Паводле аглядальнікаў, на сёньняшнім паседжаньні кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў ЭЗ “павінны зрабіць фармальную прапанову адносна паслабленьня санкцыяў супраць Беларусі ўзамен на добрыя паводзіны Менску на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах”.
Спасылаючыся на праект заключнай пастановы сёньняшняй нарады, EUobserver піша, што калі назіральнікі ад АБСЭ дадуць станоўчую ацэнку беларускім парлямэнцкім выбарам, то “Эўропа возьме на сябе пэўную рызыку” і будзе гатовая “перагледзець існуючыя абмежаваньні супраць беларускіх чыноўнікаў”.
Як мяркуюць эўрапейскія назіральнікі, пакуль што чыноўнікі ЭЗ асьцерагаюцца легітымізаваць рэжым Лукашэнкі, а таму не прынялі нядаўнюю прапанову Эўракамісіі запрасіць на сёньняшнюю сустрэчу беларускага міністра Сяргея Мартынава. Замест яго ў Брусэль мае прыбыць экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, нядаўна вызвалены палітвязень Аляксандар Казулін. Ён і будзе размаўляць з эўрапейскімі чыноўнікамі.
Як заявіў напярэдадні брусэльскай сустрэчы ў размове з польскім выданьнем Dziennik міністар Радаслаў Сікорскі, “дачыненьні зь недэмакратычнымі краінамі заўсёды тояць у сабе пэўную рызыку”, аднак “ЭЗ мае адносіны і зь іншымі недэмакратычнымі рэжымамі кшталту Саудаўскай Арабіі”.
“У палітыцы нельга дасягнуць посьпеху, не рызыкуючы”, — зазначыў міністар, камэнтуючы вынікі сваёй сустрэчы зь беларускім калегам.
Як піша выданьне, кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства “не хаваў сваіх пазытыўных эмоцыяў ад перамоваў у Віскулях”. “Гэта было проста задавальненьне — знаходзіцца ў тым самым пакоі, дзе ў свой час Станіслаў Шушкевіч разам з Барысам Ельцыным і Леанідам Краўчуком падпісалі акт аб ліквідацыі СССР”.
Як піша аўстрыйскае выданьне Der Standard, дыялёг зь Беларусьсю спрыяў бы рэфармаваньню аўтарытарных структураў больш, чым палітыка ізаляцыі. Як лічыць нямецкі экспэрт Райнэр Лінднэр, многае ў Беларусі сьведчыць пра тое, што ЭЗ варта задумацца пра паслабленьне санкцыяў. Пры гэтым Лінднэр мяркуе, што фактычных перамен яшчэ не відаць, бо карэкцыю беларускага курсу, якая адбылася ў мінулыя тыдні, трэба зьвязваць “з замежнапалітычным і эканамічным ціскам”.