Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці запросяць апазыцыю на раду Эўразьвязу?


У панядзелак, 13 кастрычніка, у Люксэмбургу адбудзецца пасяджэньне міністраў замежных спраў Эўрапейскага зьвязу.

На яго запрошаны кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Сяргей Мартынаў. А ці прымуць удзел у гэтым пасяджэньні прадстаўнікі беларускай апазыцыі?

На пасяджэньні рады Эўразьвязу ў Люксэмбургу будзе абмеркавана пытаньне адмены візавых санкцый супраць асобных беларускіх чыноўнікаў. Паводле эўрадэпутата Юстаса Палецкіса, Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў запрасіць прадстаўнікоў апазыцыі на пасяджэньне рады Эўразьвязу ў Люксэмбургу.

Каб улада ў Менску адчувала, што думка апазыцыі істотна ўплывае на разьвіцьцё стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем
“Для таго, каб рашэньні Эўразьвязу адносна Беларусі прымаліся б пасьля кансультацый з апазыцыяй. Каб улада ў Менску адчувала, што думка апазыцыі істотна ўплывае на разьвіцьцё стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем. Мне здаецца, гэта вельмі важна”.

Падчас дэбатаў у Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі дзяржаўны міністар Францыі па справах Эўропы Жан П’ер Жуе не адказаў на пытаньне шэрагу эўрапарлямэнтароў, ці будуць запрошаныя ў Люксэмбург Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандр Казулін. Эўракамісар Чарлі Маккрыві назваў ідэю запрасіць апазыцыю "цікавай" і паабяцаў перадаць яе камісару па зьнешняй палітыцы Бэніце Фэрэра-Вальднэр. Вырашыць жа гэтае пытаньне можа Францыя, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.

Паводле Аляксандра Казуліна, пытаньне ўдзелу апазыцыі паднята падчас дэбатаў у Эўрапарлямэнце і абмяркоўвалася з прадстаўнікамі Эўразьвязу:

павінен быць не дыялёг, а трыялёг, трохкутнік
“Зараз гэта пытаньне паўстала ў поўным аб’ёме. Таму пачакаем, гэта ж усё вырашаецца не адразу. Падчас дэбатаў у Эўрапарлямэнце была выказана такая моцная думка, што калі вядуцца нейкія перамовы з прадстаўнікамі ўлады, то павінны быць таксама і прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі. І павінен быць не дыялёг, а трыялёг, трохкутнік.

Мы сустракаліся з усімі фракцыямі Эўрапарлямэнту. І мы вельмі падрабязна абмяркоўвалі становішча, якое было, што ёсьць зараз і што трэба рабіць у будучым. І зразумела, што на абяцаньні, якія дае Лукашэнка, і калі гэта будуць толькі абяцаньні, нічога ня будзе – ніякіх крокаў ці зрухаў. Таму Захад чакае, калі беларускія ўлады зробяць нейкія крокі насустрач Эўразьвязу. І калі гэта будуць пэўныя крокі, то будуць пэўныя крокі з боку Эўразьвязу”.

У беларускім міністэрстве замежных спраў пакінулі без камэнтароў ідэю ўдзелу апазыцыі ў пасяджэньні ў Люксэмбургу.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што пытаньне запрашэньня прадстаўнікоў апазыцыі застаецца адкрытым. Ён нагадаў, што перад тым, як Эўрапарлямэнт вынес рашэньне адносна санкцый, з прадстаўнікамі аб’яднаных дэмсілаў былі праведзены кансультацыі.

“І менавіта вось такі кампрамісны варыянт, які ўкладаецца ў схему, – адмена часова і не татальна, – яна і была прынятая. Часова і часткова – гэта якраз добрая формула. Часова – за гэты час улады павінны прадэманстраваць нешта канкрэтнае. І мы настойваем, каб пытаньнем нумар адзін была зьмена выбарчага заканадаўства.

Што да гэтай сустрэчы, ну, гэта, канечне, фармат міністраў замежных спраў. Але разам з тым вядомы і ў Брусэлі наш падыход: калі мы гаворым пра дыялёг, пра перамовы, то яны ня могуць абыходзіцца без АДС, які зьяўляецца рэальным палітычным суб’ектам беларускага жыцьця. І мы будзем настойваць, калі прымаюцца нейкія рашэньні па Беларусі, каб там абавязкова прысутнічалі два бакі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG