Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да якой «кананічнай тэрыторыі» належыць Беларусь?


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Наталька Васілевіч. Яна – кіраўнік беларускага хрысьціянскага парталу “Царква”, рэгіянальны прадстаўнік Сусьветнага брацтва праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас”. Сёньня Наталька Васілевіч разважае над тым, да чыёй “кананічнай тэрыторыі” належыць Беларусь?

У суботу завершыўся прыезд Патрыярха Маскоўскага Аляксія ІІ у Менск – на сваю, так бы мовіць, “кананічную тэрыторыю”.
Для многіх, у тым ліку і ў межах сучаснага царкоўнага дыскурсу, гэтае паняцьце стала аб'ектам нараканьняў.
З гледзішча каталікоў, менавіта так званая "кананічная тэрыторыя" і яе абарона з боку Маскоўскага Патрыярхату не дазваляе прыехаць у Беларусь Намесьніку Прастола сьв.Пятра – Папу Рымскаму: як кананічная тэрыторыя Маскоўскага Патрыярхату, то Патрыярх і вырашае – каго на свае тэрыторыі пускаць, а каго не.
Больш за тое: нават далучэньне беларусаў да Каталіцкае Царквы лічыцца празэлітызмам на кананічных тэрыторыях.
Такое разуменьне кананічнае тэрыторыі мы можам назваць "цывілізацыйным". Кшталту, Заходняя і Ўсходняя Царква падзялілі зоны ўплыву ўздоўж, скажам, «лініі Сталіна», альбо ўздоўж ракі Буг – і вось тут у нас цяпер "праваслаўная цывілізацыя", а за Беластокам – Каталіцка-Заходняя. І давайце мы ў вас на Захадзе будзем "царквой у дыяспары", ну і вы ў нас, на Ўсходзе, будзеце таксама нечым кшталту "веры нацыянальных меншасьцяў".
Часта такое "цывілізацыйнае" разуменьне кананічнай тэрыторыі характэрнае і для праваслаўных, і для каталікоў.
Што тычыцца гледзішча першых, якія ня вельмі рады быць у "Маскоўскай" царкве і ўздымаюць пытаньне аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Беларусі ці незалежнасьці ад Масквы, але залежнасьці ад якіх іншых "Рымаў" – ці то Кіева, ці то Канстанцінопаля, то зьмест паняцьця "кананічная тэрыторыя" зьмяшчаецца на паняцьце юрысдыкцыйнага падпарадкавання.
"Беларусь – тэрыторыя Канстанцінопальскага Патрыярхату, успомніце, так было яшчэ стагодзьдзі тры-чатыры таму!" – жаляцца тыя праваслаўныя, а некаторыя нават называюць сябе прадстаўнікамі гэтага самага Канстанцінопальскага Патрыярхату.
Іншыя кажуць: "Кіеў – маці гарадоў рускіх!", і ў такіх варунках просяцца пад юрысдыкцыю непрызнанага і не ўваходзячага ў супольнасьць Сусьветнага Праваслаўя Кіеўскага Патрыярхату. Ёсьць, вядома, і зусім экзатычныя, для якіх законны Патрыярх – які-небудзь замежны дзядзечка, кшталту Юрыя Рыжага.
Аднак ня маюць рацыі ні тыя, ні другія, ні трэція. Патрыярх Маскоўскі Аляксій ІІ у пятніцу наведаў "кананічную тэрыторыю" Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Бо паняцьце кананічнае тэрыторыі – гэта паняцьце ўлады і юрысдыкцыі мясцовага біскупа: архіпастарская ўлада Мітрапаліта Філярэта распаўсюджваецца не на тэрыторыю як такую, але на прыходы і манастыры Мінскай вобласьці (Мінскай епархіі).
Усяго ж у Беларусі такіх "кананічных тэрыторый" 11 – па колькасці епархій.
Пасьля “коласаўскага” ліцэю Наталька Васілевіч закончыла аддзяленьне паліталёгіі юрфаку Белдзяржунівэрсытэту, затым магістратуру. Зараз завяршае вучобу ў асьпірантуры, піша кандыдацкую дысэртацыю на тэму рэлігійнай ідэнтычнасьці ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG