Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі таксама ёсьць альтэрнатыўнае праваслаўе»


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Наталька Васілевіч. Яна – кіраўнік беларускага хрысьціянскага парталу “Царква”, рэгіянальны прадстаўнік Сусьветнага брацтва праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас”. Пасьля “коласаўскага” ліцэю закончыла аддзяленьне паліталёгіі юрфаку Белдзяржунівэрсытэту, затым магістратуру. Зараз завяршае вучобу ў асьпірантуры, піша кандыдацкую дысэртацыю на тэму рэлігійнай ідэнтычнасьці ў Беларусі. Сёньня Наталька Васілевіч расказвае пра альтэрнатыўнае праваслаўе.

– Часта ўжываюцца такія паняткі, як "кананічная праваслаўная царква", альбо "непрызнаная праваслаўная царква" ці "альтэрнатыўнае праваслаўе". Што ж гэта такое?

Сусьветнае Праваслаўе складаецца з памесных самакіраваных цэркваў: чатырох старажытных Патрыярхатаў раньняй царквы – Канстанцінопальскага, Александрыйскага, Анціяхійскага і Іерусалімскага, пяці больш позьніх Патрыярхатаў – Маскоўскага, Сэрбскага, Румынскага, Баўгарскага, Грузінскага, а таксама праваслаўных цэркваў Кіпра, Грэцыі, Польшчы, Альбаніі і праваслаўнай царквы ў Чэскіх землях і Славакіі. Таксама ёсьць аўтаномныя цэрквы – у Фінляндыі, Японіі і ў Эстоніі (апошняя не прызнаецца ў якасьці такой Маскоўскім Патрыярхатам), а таксама Праваслаўная Царква ў Амэрыцы (якая не прызнаецца такой Канстанцінопальскім Патрыярхатам). Праваслаўныя Патрыярхаты маюць свае прыходы ня толькі ў той краіне, дзе яны знаходзяцца, але і ў іншых краінах – у Афрыцы, у Амэрыцы, у Азіі, у Заходняй Эўропе, у Аўстраліі. Цягам ХХ стагодзьдзя з-за масавай міграцыі, склалася такая сытуацыя, што на тэрыторыі многіх краінаў суіснуюць прыходы розных юрысдыкцый, што парушае тыя прынцыпы арганізацыі Царквы, якія існавалі раней.

Але, як вядома, у сьвеце ёсьць і іншыя царкоўныя аб'яднаньні, якія называюцца праваслаўнымі. Гэтыя групоўкі вельмі розныя як па памерах, так і па ідэалёгіі. Нават гісторыя і прычыны іх аддзяленьня ад сусьветнага праваслаўя розныя.
Альтэрнатыўнае праваслаўе можна падзяліць на дзьве асноўныя часткі.
Першая – гэта тыя, якія часта ўжываюць у сваёй назве слова "ісьцінна-праваслаўная". З назвы можна зразумець: групоўкі маюць прэтэнзіі да ісьцінасьці афіцыйнай праваслаўнай царквы, і нават ня толькі мясцовай, а сусьветнага праваслаўя наагул, вылучаючы да яго абвінавачаньне ў ерасі, асноўнай зь якіх яны лічаць экумэнізм – удзел у супольных малітвах з прадстаўнікамі іншых хрысьціянскіх цэркваў, а таксама ў самім экумэнічным руху.
Другая частка – зусім іншая, гэта аддзяленьне, зьвязанае з жаданьнем аддзяліўшыся ад іншай юрысдыкцыі стварыць самастойную праваслаўную царкву. Тут больш іграюць ролю ня веравызнаўчыя моманты, а менавіта юрысдыкцыйныя спрэчкі. Самі вядомы прыклад – Кіеўскі Патрыярхат. Украіна атрымала незалежнасьць, і на гэтай хвалі ўзнік рух за атрыманьне самастойнасці ці аўтакефаліі. Атрыманьне аўтакефаліі законнымі сродкамі – досыць няпросты працэс. Тая частка Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы, якая не жадала чакаць і гэты працэс весьці, проста абвясьціла пра сваю самастойнасьць, не атрымаўшы прызнаньня з боку сусьветнага праваслаўя. Кіеўскі Патрыярхат апынуўся ў царкоўнай ізаляцыі, у якой зараз і знаходзіцца. У арозьненьне ад "ісціна-праваслаўных" груповак, Кіеўскі Патрыярхат, як і іншыя непрызнаныя аўтакефаліі, ня маюць прэтэнзій да ісьціннасьці кананічных юрысдыкцый, а наадварот – шукаюць у іх прызнаньня.
У Беларусі Сусьветнае Праваслаўе прадстаўленае Беларускай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага Патрыярхату. Ёсьць тут і альтэрнатыўныя праваслаўныя цэрквы – групы сьвятароў і вернікаў, якія аддзяліліся ад БПЦ, галоўным чынам не прымаючы экумэнізму, і далучыліся да ісьціна-праваслаўных. Яшчэ адна групоўка – грэка-праваслаўны рух, што ўзначальвае біскуп Васіль (Касьцюк) – аддзялілася ад Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Усім вядомая і Беларуская Народная Праваслаўная Аўтакефальная Царква, зьвязаная зь імем сьвятара Леаніда Акаловіча, якая ні ад каго не аддзялялася нават, а зьяўляецца самаабвешчанай царквой. Па-за межамі Беларусі існуе Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, якую ўзначальвае біскуп Сьвятаслаў (Лонгін). Усе тры групоўкі на дадзены момант маюць (ці дэкляруюць, што маюць) сувязь з Украінскай Праваслаўнай Царквой Кіеўскага Патрыярхату – непрызнанай кананічнымі цэрквамі царкоўнай арганізацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG