Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “Беларусі патрэбна рэвалюцыя сумленьня”


Грамадзкі рэдактар тыдня – палітык і публіцыст Павал Севярынец


Паўлу Севярынцу – 32 гады. Беларускі моладзевы хрысьціянскі палітык і публіцыст, адзін з заснавальнікаў "Маладога Фронту" і былы палітычны вязень. Скончыў з залатым мэдалём школу і геаграфічны факультэт БДУ.

У 1995 г. Севярынец уступіў у БНФ "Адраджэньне". Чатыры гады зьяўляўся намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – лідэрам "Маладога Фронту". У 2005 годзе Павал быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту і да 2007 адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у полацкай вёсцы Малое Сітна. Цяпер працуе над адраджэньнем палітычнай партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”.

Наш чарговы грамадзкі рэдактар – аўтар некалькіх кніг, ляўрэат літаратурнае прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя А. Адамовіча.

Вось некалькі ўрыўкаў зь ягоных публікацый:

… Як хрысьціяне мы мусім умець аддзяляць грэх ад грэшніка. Веру ў тое, што нават самы фанатычны камуніст, шчыра пакаяўшыся перад Богам, атрымае дараваньне. Але сам камунізм – прычым не адно як практыка, але і як бязбожная, агрэсіўная, клясавая, разбуральная ідэалёгія – зло, якое ня мае апраўданьня. Сёньняшняя “дзяржаўная ідэалёгія” у параўнаньні з камунізмам – суцэльная, прабачце, дэклярацыя правоў чалавека.

… Калi Беларусь i патрабуе рэвалюцыi — дык рэвалюцыi сумлення. Яшчэ раз падкрэслiм: у першую чаргу не рэвалюцыi адплаты, прагматызму цi класавай нянавiсцi — сумлення!

… I ў цяперашняй Беларусі ўмовы дзяржаўнай залежнасьці, задушэньня дэмакратыі й грамадзкага заняпаду вымагаюць моцнае ідэйнае праграмы Адраджэньня. Перамагчы рэжым і прычыны, што яго спарадзілі, магчыма толькі аднаўляючы разбураныя законнасьць і незалежнасьць, культывуючы любоў да Радзімы і бліжняга, супрацьстаючы разгулу алькагалізму, крыміналу, разбэшчанасьці, гвалту, падтрымліваючы ўцісканыя цяпер цэрквы ды сем'і. Агульнанацыянальнае пакаяньне, магутная вера як рухавік пераменаў, крышталевая маральная чысьціня — вось першачарговыя задачы палітычнага лідэрства ў сучаснае Беларусі.

… Любая доза хлусьні, пыхі, абыякавасьці, страху ў асяродзьдзі апазыцыі ўдвая больш небясьпечная. Мы самі носім у сабе чарнобыльскі рэактар грэху, які можа прывесьці да распаду краіны, — і мусім адказваць за наступствы.

Кожны, хто супрацьстаіць разбэшчанасьці, гвалту, беззаконьню, крыміналізацыі, спойваньню беларускага народу, — ліквідатар дыктатуры. Бо ад духовага Чарнобылю, страшнейшага за радыяцыйны, Беларусь у стане выратавацца толькі праз нацыянальнае абуджэньне.

… Тысячу гадоў таму адсюль, з Полаччыны, пачалася Беларусь, эўрапейская й хрысьціянская. Мне гэты лес, гэты лёс быў дадзены, каб нарэшце адштурхнуцца ад дна і вярнуцца да сапраўднай, поўнай і найвышэйшай свабоды — нацыянальнага абуджэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG