Паводле выданьня, сёньня з Масквы ў Менск на перамовы аб будучыні дзіцячага адпачынку ў Ірляндыі прыбывае амбасадар гэтай краіны ў Расеі і Беларусі.
Напярэдадні кіраўнік ірляндзкага замежнапалітычнага ведамства сустракаўся са старшынёй дабрачыннай праграмы Chernobyl Children's Project International. Падчас размовы было адзначана, што ірляндзкі бок будзе шукаць шляхі для фармальнага пагадненьня зь Менскам, якое б дазволіла і надалей ладзіць беларускім дзяўчаткам і хлопчыкам адпачынак і лекаваньне ў Ірляндыі.
Як заявіў міністар Марцін, ірляндзкі амбасадар павінен перадаць беларускаму боку “задаволенасьць Дубліна традыцыйным працяглым супрацоўніцтвам зь Менскам у галіне дзіцячага аздараўленьня”. Майкл Марцін сказаў, што калі беларускаму ўраду будзе патрэбная для такіх паездак фармальная дамоўленасьць, ён “меў бы гонар бліжэйшым часам абмеркаваць гэтае пытаньне”, бо гэта дазволіць ірляндзкаму ўраду “шчыльней супрацоўнічаць зь беларускімі міністэрствамі аховы здароўя, юстыцыі, адукацыі”, каб у далейшым пазьбегнуць “розных юрыдычных момантаў”.
Міністар выказаў спадзяваньне на сустрэчу са сваім беларускім калегам. Паведамляецца, што ў гэты чацьвер зь Лёндану ў Дублін прыбудзе амбасадар Беларусі ў Брытаніі і Ірляндыі.
“Я ведаю, што адмена дзіцячага аздараўленьня выклікала вялікую занепакоенасьць у тых ірляндзкіх сем’ях, якія бяруць удзел у праекце вось ужо 17 гадоў”, — сказаў Майкл Марцін. Ён дадаў, што робіць усё, каб забясьпечыць “гэтаму праекту, які вытрыманы ў лепшых традыцыях ірляндзкай дабрачыннасьці і гасьціннасьці”, далейшае існаваньне.
Кіраўніца Chernobyl Children's Project International Эйдзі Роч выказала задавальненьне ад сустрэчы зь міністрам. Яна спадзяецца, што ірляндзкія ўрадоўцы знойдуць, як зьняць забарону на дзіцячыя паездкі, інакш “найвялікшая шкода ад такой ізаляцыі будзе самім чарнобыльскім дзецям”.
Актывістка ірляндзкай чарнобыльскай праграмы, колішняя жыхарка Менску Вольга Талапіла, якая апошнім часам у выніку сямейных абставінаў стала жыве ў Ірляндыі кажа, што многія ірляндзкія сем'і называюць вінаватымі ў цяперашняй сытуацыі не беларускія ўлады, а амэрыканскую сям'ю, дзе засталася беларуская дзяўчынка:
«Я вельмі шчыльна кантактую з тымі ірляндзкімі сем’ямі, якія запрашаюць дзяцей. Напрыклад, перакладаю лісты, тэлефаную ў Беларусь. Большасьць беларускіх дзяцей ужо вярнулася дадому з вакацыяў. Аднак у сем’ях кажуць, што забарона пачне дзейнічаць ад будучага году.
Як я сама чула, ірляндцы крытыкуюць не беларускія ўлады, а ўчынак амэрыканскай сям’і Запатаў, у якой засталася беларуская дзяўчынка Таня Казыра. Бо з-за гэтага пачалася забарона на паездкі. Калі б яны хацелі ёй дапамагчы, то хай бы рабілі не праз афіцыйную праграму, а інакш. Бо найперш пацерпяць ад усяго гэтага чарнобыльскія дзеці.
Ірляндцы займаюцца дабрачыннасьцю ў вольны час. Яны ахвяруюць уласныя сродкі, лекуюць дзяцей, усе дзеці наведваюць стаматоляга, афтальмоляга. Таксама праводзяць акцыі ля супэрмаркетаў - зьбіраюць у пакупнікоў дробязь. Многія людзі адчуваюць сябе пакрыўджанымі ў выніку такой забароны беларускіх уладаў. Адна мая знаёмая, дырэктар адной з праграмаў Хэлэн Улісан лічыць, што рашэньне адносна забароны прынята беларускімі ўладамі без уліку інтарэсаў і будучыні дзяцей».
Паводле Вольгі Талапілы, большасьць яе знаёмых спадзяюцца, што Менск пераменіць сваё рашэньне і што перамовы будуць пасьпяховымі.