Вайна на Каўказе — грузіна-асэтынскі канфлікт і ўмяшаньне ў яго Расеі — тэма, на якую адгукаюцца ў гэтыя дні многія нашы слухачы. Нядаўняе прызнаньне Масквой дзяржаўнай незалежнасьці сэпаратысцкіх грузінскіх правінцыяў — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — стала чарговым этапам гэтага канфлікту, у які міжволі апынаецца ўцягнутым і ўвесь астатні сьвет.
З тэмы каўкаскага крызісу і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Кірыл Саўчанка зь Менску:
“Калі абхазам і асэтынам так хочацца жыць асобна — дык чаму ня даць ім такую магчымасьць? Усё роўна добрага сумеснага жыцьця з грузінамі ў іх не атрымаецца: за апошнія 20 год гэта ўсе зразумелі.
Абхазія і Паўднёвая Асэтыя фактычна і так ужо былі незалежныя ад Грузіі з пачатку 90-х гадоў. І навошта так лаяць Лукашэнку за тое, што ён падтрымлівае ў гэтым пытаньні Расею? Ён, можа, і ня надта хоча падтрымліваць, але куды яму цяпер падзецца? Назваўся груздом — дык лезь у кошык. Каўказ ад нас далёка, нам іхныя праблемы ня надта блізкія. Затое за паслухмянасьць ад Расеі, можа, яшчэ некалькі гадоў будзем атрымліваць газ са зьніжкамі. А ўрэшце, кожная ж нацыя мае права на самавызначэньне. Дык чаму абхазы ды асэтыны такога права не павінны мець?” — гэтак лічыць Кірыл Саўчанка зь Менску.
На прынцыпе непарушнасьці дзяржаўных межаў трымалася ўсё пасьляваеннае мірнае суіснаваньне краін на эўрапейскім кантынэнце. Амаль у кожнай дзяржаве жывуць прадстаўнікі дзясяткаў (альбо нават соцень) нацыяў і народнасьцяў. Нацыянальныя дыяспары альбо нават cамакіраваныя аўтаноміі ў некаторых краінах вельмі значныя. Калі можна парушыць дзяржаўны сувэрэнітэт Грузіі дзеля інтарэсаў асэтынаў і абхазаў, то чаму ня могуць абвясьціць сваю незалежнасьць баскі ў Гішпаніі, карсыканцы ў Францыі, курды ў Турэччыне, расейцы ў Латвіі ды Эстоніі? Масква гатова прызнаць іхную незалежнасьць? А што, калі ў адказ хтосьці прызнае незалежнасьць Татарстану, Башкірыі альбо Паўночнай Асэтыі? У што тады ператворыцца існаваньне краінаў і нацыяў? Што застанецца ад і без таго нетрывалага мірнага суіснаваньня?
Уся гэтая лёгіка цалкам дапасоўваецца і да Беларусі. Нашу краіну таксама нельга назваць монаэтнічнай.
Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст на “Свабоду” напісаў пасьля таго, як пачуў у нядаўнім аглядзе пошты допіс Уладзімера Баброўніка з Гомелю наконт мэтазгоднасьці ўдзелу ў выбарах ва ўмовах сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. Спадар Баброўнік выказаў думку, што той, хто не галасуе, пасіўна галасуе за пераможцу, паколькі нічым яму не перашкаджае. Кастусь Сырэль з гэтай нагоды піша:
“Што тычыцца таго, ісьці на выбарчы ўчастак шараговаму грамадзяніну ці не, то, у процівагу спадару Ўладзімеру, можна сказаць: “Хто галасуе пры дадзеных умовах, той прымае правілы гульні, навязаныя ўладай, а значыцца, актыўна спрыяе і фальсыфікацыям, і іншым парушэньням. Калі вы сядаеце гуляць у шашкі з Наздровым, ведаючы, што ён махлюе і абавязкова вас абдурыць, зьнянацку апынуўшыся ў дамках, то наракайце толькі самі на сябе”.
Уладзе толькі таго і трэба, каб забясьпечыць масавасьць, як мага большую яўку, бо тады ямчэй лавіць у мутнай вадзе рыбку. Дзеля той жа мэты арганізоўваецца шматдзённае датэрміновае галасаваньне.
Давайце ўспомнім шчырае прызнаньне Рыгоравіча расейскім журналістам у фальсыфікацыях на прэсавай канфэрэнцыі ў лістападзе 2006 году. У мяне пасьля гэтага прызнаньня цалкам адпала жаданьне хадзіць на нейкія выбары. Нічога, неяк перажыву і без інтымных зносінаў з выбарчымі скрынямі. Досьвед ёсьць: не хадзіў ні на якія выбары з 1971 да 1994 году.
Што ж тычыцца апазыцыйных партыяў, то тут, бадай, мае рацыю спадар Ільля Копыл зь Менску. Іх спробы ўдзельнічаць у выбарах, магчыма, і маюць сэнс”, — гэтак лічыць Кастусь Сырэль з Вушачаў.
Удакладню, што наш слухач Ільля Копыл, якога згадвае Кастусь Сырэль, у той жа перадачы “Паштовая скрынка 111” 20 жніўня пісаў, што не асуджае ні тых, хто зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах, ні тых, хто будзе іх байкатаваць. “У любым выпадку значнага ўплыву на канчатковы вынік гэта мець ня будзе, бо вынік гэты вызначаны ўладай загадзя, — лічыць спадар Копыл. — Але, нягледзячы на ўсё гэта, я ўпэўнены, што апазыцыйным партыям удзельнічаць у кампаніі трэба — хаця б дзеля таго, каб ня страціць навыкаў выбарчай барацьбы, ня страціць сувязі з тымі грамадзянамі, якія без ваганьняў гатовыя ўвайсьці ў групу падтрымкі ці самі стаць кандыдатамі”.
Такой жа пазыцыі, як і Ільля Копыл, трымаюцца ў сёньняшнім апазыцыйным асяродку вельмі многія. Хоць наконт верагоднасьці перамогі ў гэтай кампаніі ілюзіяў няма амаль ні ў кога.
Навіны зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Наш даўні сябар Мікалай Бусел даслаў апошнія нумары самвыдаўскай вясковай газэты “Дуброўскі настрой”, у якой, сярод іншага, паведамляецца пра тое, як мяняюцца заняткі мясцовых жыхароў. Чытаем адну з нататак:
“Значна паменела кароў у Дуброве. Усьлед за Зарэччам, дзе засталася мо адна рагуля на сяло, гавяджы абвал падцікаваў і наша сяло.
Некалькі гадоў таму было ў вёсцы ажно тры статкі прыватных кароў. У статку было да 60 галоў буйной рагатай скаціны. А зараз з усяе Дубровы зганяюць быдла ў адзін статак. Да таго ж чуваць размовы між людзей, што налета зьбіраюцца пазбыцца жывёлы і многія іншыя.
І дуброўцы пастарэлі, і ўтрыманьне скаціны даражэе. Шкада, што зьнікае народная жывёлагадоўля. Зьніклі авечкі, козы, коні. Прападуць і адмысловыя веды пра скаціну, і прыёмы догляду, і гною ня будзе. Яго ўжо амаль няма.
Але будзе мабільны тэлефончык — прывідная ілюзія дабрабыту.
А яшчэ на пошце паставілі кампутар грамадзкага карыстаньня. Кажуць, празь яго можна патрапіць у інтэрнэт. Ксэракопіі можна зрабіць, і нават сасканаваць тэкст. Але нешта не відаць, каб ля яго віліся карыстальнікі. Хто ня ўмее, каму няма калі. Дый стаіць апарат у нязручным месцы: дужа цеснае памяшканьне”, — гэта былі навіны зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, якія даслаў сябар “Свабоды” Мікалай Бусел.
Колькі тысяч беларускіх вёсак перажылі ўжо гэтыя драматычныя этапы маруднай сьмерці! Спачатку зьнікаюць на вясковых вуліцах дзіцячыя твары; потым перастаюць гучаць раніцай галасы пастухоў, не выносяць больш гаспадыні раніцай малако да фурманкі малаказборшчыка ... А ўрэшце надыходзіць апошні этап — калі зарастаюць пустазельлем гародчыкі, калі ня ўбачыш ля вёскі засаджаных бульбай сотак. Гэта значыць, што ў апошніх жыхароў амаль сканалай вёскі не засталося сілаў нават на гэта.
Пра лёс вёскі і сельскай гаспадаркі разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” і Мікалай Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Ён піша:
“З савецкага часу ў нашым Івянцы існаваў дзяржаўны птушкаплемзавод — вельмі пасьпяховы і прыбытковы. Зарплаты там па савецкіх мерках былі высокія, і ўладкавацца на працу было складана. Гэта ж можна сказаць і пра яшчэ адно івянецкае прадпрыемства — завод “Крыніца”, дзе вырабляліся дарожныя знакі.
Але з таго часу многае зьмянілася. Каб выцягнуць зь ямы занядбаныя навакольныя калгасы, іх прычапілі да пасьпяховай “Крыніцы”. А завод пад цяжарам калгаснай безгаспадарчасьці сам пайшоў на дно.
На “Крыніцы” скараціліся зарплаты, сталі звальняцца рабочыя. Каб выправіць становішча, да “Крыніцы” прычапілі Івянецкі дзяржплемзавод. Тады пачалі тануць усе разам з калгасамі — з доўгам у некалькі дзясяткаў мільярдаў рублёў.
Нягледзячы на гэта, у Івянцы ваўсю будуецца аграгарадок. Але каму ён патрэбен, калі ўсюды — жабрацкія зарплаты і вялізныя даўгі? Няўжо ўлада не разумее, што ў калгасаў няма будучыні, а адраджэньне сяла магчымае толькі ў тым выпадку, калі зямля будзе аддадзена тым, хто яе апрацоўвае — гэта значыць фэрмэрам.
Хоць улады і ня думаюць рэфармаваць сельскую гаспадарку, але, можа, мой голас дойдзе да шараговых грамадзянаў і яны задумаюцца над тым, куды мы ідзем. Магчыма, грамадзкая сьвядомасьць пакрысе будзе мяняцца”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну.
Не сказаць, каб улада цяпер надта моцна трымалася за калгасную сыстэму. Нават слова “калгас” ужо выйшла з моды: цяпер куды ні кінь — паўсюль сельскагаспадарчыя вытворчыя каапэратывы (СВК). Праўда, сутнасьць іх ад гэтага не зьмянілася. Гэта па-ранейшаму дзяржаўныя прадпрыемствы, у якіх так званыя “выбары” кіраўніка і калегіяльнасьць прыняцьця рашэньняў — толькі дэкарацыя, дзеля прыліку.
Ня думаю, што ўлада надта супраціўлялася б, калі б гэтыя СВК (большасьць якіх — неэфэктыўныя, стратныя, занядбаныя) нейкім чароўным чынам ператварыліся ў прыбытковыя фэрмэрскія гаспадаркі, якія б не патрабавалі датацыяў з бюджэту, а самі спраўна плацілі падаткі. Праблема ў тым, што час безнадзейна страчаны, а патэнцыйных фэрмэраў, якія б умелі, хацелі і маглі самастойна гаспадарыць на ўласнай зямлі, у большасьці беларускіх вёсак проста не засталося.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by