Аднак сваіх амбіцый не хаваюць і іншыя – амэрыканцы, расейцы, аўстралійцы таксама лічаць, што выступяць пасьпяхова. Пра мэдалёвыя шанцы заяўляе і штаб беларускай зборнай.
Трэнэр алімпійскай зборнай СССР на Алімпіядах 1968, 1972 і 1976 гадоў Рэнальд Кныш, настаўнік адной з самых славутых беларускіх гімнастак Вольгі Корбут, на пэкінскую Алімпіяду такога гледзішча:
“Кітайцы будуць фаварытамі безумоўнымі. Амэрыканцы, расейцы можа дзесьці яшчэ вызначацца. Але ў тым, што агульная перамога будзе за кітайцамі, я ў гэтым не сумняюся ніколькі. Мала за тое, як мне падаецца, пасьля гэтай Алімпіяды кітайцы потым будуць выйграваць усе астатнія Алімпійскія гульні. Барацьба стане зусім іншай. І калі раней Расея, Амэрыка, трохі Нямеччына, Брытанія, Аўстралія яшчэ ўмешваліся ў падзел мэдалёў, то цяпер Кітай будзе ўсюды паза конкурсам”.
Дык ці можна казаць, што беларусам сёлета нічога асабліва ня сьвеціць?
“Што тычыцца гімнастыкі, дык у нас толькі адзін Касьпяровіч у апорным скачку штосьці паказаць. Ну, і таксама Іван Ціхан, Кацярына Карстэн, штангіст Рыбакоў. То бок, тры-чатыры чалавекі, якія могуць прэтэндаваць на золата. Ну, а прызэры, гэта, мне падаецца зусім дробязь, пра якую асабліва і думаць няма чаго”.
Карэспандэнт: “Іншымі словамі, на Алімпіядзе цэніцца толькі золата?”
“Так, я думаю, што толькі золата. Бо нават другое месца – гэта ўжо пройгрыш”.
Ці варта чакаць сюрпрызаў кшталту таго, які ўчыніла на Алімпіядзе 2004 году ў Афінах бягуньня Юлія Несьцярэнка?
“Сумняюся. Хоць усё можа быць. Хто тады думаў пра Несьцярэнку? Гэта сапраўды быў цуд! На гэты конт няма нават словаў...”.