Сьвядомасьць, у якой перакручаныя каштоўнасьці… Перакручаная сьвядомасьць імкнецца называцца ідэалёгіяй беларускай дзяржаўнасьці.
Голас Царквы, якую прэзыдэнт аднойчы назваў галоўным ідэолягам Беларусі, мусіць неяк расставіць усё па сваіх месцах.
У Курапатах некалі меліся пабудаваць капліцу, а цяпер будуюць "пад патранажам" кіраўніка краіны шыкоўны храм-помнік, куды нават зямлю з усіх палёў бітваў, дзе ўдзельнічалі беларусы, зьвязуць.
А бліжэйшае поле бітвы – вось яно, у Курапатах. Зямля, палітая крывёй. І шторазу, рэгулярна там – акты вандалізму.
А нашчадкі тых, чые стрэлы гучалі ў Курапацкім лесе, засядаюць сёньня ў Палацы Рэспублікі. Яны самі называюць сябе іх нашчадкамі – прымяркоўваючы свае зьезды да гадавінаў камуністычных арганізацый, вызначаюць тым самым сваю пераемнасьць.
Камсамольцы першыя былі там, дзе разбуралі храмы і зьдзекваліся са сьвятыняў.
Але ж – камсамольская рамантыка! Ленінскі камсамол! Нашая слаўная гісторыя...
Голас Царквы і тут запатрабаваны. Прароцкі голас, які рабіў спробы прагучаць у 1990-х гг., але які цяпер сьпявае ў адным ансамблі з тымі, хто ўсё яшчэ душой жыве ў Савецкім Саюзе.
…Чытаем у Пасланьні Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы з нагоды 1020-годдзя Хрышчэньня Русі: "У 1991 г. распалася адзіная сям'я народаў"…