міліцыі сказалі, што разьбіраюцца з чарговым актам вандалізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG