ЛІТПРАЦЭС
ВІКТАР ЖЫБУЛЬ: “У ПАЭЗІІ МЯНЕ ПАЛОХАЕ СТАНДАРТ, А НЕ АДХІЛЕНЬНЕ”
Нядаўна ў Менску ў праграме Міжнароднага літаратурнага фэсту “Парадак слоў” прайшоў першы беларускі паэтычны слэм. Зьява гэтая для беларускага літаратурнага працэсу новая. Зразумець яе мы паспрабуем з дапамогай маладога паэта Віктара Жыбуля, які стаў першым пераможцам беларускага слэму. Зь ім сустрэлася Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Віктар, вы, як пераможца, павінны ведаць дакладна, што такое слэм? Раскажыце, калі ласка, усім неабазнаным пра гэтую імпрэзу”.
Віктар Жыбуль: “Радзіма слэму – Злучаныя Штаты Амэрыкі. У 80-х гадах мінулага стагодзьдзя ён там зьявіўся. У 90-х і на пачатку гэтага стагодзьдзя ён пачаў праводзіцца ў суседніх з намі краінах. У Расеі і ва Ўкраіне слэмы цяпер ладзяцца рэгулярна. Я, як пераможца, атрымаў у якасьці прызу фільм пра слэм і кнігу ўкраінскага журналіста і літаратара Анатоля Ўльянава – пра тэорыю і практыку слэму.
У Беларусі да гэтай пары слэму не было. Слэм, умоўна кажучы, – гэта артыстычнае чытаньне вершаў аўтарамі на працягу трох хвілінаў. Ацэнкі выстаўляе журы з публікі, якой раздаюцца перад тым карткі зь лічбамі ад 1 да 5. Адпаведна па 5-бальнай сыстэме і выстаўляюцца кожнаму паэту адзнакі. Першая – за зьмест вершаў, другая – за артыстызм. Такім чынам, слэм – гэта своеасаблівы сынтэз літаратуры, тэатру і, магчыма, у нейкай ступені, нават спорту, бо ідзе спаборніцтва паэтаў”.
Аксак: “Прадэманструйце ўзоры чытаных на слэме твораў, зь якімі вы перамаглі”.
Жыбуль: “Многім спадабаўся мой верш “Ультыматум”, які я напісаў ад імя маленькага хлопчыка :
“У кутку на гаршку я сяджу.
Я злавіў, а каго – не скажу.
Мой рот набіты фэкаляднаю ватаю.
Хто не схаваўся – я не вінаваты.
Нядаўна бегаў пехатой пад стол,
а сёньня абвяшчаю ўльтыматум.
Усім вам абвяшчаю ўльтыматум...”
Аксак: “Віктар, слова “першы” ў дачыненьні да вас можна ўжываць у розных сытуацыях літаратурнай гісторыі. Вы – ня толькі пераможца першага беларускага паэтычнага слэму. Дзесяць гадоў таму вы першы напісалі паліндромную паэму “Рогі гор”, ня кажучы ўжо пра шматлікія вершы-паліндромы, што ўражваюць віртуознай тэхнікай складаньня радкоў і словаў, якія аднолькава чытаюцца спераду назад і ззаду наперад. Ці працягваеце вы гэтую паэтычную эквілібрыстыку?”
Жыбуль: “Зрэдку працягваю, і мяне яшчэ не пакідае мара выдаць асобную кніжку, складзеную цалкам з паліндромаў. Такога ў беларускай літаратуры яшчэ не было, і на кніжку ў мяне паліндромаў акурат набіраецца”.
Аксак: “Вы першым зьвярнуліся да такой тэмы, як узьдзеяньне псыхатэрапіі на беларускіх літаратараў. Ваш грунтоўны артыкул пра гэта надрукаваны ў апошнім нумары часопіса “Тэксты”. А наколькі, па-вашаму, псыхічны стан вядомых вам паэтаў – гэта норма ў тым сэнсе, у якім гэтую норму трактуе грамадзтва і мэдыцына? Ці ўсё-ткі паэтычнае мысьленьне – гэта адхіленьне ад агульна прынятых стандартаў?”
Жыбуль: “Асабіста мяне больш палохае слова “стандарт”, чым слова “адхіленьне”. Калі адхіленьні ёсьць у чалавека, то няхай яны будуць. І чым яны больш разнастайныя, тым цікавей. Часам паэты, мастакі ці пэрформэры сьвядома апранаюць на сябе маскі блазнаў ці нейкіх там шаляніцаў. Тут дастаткова прыгадаць фэстываль пэрформансу “Навінкі”.
Аксак: “Арганізатары якога, відаць, назвай хацелі таксама сьвядома стварыць алюзію на назву вядомага мястэчка пад Менскам, дзе працуе псыхічная лякарня?”
Жыбуль: “Сапраўды, удзельнікі гэтага фэстывалю часам робяць такое, што тыя творцы, якія лічаць сябе нармальнымі, падобнае рабіць сабе не дазволяць. Але вельмі цяжка правесьці мяжу паміж нормай і адхіленьнем ад яе. Як кажуць, гэта мы ўжо праходзілі. Карная псыхіятрыя такое ўжо рабіла, калі творцы траплялі ў адпаведныя месцы, дзе зь іх спрабавалі зрабіць, так бы мовіць, нармальных”.
АЎТАР І ТВОР
НІЛ ГІЛЕВІЧ: “ПРЫНЦЫП У МЯНЕ АДЗІНЫ – КІРАВАЦЦА ПРАЎДАЙ”
“У ноч на Пакровы” – гэтак называецца новая кніга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, якая днямі пабачыла сьвет у выдавецтве “Кнігазбор” у сэрыі “Куфэрак Віленшчыны”. У ёй – працяг той трывожнай размовы, якую пісьменьнік вядзе са сваімі чытачамі не адзін дзясятак гадоў. Хіба ў радках зьявілася больш іроніі ў стаўленьні да пэўных праяваў беларускай рэчаіснасьці. З паэтам у ягонай менскай кватэры сутрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Ніл Сымонавіч, ваш новы зборнік пачынаецца сьветлым, аптымістычным вершам “Трое маладых”. Не заўсёды адносіны паміж пакаленьнямі бываюць бясхмарнымі – і ў літаратуры, і ў грамадзкім жыцьці, ды і ў сямейным таксама. А якія пачуцьці выклікае сучасная моладзь у вас?”
Ніл Гілевіч: “Заўсёды бацькі й настаўнікі спадзяюцца на дзяцей, на вучняў. Лічу, што гэта адзіная разумная і мудрая пазыцыя. Калі ня верыць у маладых, не старацца зь імі супрацоўнічаць, то чым жа ўсё закончыцца? Я невыпадкова гэтым вершам адкрыў кніжачку. Былі ў мяне (і неаднойчы) канкрэтныя выпадкі, калі на Вялікдзень, на Каляды ці на якое іншае сьвята заходзілі да мяне маладыя, звычайна трое. Я пытаўся: “Хто вы?” Адказы былі прыблізна такія: “Студэнты-першакурснікі”, “гімназісты”, “мы вас вельмі паважаем, прыйшлі вас павіншаваць са сьвятам, вось вам кветкі”. І кожнага разу я бываў вельмі ўсьцешаны. У свой час нават верш напісаў – “Кліч да беларускай моладзі”, дзе я падкрэсьлена кажу пра маю веру ў маладых”.
Скобла: “Вы склалі плян-праспэкт выданьня свайго Збору твораў у 23 тамах. Ужо выйшлі ў сьвет два тамы – першы і пяты. Калі чакаць наступных?”
Гілевіч: “Ня ведаю, калі наступны выйдзе, хацеў бы спадзявацца, што неўзабаве, але наступны том будзе апошнім у гэтым пляне – 23-цім. Гэта мая мэмуарная кніга “Між роспаччу і надзеяй”, якая друкавалася ў шасьці нумарах часопіса “Дзеяслоў”.
Скобла: “Гэтыя вашы творы ўспаміннага жанру вельмі хораша былі ўспрынятыя чытачамі. Згадвалі мы пра іх і за “круглымі сталамі” ў нашым “Доме літаратара”. У мінулую суботу мы гаварылі з Данутай Бічэль пра яе кнігу мэмуараў “Хадзі на мой голас”. Паводле яе прызнаньня, яна кіравалася пры напісаньні праўдай і любоўю: бралася за пяро толькі тады, калі два гэтыя чыньнікі супадалі. А чым кіраваліся вы ў падобным жанры?”
Гілевіч: “Прынцып у мяне адзіны – кіравацца праўдай. Падзагаловак гэтага апошняга дваццаць трэцяга тому – “Абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары”. Гэта летапіс майго, у першую чаргу, змаганьня за родную мову, за роднае слова. Таму, натуральна, я зь вялікай павагай і любоўю называю тых, хто мяне ў гэтым змаганьні, у маіх балючых перажываньнях падтрымліваў. Ну, а хто – не, таго я або не чапаў зусім, або – аддаваў належнае, адпаведна”.
Скобла: “У бібліятэчцы часопіса “Наша вера” выйшла ваша кніжка, складзеная зь дзёньнікавых запісаў. Ці рыхтуюцца новыя публікацыі ў гэтым жанры?”
Гілевіч: “Я неаднойчы думаў, што, відаць, зрабіў памылку, пасьпяшаўшыся апублікаваць гэтыя запісы. Звычайна, дзёньнікавыя запісы друкуе ня сам аўтар, а той, хто распараджаецца ягонай спадчынай. Прызнаюся шчыра: пакуль што ў мяне няма намеру прадоўжыць гэтае выданьне, хоць на згаданай кніжцы і стаіць: “Сшытак першы”. Відаць, не для ўсіх запісаў настала пара, і гэта зразумела. Звычайна, дзёньнікі друкуюцца пасьля… Хоць наш любімы паэт Максім Танк свае “Лісткі календара” апублікаваў пры жыцьці, і, як я помню, яны спакойна былі ўспрынятыя, ніхто не зьбянтэжыўся”.
Скобла: “Але ж у “Лістках календара ” было зроблена безьліч купюраў, скаротаў, замест прозьвішчаў стаялі ініцыялы. Танк ня ўсе запісы друкаваў, а выбіраў”.
Гілевіч: “Ну, дык і я ж для публікацыі выбіраў. Гэта не суцэльны дзёньнік, далёка не суцэльны, там запісы ідуць адзін праз пяць”.
Скобла: “Вы жывяце над кнігарняй, у якой ёсьць букіністычны аддзел. Часам там можна пабачыць кнігі жывых аўтараў з аўтографамі сябрам ці знаёмым. Як вы гэта ўспрымаеце – як пэўную здраду чытача аўтару? Ці нічога тут страшнага няма, і кніга павінна вандраваць ад чытача да чытача?”
Гілевіч: “Тут усё залежыць ад таго, каму гэтая кніга была падпісана. Я, напрыклад, не хацеў бы, каб кнігу, якую я падпісаў сябру, ён пры маім жыцьці здаў у букіністычную краму. Хоць рана ці позна ўсе кнігі трапяць на паліцы букіністычных магазінаў… І ў гэтым ёсьць добрая лёгіка: сапраўды, кніга павінна з рук у рукі ісьці. Для гумару раскажу пра адзін выпадак. Ня так даўно я купіў сваю кнігу, падпісаную аднаму пісьменьніку, але ён быў не вінаваты. Я прасіў перадаць яму кнігу, а яе не перадалі, а здалі ў букіністычны. Таму я з прыемнасьцю забраў сваю кнігу і думаю, што яшчэ перадам яе па адрасе”.
Скобла: “Са “Сказу пра Лысую гару” ўсе ведаюць, што вы любілі адпачываць на возеры Нарач. Помняцца радкі: “Дык там жа Нарач нас купае, як маці дзетак-галышоў. Ды і кампанія якая – сам Танк, Лынькоў і Куляшоў!” Дзе вы гэтым летам ратуецеся ад гарадзкой мітусьні й сьпёкі?”
Гілевіч: “Толькі на сваім лецішчы. Дваццаць гадоў таму мая жонка Ніна Іванаўна, вечная памяць яе душы, пабачыўшы, што я сам не паклапачуся пра пэнсійны пэрыяд свайго жыцця, купіла маленькае лецішча: чатыры соткі. Пабудавала там хаціну, тады дазвалялі пяць на пяць мэтраў, ня больш. Ніна Іванаўна была на той будоўлі і архітэктарам, і прарабам, і нават інжынэрам-будаўніком, усё там дагледзела, усё зрабіла. І я апошнія гадоў пятнаццаць, калі зьнікаю з гораду, каб адпачыць, еду толькі туды. Там вельмі ціха, утульна, мне там добра працуецца”.
Скобла: “А дзе, у якой мясцовасьці, калі не сакрэт, знаходзіцца ваша лецішча?”
Гілевіч: “У вельмі маляўнічай мясьцінцы па дарозе на Смалявічы”.
НІЛ ГІЛЕВІЧ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ
Трое маладых
Ясным, чыстым ранкам велікодным,
У жытло маё, мой церам з кніг,
Завіталі з добрым словам родным
Трое маладых.
Трое, акрылёных сьветлай верай
У Хрыстовы дні.
Трое, не прыгнечаных хімэрай
Д’яблавай хлусьні.
Што іх прывяло?
Яшчэ з парога
З трох сказаў адзін:
«Ведайце, мы гонару народа
Сплюндрыць не дадзім!..»
Хростам сэрца і душы няўгледным
Я на гэта бласлаўляю іх –
Яснавокіх, гордых, непадлеглых
Трое маладых.
I будзем...
I будзем мы ўсе, дарагія-шаноўныя,
Амбіцыяў, сілы, энэргіі поўныя,
Да скону за волю і долю змагацца,
А ворагі будуць з нас толькі сьмяяцца.
I будуць, павырасшы, дзеткі шаноўныя,
Амбіцыяў, сілы, энэргіі поўныя,
Таксама за волю і долю змагацца,
А ворагі будуць зь іх толькі сьмяяцца.
I будуць нашчадкі нашчадкаў шаноўныя,
Амбіцыяў, сілы, энэргіі поўныя,
За волю і долю Радзімы змагацца,
А ворагі будуць зь іх толькі сьмяяцца.
Так будзем і будзем змагацца з прымусамі,
Пакуль не адчуем сябе беларусамі
I сьцягам, бясьсьмертным, як сэрца Хрыстова,
Ня пусьцім паперадзе Роднае Слова.
Зварот
Пакладзіце, братцы людзі,
Вы руку сабе на грудзі,
Пакладзіце! –
І сабе ж, насупраць ночы,
У душу, як Богу ў вочы,
Паглядзіце!
I скажыце-адкажыце
На адзінае пытаньне
Адназначна:
Бачна вам дарога ў жыце,
На якой – выратаваньне,
Ці ня бачна?
Як ня бачна – Божа правы
Назаве вам прыклад чыну –
Дзейсны, годны,
як ад ганьбы і няславы
Бараніць сваю айчыну,
Край свой родны.
Калі зноскі ў сытым блудзе
І апошні трацяць сорам,
злыдні-зноскі, –
Каліноўскі хай вам будзе
чэсьці й гонару узорам!
Каліноўскі!
Аповед пра трубу
Пачну празаічна.
Як, зрэшты, і кончу,
па праўдзе сказаць.
Бо гэта жыцьцёвая проза
ня можа
прыгожай мэтафарай стаць.
Ня тая матэрыя.
Не для паэзіі.
Тут трэба мовіць прасьцей.
Дык вось: запрасілі мяне –
яшчэ восеньню гэта было –
на сустрэчу ў ліцэй.
Звычайная рэч: літаратар
павінен прыходзіць
са словам любві да людзей.
I я ўжо сабраўся.
Крыху прыкасьцюміўся нават.
I кніжачкі склаў у партфэль.
Сказалі: «У дзесяць прыедзем па вас на машыне».
Ну што ж! Нам машыне латвей.
Сяджу і чакаю.
Амаль а дзесятай –
Званок тэлефонны: Ало!
Прашу прабачэньня,
сустрэча, на жаль, не адбудзецца:
нас заліло!
Прарвала трубу –
і ўвесь першы паверх
затапіла вада.
Дык вы ўжо даруйце,
мне вельмі няёмка, паверце,
і вельмі шкада...
Праз тыдзень
мяне запрасілі
сустрэцца зь людзьмі ў РДК.
«Ну, добра!» – сказаў.
«Мы прыедзем забраць вас.
Чакайце званка!»
Чакаў. Дачакаўся.
I раптам у слухаўцы чую
ня радасьць, а скруху-журбу:
– Прабачце, сустрэчы ня будзе.
Аварыя ў нас тут:
прарвала трубу.
Усё заліло-затапіла!
Такая во стрэслася
неспадзявана бяда.
Дык вы ўжо даруйце,
мне вельмі няёмка, паверце,
і вельмі шкада...
Празь месяц – якраз, калі я ўжо сабраўся
ісьці на сустрэчу ў каледж, –
званок тэлефонны:
– Даруйце, мне вельмі няёмка і прыкра, але ж...
– Ну што? – перабіў я.
– Прарвала трубу –
I падлога затоплена ўся?
– Вой! – войкнула слухаўка.
– Праўда, прарвала!
А як вы даведаліся?
– Спадарыня мілая, як жа ня ведаць
пра гэта мне дома, калі
ужо гэта ведаюць
скрозь у Эўропе,
а мо і на цэлай зямлі!
Так, так, ужо ведаюць,
што ў Беларусі
гадоў, можа, зь дзесяць таму
трубу разарвала –
і справіцца з гэтай
аварыяй страшнай
няма ў нас каму.
Дык гоніць і гоніць,
і прэ, і нясе, і фугуе,
і ўсё залівае наўсьцяж –
такім залівае,
што часам дыхнуць немагчыма...
О, Госпадзе Божа ты наш!
P.S. Мае чытачы дарагія,
мае аднаверцы,
я вельмі вас, вельмі прашу:
ня клічце мяне
да сябе на сустрэчу, сябры,
не вярэдзьце душу.
Чытайце – пакуль дзікуны
не пакідалі ў вогнішча –
кнігі і кніжкі мае.
Пасьля і сустрэчы прадоўжым.
Прадоўжым!
Час прыйдзе.
Наступіць.
Ужо настае.
КРЫТЫКА
ГАННА КІСЬЛІЦЫНА. ПАЭТЫЧНАЕ МАСТАЦТВАЗНАЎСТВА
Сяргей Харэўскі. Прамоўленае: эсэ і лекцыі. Вільня: Выдавецтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, 2008. Наклад 1000, 150 стар.
– Вам што, падабаецца эсэізм?
Спытаўся ў мяне пару гадоў таму вядомы літаратуразнаўца. І, прызнацца, паставіў у тупік... Тады мне здавалася ненармальнай падазронасьць постсавецкай літаратурнай навукі да жанру эсэ, хоць, магчыма, яна і мела пад сабой глебу... Свабоднае выяўленьне думкі, нязмушаная плынь развагаў, скрайняе выяўленьне творчай індывідуальнасьці – можа, яны і сапраўды несьлі пагрозу кананічнаму таталітарнаму мысьленьню? Аднак сёньня згадваю даўняе пытаньне калегі і думаю, што баяўся ён, відавочна, іншага...
Напрыклад, таго, што ў літаратуры з прышэсьцем павальнага эсэізму зьнікнуць героі і фабулы... Чужыя цытаты паглынуць уласна-аўтарскія думкі... З тэкстаў выпарацца дынамізм і структура... А адзіным, бясконца дубляваным сюжэтам стануць прыгоды самой культуры, а не чалавечыя лёсы. Зьнікне тое, чаго, сапраўды, так не хапае сёньняшняй літаратуры для таго, каб у яе зьявіўся ня толькі адмысловы, элітарны чытач, але і шэраговы, масавы...
І ўсё ж я люблю эсэ як своеасаблівы тып мастацкага мысьленьня. Існуе дастаткова тэмаў, якія проста вымагаюць нясьпешнай гаворкі, спакойнага, лірычнага тону, аднолькавай увагі да кожнага згаданага аб’екту. Напрыклад – гісторыя мастацтва. Размова пра яе, на мой погляд, павінна адпавядаць экскурсійнай, нясьпешнай прагулцы па музэйных залях у кампаніі гіда-эрудыта...
Такім разумным спадарожнікам па старонках мінулага выступае Сяргей Харэўскі ў сваёй новай кнізе "Прамоўленае". Імя Сяргея Харэўскага добра знаёмае чытачам і слухачам. Ён – вядомы папулярызатар нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, адзін з самых сталых супрацоўнікаў “Нашай нівы”, выкладчык і мастак. І менавіта апошняе вызначэньне мяне і прыцягвае. На ім трымаецца самакаштоўнасьць кнігі, якую ня варта ўспрымаць толькі як зборнік аўтарскіх перадачаў і лекцый. Тым больш, што будуюцца яны на вельмі суб’ектыўнай тэзе: "Мастацтва павінна быць найперш цікавае, а не зразумелае".
Разважаючы над постацьцю Антуана Вато, Харэўскі прыходзіць да шырокага абагульненьня эвалюцыйнага руху выяўленчай культуры. "Пасьля караля Людовіка 14 застаўся харвацкі гальштук, разумнага тлумачэньня якому сёньня ўжо не знайсьці.
А мастацтва ў далейшым пайшло ў дыямэтральна іншым ад пошукаў Вато кірунку. Яно імкнулася да адназначнасьці, прагнучы прэпараваць сюжэт, колер, форму. Мастацтва стала сродкам спасьціжэньня псыхікі, гісторыі, афтальмалёгіі і г.д. Неадназначнасьць і нявытлумачанасьць сталіся заганамі. Ад дывізіяністаў мастацтва наагул перастае быць таямніцаю, кожны творца ўжо ў стане распавесьці, што й навошта ён зрабіў... Колеры выціскаюцца з натуры, як сок з памаранча, але й гэтага было малавата. Урэшце "кветкі й садавіна" сталі жменяю полівітамінаў.
На разьвітаньне Гаген кінуў: "Колер хакі – колер зацьвілае эўрапейскае цывілізацыі..."
Але гэта НАШ колер. Адназначна..."
У тэксьце эсэ "Субкультура гвалту: каторы колер наш?" слова "НАШ" выдзелена вялікімі літарамі. Яно – заўсёдны арыентыр развагаў Харэўскага-мысьляра. Вызначэньне нацыянальнага колерамысьленьня, як і вызначэньне нацыянальнага стылю ў дойлідзтве, – гэта ня столькі мастацтвазнаўчая, колькі філязофская праблема. Праблема, якая раней здавалася мне абсалютна нявырашанай. Аднак цуд "Прамоўленага" якраз у тым, што Харэўскі-дасьледчык літаральна па драбінках зьбірае ўсё, што было сказана на гэтую тэму да яго. Зьбірае і разьвівае – з рэдкім для нашага часу піетэтам перад папярэднікамі. І робіць гэта па-навуковаму карпатліва, па-пісьменьніцку паэтычна, але, перад усім, з густам і досьведам мастака.
Як слушна заўважае ён сам, "мастак расхінае адлегласьць паміж існаваньнем і мастацтвам"... Дадам – іншым разам расхінае настолькі, што паміж імі ўтвараецца абсалютна аўтаномная паралельная прастора, са сваімі законамі і прыярытэтамі. Прычым, нават для людзей, якія думаюць што яны заангажаваныя ў нацыянальную культуру, знойдзецца столькі незнаёмых сюжэтаў і постацяў, карцінаў і ляндшафтаў, буйных і дробных плянаў, што не-не ды і спытаеш сябе: а як ты мог раней ня бачыць цэлага мацерыка, які існаваў вось тут побач, перад тваім носам...
Уладыслаў Страмінскі, Ян Булгак, Ганна Ромэр, Станіслаў Жукоўскі, Генрык Гай, Мар’ян Лялевіч, Ян Франкевіч... Дзякуючы Харэўскаму ажылі ня толькі падрабязнасьці іх жыцьцяў, але, галоўнае, іх думкі, ідэі, погляды – тое, з чаго складаецца нацыянальны вобраз сьвету... І тут роля мастацтвазнаўцы неацэнная, роля менавіта як асобы, здатнай прааналізаваць і скласьці цэласную канцэпцыю, прычым скласьці яе зь любоўю ня толькі да вобраза, але і да слова. Асабліва хочацца адзначыць эсэ "Мастакоўская літаратура. Літарацкая дзейнасьць мастакоў і дойлідаў ХХ стагодзьдзя", дзе Харэўскі аналізуе мэмуарную, навуковую і літаратурную спадчыну. Чытаючы гэтае эсэ, радуесься цудоўнаму густу Харэўскага-літаратара, які выяўляецца ўжо ў выбары цытатаў... Упершыню злавіла сябе на думцы, што цытацыя – таксама талент, і талент рэдкі... Як і здатнасьць да стылізацыі.
"І які ж беларус ня любіць плысьці паволі? Ці ж ягонай душы, што імкнецца сузіральна супыніцца, засамоціцца, сказаць часам: "Неяк жа будзе..." – ці ж ягонай душы не любіць гэтага? Як не любіць плысьці, калі ў тым чуецца нешта трымцьліва-летуценнае?
І плыве, плыве цэлы край, зьняможаны і няўпэўнены, зьнявераны й недарэчны для самога сябе, плыве абы-як, як прыладзіў хто, у суцэльнай маўклівай чарадзе, дзе кожны – сам…
Куды ж плывеш ты, Беларусь, да якога акіяну-мора, да якога Дунаю? Усё праплывае міма цябе: неаплаканыя радасьці і гора, сьмяцьцё са скарбамі незьлічонымі, усё адстае і застаецца ззаду. Спыніцца чужаніца, уражаны павольным тваім бязмэтным плысьцём: што б магло значыць гэтае рушаньне, што наводзіць роспачную скруху? Беларусь, куды нясуць цябе бруі твае? Дай адказ. Няма адказу."
Гэткай шчымлівай споведзьдзю мастака-беларуса заканчваецца апошняя старонка кнігі "Прамоўленае". З гэтых шчымлівых радкоў пачынаецца новая старонка беларускага мастацтвазнаўства.