Ян пісаў, што любая эміграцыя мае свае мінусы і плюсы. Ягонае матэрыяльнае становішча ў замежжы палепшылася, як і ў пераважнай большасьці эмігрантаў, але пры гэтым ён лічыць, што за ад'езд з Радзімы заўсёды прыходзіцца нечым расплаціцца, што “эміграцыя – ці то палітычная, ці эканамічная – заўсёды зьвязаная з духоўным і сацыяльным выкараненьнем як сваім, гэтак і сваіх дзяцей”.
Першая цана
Мая эміграцыя не была ні палітычнай, ні эканамічнай. Калі ў ліпені 88-га году я зьяжджаў у ЗША, ня ехаў туды дзеля заробку. Як сьвятар у Беластоку я зарабляў няблага і цягам 10-ці гадоў здолеў памяняць тры аўтамабілі. Не зьяжджаў я і з прычыны непрыманьня камунізму, бо я зь ім ніколі і не змагаўся. Ён быў для мяне ідэалягічны чужы, але проста абыякавы, ды і ў самым адыёзным, савецкім вырыянце ў Польшчы яго наагул ніколі не існавала, а да таго ж у канцы 80-х ён ужо канаў. Я проста уцёк ад свайго япіскапа з прычыны асабістага канфлікту зь ім, з прычыны празьмернай эксплюатацыі і адначасовага зьдзеку зь ягонага боку, ня маючы магчымасьці адвязацца ад яго па-добраму. Гэты быў акт роспачы. Я добра ведаў, што за гэтае непаслушэнства прыйдзецца заплаціць забаронай выконваньня сьвятарскіх абавязкаў ува ўсіх так званых “кананічных” цэрквах. Шчыра веруючы, аўтар некалькі падручнікаў для навучаньня рэлігіі, іканапісец, папулярны духаўнік моладзі і з рэпутацыяй добрага прапаведніка, у адзін момант я стаў для сваёй царквы дэзэртэрам ды рэнэгатам і застаюся ім да сёньняшняга дня. Вось тая была першая цана, якую прыйшлося заплаціць за сваю эміграцыю.
Пасьля была разлука з жонкаю і 10-гадоваю дачкою, якія далучыліся да мяне ў Чыкага толькі праз год. Сьвятарская служба ў беларускай царкве (якая, як і большасьць цэркваў у ЗША, не пераймалася аніякімі забаронамі і анафемамі з Польшчы) не давала задавальненьня. Вернікаў мала. Ня было да каго прамаўляць. Сьвятарская служба была непаўнавартасная, заробак сымбалічны. Дзеля ўтрыманьня прыходзілася цяжка і з пачуцьцём прыніжэньня працаваць на фабрыцы свайго ж парафіяніна. Жыльлё горшае, чым у Беластоку, і да таго ж у дрэнным, задрыпаным раёне. Расчараваньне жонкі, пачуцьцё адчужанасьці, дэградацыі і бяссэнсоўнасьці такога жыцьця, маё і ейнае (за выключэньнем дачкі) няўменьне асымілявацца ў чужое асяродзьдзе – гэта тая другая цана, якую прыйшлося заплаціць за сваю эміграцыю.
Думкі пра вяртаньне
Выратаваньнем стаў пераезд у 91-м у Мюнхэн і праца на беларускай "Свабодзе". Стала бліжэй да Беласточчыны, пачасьціліся кантакты са сваякамі і сябрамі. Палепшылася матэрыяльнае становішча. Журналісцкая праца, у прыватнасьці рэлігійныя перадачы, давала мне як чалавеку з літаратурнымі зацікаўленьнямі і пэўным досьведам задавальненьне і адчуваньне, што раблю нешта карыснае і пры тым для беларускай справы, якая была для мяне блізкай зь юнацтва, раблю тое, што люблю і ўмею рабіць. Аднак і жыцьцё ў Мюнхэне, паўсюль чуючы пагардлівае слова “auslender” (чужынец) не давала поўнага задавальненьня. Ужо тады я пачаў думаць, як бы купіць хату на Беласточчыне і вярнуцца дадому.
Яшчэ 13 з 20-ці гадоў эміграцыі я пражыў зь сям'ёю ў Празе. Праца тая ж, што і ў Мюнхэне, толькі больш актыўная і плённая, ва ўзорным калектыве таленавітых, адданаых сваёй журналісцкай прафэсіі і беларускай справе людзей. Прыгожы горад, адсутнасьць моўнага бар'еру і яшчэ бліжэй да Беласточчыны. У Празе мая дачка атрымала англамоўную вышэйшую адукацыю і выйшла замуж. Я зразумеў, што яна ўжо даўно не падзяляе маёй тугі за роднымі мясьцінамі. Яна можа жыць і адчуваць сябе аднолькава камфортна ў любой краіне, што, дарэчы, і адбылося, бо жыла ў Партугаліі, а цяпер жыве ды працуе ў Маямі (ЗША). Затое мы з жонкай далей лічылі, што нават цікавая праца ў прыязным асяродзьдзі і калектыве ды жыцьцё ў Празе ў нас часовыя, што ўсё ж нашае месца на Беласточчыне – з думкай аб чым і загадзя, восем гадоў таму, купілі там хату.
Ці варта было эміграваць?
Уладкоўваючыся “на сваім”, зноў зь цяжкасьцю прызвычайваемся да новых рэаліяў. Цягам 20-ці гадоў усё тут зьмянілася. Шмат хто нас ня памятае. Як пісаў Ясенін, “в стране своей я словно иностранец”. Нават кантакты са сваякамі і жменькай верных сяброў не такія і частыя. Усе занятыя, усе працуюць. Усе скардзяцца на дарагоўлю і малыя заробкі, прапанова відавочна первышае попыт, але вілаў і дарагіх аўтамабіляў безьліч, а традыцыйна бедная Беласточчына ўся выразна багацее. Мае некаторыя знаёмыя са сваімі бізнэсамі жывуць больш заможна, чым мы з жонкай, хаця і ніколі не выяжджалі на Захад. Проста Захад прыйшоў да іх. Зь немалым зьдзіўленьнем назіраю, што агрэсіўны капіталізм з багатымі супэрмаркетамі і назойлівымі рэклямамі адносна лёгка прыжыўся і ўпісаўся ў тутэйшы сялянскі мэнталітэт.
Такая была мая эміграцыя, а насамрэч “доўгая дарога дадому”. Цяпер, падсумоўваючы яе вынікі, неаднойчы думаю: “А можа і ня варта было нікуды зьяжджаць? Праўда, эміграцыя ўзбагаціла жыцьцё, задаволіла прагу пазнаньня сьвету і не была страчаным часам. Асабліва цёпла ўспамінаю працу на “Свабодзе”, але і з улікам гэтага, на падставе уласнага досьведу, за Янам Максімюком магу кожнаму параіць, што, перш чым зьехаць за мяжу, няхай ён добра падумае.