Нарадзіўся 16 чэрвеня 1952 году ў Менску. Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут (1977), радыёінжынэр, і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1992), палітоляг. Служыў у Савецкай Арміі (1970-1972).
Працаваў тэхнікам трэсту “Аргтэхбуд”, наладчыкам электроннага абсталяваньня ў вытворча-тэхнічным аб’яднаньні “Інтэграл”, загадчыкам сэктару, намесьнікам камандзіра ў Рэспубліканскім штабе будаўнічых атрадаў ЦК ЛКСМБ (1977-1983), інструктарам Партызанскага райкаму і Менскага гаркаму КПБ, сакратаром парткаму трэсту “Белсувязьбуд”, намесьнікам старшыні Савецкага райвыканкаму, другім і першым сакратаром Савецкага райкаму КПБ г. Менску (1983-1991). Пасьля спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС часова не працаваў.
Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XIII скліканьня (1996), член Прэзыдыюму ВС і кіраўнік фракцыі камуністаў.
Член КПСС з 1977, член Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) з 1991. Сакратар (з 1993), першы сакратар ЦК ПКБ (з 1994).
Жанаты, двое дзяцей.
У інтэрвію Радыё Свабода, ацэньваючы вынікі выбараў, Сяргей Калякін сказаў:
“Безумоўна, тая тактыка, якую выбралі Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы, спраўдзілася. Калі б нашых прадстаўнікоў не было ў бюлетэнях для галасаваньня, дык уладам не патрэбна было б фальсыфікаваць выбары і наагул тады б мы маглі атрымаць палату, якая б была прызнаная ўсім сьветам. Удзел Аб'яднаных дэмакратычных сілаў у выбарах прымусіў улады весьці татальную фальсыфікацыю, парушаць дзейнае заканадаўства. І ўсё гэта заўважылі міжнародныя назіральнікі, якія ў выніковым, хаця і папярэднім рэлізе, адзначылі, што выбары не адпавядаюць стандартам АБСЭ. Гэтая выснова, безумоўна, супадае з высновай беларускага грамадзтва: гэта былі ня выбары, гэта было чарговае прызначэньне дэпутатаў у "палату", і сёньня "палата", безумоўна, зьяўляецца адным з аддзелаў Адміністрацыі прэзыдэнта. Што да будучыні апазыцыі, яна шмат у чым будзе залежаць ад таго, як мы будзем працаваць: застануцца ці не застануцца Аб'яднаныя дэмакратчныя сілы, наколькі яны змогуць пашырыць сваё кола і ўплываць на грамадзкую думку. Я думаю. што падзеі будуць разьвівацца ў напрамку таго, што АДС атрымаюць новы імпульс для таго, каб працаваць далей, для лепшай будучыні Беларусі”.
Ніжэй Вы можаце выказаць свае меркаваньні.