Сёньня Аляксандар Дабравольскі разважае пра помсьлівасьць.
"Зараз празь дзяржаўныя тэлеагіткі галовы выбарцаў забіваюць маной, нібыта амаль усе кандыдаты ад дэмакратычных сілаў – беспрацоўныя.
Па-першае, гэта няпраўда.
Па-другое, тыя, хто сапраўды бяз працы, сталі такімі таму толькі, што яны адважыліся штосьці сказаць адкрыта, зрабіць, пакрытыкаваць існуючую ўладу…
І вось гэтая помста з боку апошняй – пазбавіць свайго апанэнта магчымасьці быць пры справе, што асабліва балюча ва ўмовах глыбінкі – патрабуе асаблівай увагі да сябе.
Мне здаецца, сутнасьць цяперашняга рэжыму – помсьлівасьць. І тое выяўляецца ў абсалютна розных формах, бо зьява гэтая ўелася ва ўвесь наш грамадзкі арганізм. Вось і помсьціць вёска гораду, бедныя багатым… Помсьцяць тыя, хто ў дзяцінстве меў праблемы, тым, хто з гэтым ці не сутыкаўся, ці цярпеў менш… Помсьцяць наагул тым, хто дасягнуў нейкага посьпеху.
І ў гэтым сэнсе помсьлівасьць разбуральная, бо яна нікому не дазваляе дасягнуць сапраўднага посьпеху.
Аднак у традыцыях беларускай культуры ніколі не было ні кроўнай, ні іншай помсты, помсьлівасьць – не ў нацыянальным беларускім характары. Што мне здаецца вельмі важным.
Некаторым людзям помста наагул здаецца свайго роду справядлівасьцю.
Аднак насамрэч помста – гэта якраз несправядлівасьць. Новая несправядлівасьць…
Толькі павага да чалавека можа быць асновай справядлівасьці.
І я хацеў бы заклікаць усіх тых, хто хоча некаму за нешта адпомсьціць, спыніцца і падумаць. Таму што зараз шмат хто мае праблемы і хацеў, каб была справядлівасьць… Аднак праз помсту – гэта ня шлях.
Бо будзе тое самае, што і зараз".