Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто выйграе суд паміж “Газпромам” і Беларусьсю?


“Газпром" заяўляе, што пакідае за сабой права зьвярнуцца ў суд на Беларусь, калі Менск працягне не выконваць свае абавязаньні і надалей не плаціць у поўнай меры за пастаўкі расейскага газу ў Беларусь. Якія аргумэнты мае беларускі бок, адмаўляючыся плаціць па новай цане за расейскі газ? У якім судзе можа разглядацца спрэчка паміж Беларусьсю і Газпромам? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканаміст Яраслаў Раманчук і аглядальніца газэты “Белорусы і рынок” Тацяна Манёнак

Цыганкоў: “16 ліпеня адбылася працоўная сустрэча намесьніка старшыні праўленьня "Газпрому" Аляксандра Ананенкава і генэральнага дырэктара кампаніі "Белтрансгаз" Уладзімера Маёрава. Пасьля яе Ананенкаў заявіў пра магчымасьць прыцягнуць Беларусь да суду за несвоечасовую аплату пастаўленага расейскага газу. Чаму беларускі бок вядзе сябе гэтак “нахабна”, адмаўляючыся плаціць нават гэтую зусім не дарагую цану. Што мае падставы беларусам так сабе паводзіць, ці ёсьць за гэтым нейкае эканамічнае ці палітычнае абгрунтаваньне?”

“Чарговая газавая вайна пачынаецца ўжо ў ліпені”


Манёнак:
“Гэта яшчэ адно сьведчаньне таму, што гэтыя дамовы, падпісаныя напрыканцы 2006 году, ня вельмі празрыстыя і дакладныя. Можна ўзгадаць, што тады, 31 сьнежня 2006 году, спадар Мілер, тагачасны кіраўнік Газпрому, заявіў, што кошт транзыту праз тэрыторыю Беларусі цягам 5 гадоў ня будзе мяняцца. Але ўжо на наступны дзень першы віцэ-прэм’ер Беларусі Сямашка заявіў, што кошт транзыту таксама павінен падвышацца – пасьля таго, як будзе падвышацца цана газу для Беларусі.

Цяпер беларускія перамоўшчыкі ўжо дасьведчаныя гандляры, яны ведаюць, што калі Газпром пераглядае кошт газу, то ёсьць падставы гандлявацца, бо няма ніякіх юрыдычных дамоваў пра кошт транзыту.

Цыганкоў: “Але няўжо кошт транзыту – настолькі істотны фінансавы аргумэнт, што можа хаця б у нейкай ступені пакрыць рост кошту газу?”

Манёнак: “Але справа ў тым, што ёсьць дамовы. Падпісваліся ня толькі дакумэнты пра пастаўкі газу, але і пра транзыт – яны прымаліся ў пакеце. Вядома ж, транзыт істотна не ўплывае на эканамічную сытуацыю ў Беларусі, гэта пакрывае каля 13-15 працэнтаў кошту паставак газу. Але для Беларусі гэта ўсё ж дастаткова важны аргумэнт”.

Раманчук:
“Газ – тэма палітычная. Тут ёсьць эканоміка, але дамінуе палітыка, геапалітыка, і нават узаемаадносіны кіраўнікоў двух краінаў. Паколькі няма дакладнай формулы, па якой кожны школьнік мог бы акрэсьліць, якая ж цана за газ, то гэта стварае ўмовы для спэкуляцыяў, перагляду ўмоваў, каб кожны бок увесь час уводзіў нешта новае. Ні з воднай краінай такога няма – немагчыма ўявіць, каб з іншымі краінамі ўмовы пераглядаліся кожны квартал.

Беларускія чыноўнікі ня маюць канцэпцыі разьвіцьця эканомікі, энэргетыкі пры сусьветных цэнах на газ, таму яны выкарыстоўваюць ўвесь свой патэнцыял дзеля таго, каб сказаць, што гэта Расея вінаватая ва ўсіх эканамічных цяжкасьцях. Факт застаецца фактам -- у 2011 годзе Беларусь будзе мець сусьветныя цэны на газ. І калі Беларусь, замест таго, каб рыхтавацца да гэтага павышэньня, будзе гандлявацца за кожную капейку, гэта азначае толькі далейшую залежнасьць Беларусі ад Расеі. Тое, што чарговая газавая вайна пачынаецца так рана, ужо ў ліпені, гаворыць пра тое, што восень і зіма будуць у нас вельмі гарачыя”.

Не Газпром вырашае, якой будзе цана газу для Беларусі

Цыганкоў: “Наколькі сур’ёзнай вам здаецца пагрозу суду з боку Газпрому? У які суд Газпром можа зьвярнуцца, які задаволіць абодва бакі – беларускі і расейскі? Можа, гэта справа настолькі палітычная, што вышэй усіх судоў тут будуць сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў?”

Манёнак: “Тое, што гэта палітыка – гэта відавочна. Беларусь не аплачвала газ на новым кошце на другі квартал 2 з паловай месяцы – і Газпром маўчаў, быццам бы нічога не здарылася. Была заява беларускага боку пра тое, што на назіральнай радзе сумеснага прадпрыемства “Белтрансгаз” нібыта дамовіліся, што цана газу ня будзе падвышацца. І калі Газпром быў супраць, чаму ж ён маўчаў. Выглядае, што не Газпром вырашае, якой будзе цана газу для Беларусі.

Тое, што Газпром кажа, што будзе зьвяртацца ў нейкі суд – трэба паглядзець кантракты. Калі там зафіксавана, што ў выпадку нейкіх спрэчак нейкі з бакоў можа зьвяртацца ў суд, дык чаму не.. Але я разумею, што беларускі бок хутчэй да гэтага ня будзе даводзіць.

Паводле маёй інфармацыі, расейскі ўрад вывучае сытуацыю ў Беларусі – ці вытрымае беларуская эканоміка магчымы кошт газу 200 даляраў. Вельмі цікавая сытуацыя – чаму, напрыклад, расейскі ўрад не вывучае такую сытуацыю ў Польшчы – ці вытрымае польская эканоміка павышэньне да амаль 500 даляраў цаны на газ?”

Беларусь ня будзе даводзіць спрэчку да суду


Цыганкоў: “Яраслаў, як вы бачыце пэрспэктывы суду паміж Газпромам і Беларусьсю? Як гэта сытуацыя выглядае з прававога і эканамічнага пункту гледжаньня?”

Раманчук: “Усім ужо вядома, што судовая сыстэма ў Расеі – гэта адно “басманнае правасудзьдзе”. Калі Беразоўскі судзіцца з Абрамовічам у Лёндане – гэта шмат пра што гаворыць. Нават калі ў дамове напісана, што суд можа адбыцца ў Беларусі альбо ў Расеі, бакі наўрад ці пагодзяцца на суды ў гэтых краінах. Магчыма, у такой сытуацыя зварот будзе да якога-небудзь заходняга суду.

Але калі “Гапром” туды зьвернецца, то, безумоўна, ён атрымае вынік на сваю карысьць. Бо значэньне Газпраму для Эўропы даволі істотнае..”

Цыганкоў: “.. Такім чынам, відавочна, што ў беларускіх чыноўнікаў хопіць розуму не даводзіць да суду?”

Раманчук: “Так, бо гэта будзе як з “Балтыкай”, калі амаль дайшло да судовага разьбіраньня, а потым беларускі бок за тры дні вярнуў усе грошы. Таксама і тут. Суд – гэта казырны аргумэнт у руках Газпрому і яны будуць ім карыстацца.

Беларусь павінна паглядзець праўдзе ў вочы – у нас так ці іначай будуць сусьветныя цэны на энэрганосьбіты, і менавіта да гэтага трэба прыстасоўваць нашу эканоміку, а не да капрызаў Газпрома, Мядзьведзева альбо Пуціна”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG