Як паведамілі ў міністэрстве замежных спраў Польшчы, у складзе дэлегацыі — Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Карняенка, Аляксандар Казулін, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька і Валер Ухналёў. Яны сустрэнуцца з дэпутатамі польскага Сойму і міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў:
“У нас ёсьць кансалідаваная, узгодненая пазыцыя. І разам з тым нам будзе цікава паслухаць Сікорскага, які на сёньня выглядае як адзін з камунікатараў паміж Брусэлем і Беларусьсю. Важна ведаць ня толькі тое, што замацавана ў дакумэнтах, але і тое, што адбывалася і адбываецца ў дыпляматычных кулюарах. Гэта вельмі важна. Зараз Эўропа ўзяла на сябе пэўную адказнасьць за сцэнар падзей, якія будуць разгортвацца ў Беларусі. І, я думаю, гэтая дыскусія своечасовая. Яна была актуальная да сустрэчы ў Люксэмбургу, але актуальнасьць ня зьменшылася ні на ёту і сёньня”.
Нагадаем, Рада Эўразьвязу ў Люксэмбургу прыпыніла на 6 месяцаў візавыя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў. А днямі кіраўнік аддзелу Расеі і краінаў СНД у Нямецкай радзе замежнай палітыкі Аляксандар Рар заявіў, што Лукашэнку “калі не напрыканцы гэтага, то на пачатку наступнага году запросяць у Брусэль на кансультацыі”. Як ставіцца да гэтага Аляксандар Мілінкевіч?
“Я не рабіў бы з гэтага вялікай праблемы. Калі мы кажам пра стварэньне пакрокавай стратэгіі і яе рэалізацыю, пра эканамічнае супрацоўніцтва, то нельга разьлічваць, што беларускія чыноўнікі ня могуць выяжджаць, ня можа выяжджаць Лукашэнка. А будзе нармальнае эканамічнае разьвіцьцё стасункаў. Таму няхай выяжджае і глядзіць, як жыве цывілізаваны сьвет. Я ня бачу ў гэтым праблемы. Самае галоўнае — ня зводзіць усю праблему сёньняшнюю да гэтых візаў, пушчаць ці не пушчаць. Ня ў гэтым рэч. Жыць Беларусі ці не, разьвівацца ці не разьвівацца, якой будзе эканоміка, — мне здаецца, пра гэта мы павінны перш за ўсё думаць”.
На сустрэчу ў Варшаву Анатоль Лябедзька вымушаны быў прабірацца праз Кіеў. Нагадаем, беларускія ўлады ўнесьлі спадара Лябедзьку ў сьпіс невыязных зь Беларусі на падставе крымінальнай справы, распачатай у 2004 годзе. Палітыка зьвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку пасьля інтэрвію ў праграме “Зеркало” на расейскім тэлеканале і публікацыі ў “Народнай волі”.
“Я невыязны. Дзяржава парушыла мае канстытуцыйныя правы. Але разам з тым я, як чалавек, які лічыць, што за мной няма ніякай запазычанасьці перад дзяржавай, перад уладамі, я ўсё ж знаходжу мажлівасьці для выезду. І на гэтую сустрэчу я таксама прыеду. Кіеў — гэта тое месца, якое гарантуе, што я вылечу ў Варшаву”.
Нагадаем, 12 верасьня Радаслаў Сікорскі сустрэўся ў Белавескай пушчы з кіраўніком беларускага МЗС Сяргеем Мартынавым. 13 кастрычніка ў Менску прайшла сустрэча прадстаўнікоў аб’яднаных дэмсілаў з намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы Анджэем Крэмэрам.