Як лічыць прадстаўнік расейскай Незалежнай кансалтынгавай кампаніі “2К Аудит — Деловые консультации” прафэсар Іван Андрыеўскі, “калі справа ўсё ж дойдзе да суду, шанцаў выйграць яе ў Газпрома, без сумневу, болей. Аргумэнты беларускага боку выглядаюць нашмат слабейшымі”.
Паводле прафэсара Івана Андрыеўскага, судовыя пагрозы — звычайны складнік падобных перамоваў. Экспэрт мяркуе, што Беларусь хоча паспрабаваць адтэрмінаваць час пераходу да эўрапейскіх расцэнак.
“Прычым вызначыць сваю пазыцыю Беларусь вырашыла ўжо сёньня, — адзначае Андрыеўскі. — Наўрад ці Менск будзе ўпарціцца ў захаваньні запазычанасьці, якая ўтварылася цяпер. Аднак, напэўна, усё ж паспрабуе падвысіць кошты транзыту. Мяркуючы па ўсім, галоўнай задачай стане далейшая формула разьлікаў па газе”.
Тым часам у сваім камэнтары на інтэрнэт-сайце eurasia.ru расейскі экспэрт Уладзімір Нікіцін называе заявы газавікоў такім жа “злачынным жлобствам”, як і “затрымку аб’яднаньня абедзьвюх краін з боку расейскіх і беларускіх эліт”. Ён лічыць, што падобныя заявы ня ўлічваюць геапалітычных інтарэсаў Расеі.
“Расейскі газ — сур’ёзны інструмэнт уплыву і важкі аргумэнт для прагматычнага супрацоўніцтва, — піша экспэрт. — Аднак калі справа тычыцца геапалітыкі, усе гэтыя фактары павінны заставацца ўбаку. Нашы народы існуюць не дзеля газу і кампаніі “Газпром”, хоць шмат у чым і дзякуючы яму. Пры тым гэта амаль адзіны фактар, які азмрочвае нашы дачыненьні. Падобнае жлобства з боку нашых газавікоў злачыннае, як і злачынная затрымка аб’яднаньня з боку элітаў абедзьвюх краін. Цяжка быць патрыётам з падобным стаўленьнем”.