Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cтыхійныя пратэсты як індыкатар палітыкі ўладаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


З чарговымі пратэстамі сёньня выступаюць жыхары дамоў па вуліцы Гамарніка ў Менску і пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну. Чаму грамадзяне вымушаныя ісьці на стыхійныя мітынгі? ТЭМА ДНЯ.

У Менскім гарвыканкаме перакананыя, што дом на вуліцы Гамарніка, вакол якога ідуць спрэчкі, будуецца законна, у адпаведнасьці з дзейнымі нарматывамі. Гаворыць Марыя Бушук, начальніца аддзелу горадабудаўнічага плянаваньня Камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менскага гарвыканкаму:

“Гэта сталіца, гэта іншая шчыльнасьць забудовы ў горадзе. А людзям, якія ня хочуць у такіх умовах жыць, трэба выбіраць іншыя спосабы пратэсту... Вы жывяце ня ў Пухавічах, а ў сталіцы краіны Менску, горадзе, які адносіцца да найбуйнейшых, дзе дзейнічаюць іншыя нормы”.

Спадарыня Бушук гэтак пракамэнтавала факт, калі на вуліцы Гамарніка мясцовыя жыхары клаліся пад колы будаўнічай тэхнікі, каб не дапусьціць узьвядзеньня на месцы дзіцячай пляцоўкі шматпавярховіка:

“Калі мы дапускаем да гэтага, то няхай ляжаць... Для гэтага існуюць адміністратыўныя службы ў раёне, тая ж міліцыя. Калі гэтыя жыхары ня плацяць за гэтую зямлю, гэта зямля гарадзкая, то як яны будуць там класьціся пад колы?”

Спадарыня Бушук пры гэтым прызнала, што ўлады не заўсёды даходліва тлумачаць грамадзянам сваю пазыцыю.

Сацыёляг, экс-міністар працы Аляксандар Сасноў мяркуе, што значная частка стыхійных выступаў грамадзян зьвязана з тым, што ў краіне няма мэханізму ўліку думкі звычайных людзей:

“Толькі думкі чыноўнікаў, толькі думка атачэньня, хаўрусьнікаў і паплечнікаў Лукашэнкі. А што думаюць людзі, нікога не цікавіць”.

На думку спадара Саснова, рэакцыя ўладаў на спантанныя пратэсты грамадзян пераважна грубая:

“Калі выступоўцаў мала, улады правакуюць, саджаюць, штрафуюць,— робяць як звычайна, як яны прывыклі. А калі б выступоўцаў было шмат, то тады ўлады пайшлі б на нейкія саступкі. Іншага няма. Нашая ўлада зь людзьмі ні ў якім разе і ніколі не лічылася”.

Пратэстны патэнцыял у беларускім грамадзтве расьце, сьведчыць сацыёляг Аляксандар Сасноў. З 2006 году рэйтынг А. Лукашэнкі ўпаў больш як на 20 працэнтных пунктаў — з 60 да 38 адсоткаў. Давер да мясцовых уладаў яшчэ меншы, чым да Лукашэнкі, — зазначае А. Сасноў.

Ён мяркуе, што цяпер, у часе выбарчай кампаніі, улады могуць пайсьці на пэўныя саступкі, каб падкупіць электарат перад галасаваньнем, каб ацішыць жарсьці ў грамадзтве, але па выбарах яны вернуцца да ранейшай практыкі.

Пратэсты жыхароў вуліцы Гамарніка ў Менску, пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну, Бярозы падтрымаў Беларускі народны фронт. Удзельнікі пратэстаў выступаюць супраць ушчамленьня сваіх правоў і пагаршэньня экалягічнага становішча там, дзе яны жывуць.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў сувязі са стыхійнымі выступамі жыхароў дома № 20 па вуліцы Гамарніка ў Менску і іншымі падобнымі канфліктнымі сытуацыямі падрыхтаваў адкрыты ліст і зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія павінны бараніць інтарэсы грамадзян.

“Усе гэтыя зьявы аднаго парадку. Яны зьвязаныя з прыходам беспардоннага, як правіла, расейскага капіталу, які пасьпяхова прыкрываецца тутэйшым чынавенствам. Недзе гэтаму капіталу ўдаецца захапіць зямлю ў парушэньне экалягічнага і іншага заканадаўства, дамагчыся рэалізацыі сумнеўных праектаў, як завод пэстыцыдаў у Дружным. А недзе, там, дзе людзі самаарганізоўваюцца дзеля абароны сваіх правоў, як было на вуліцы Карла Маркса ў Менску, яны вымушаныя адступаць”.

Да іншых прыкладаў сваволі ўладаў спадар Вячорка аднёс высяленьне часткі прыватных дамоў на тэрыторыі Сельгаспасёлку ў Менску, будаўніцтва ў ахоўнай зоне Цнянскага вадасховішча элітнага катэджнага пасёлку, будоўлю другой чаргі заводу пэстыцыдаў у Бярозе.

Рэакцыя ўладаў на пратэсты жыхароў сьведчыць пра недальнабачнасьць іх палітыкі, мяркуе спадар Вячорка:

“Калі яны пачынаюць ваяваць са звычайнымі людзьмі, якія абараняюць свае законныя інтарэсы, то гэта значыць, што ўлада зайшла ў тупік”.

На думку спадара Вячоркі, актыўная рэакцыя людзей на дзеяньні ўладаў стварае шанцы да зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці.


На вуліцы Гамарніка зьявіцца дакумэнтацыя

Выканаўца абавязкаў дырэктара фірмы-замоўцы ТАА “Карповіч” Андрэй Кіслы сказаў, што сёньня каля будпляцоўкі на вуліцы Гамарніка будзе ўсталяваны яшчэ адзін стэнд з копіямі ўсіх дакумэнтаў, якія даюць дазвол на будаўніцтва.



Гарвыканкам пратэстоўцам: “Вы жывяце ня ў Пухавічах”

У Менскім гарвыканкаме перакананыя, што дом на вуліцы Гамарніка, вакол якога ідуць спрэчкі, будуецца законна, у адпаведнасьці з існуючымі нарматывамі.


БНФ падтрымаў удзельнікаў стыхійных мітынгаў


Беларускі народны фронт падтрымаў пратэсты жыхароў вуліцы Гамарніка ў Менску, пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну, Бярозы, якія выступаюць супраць ушчамленьня іх правоў і пагаршэньня экалягічнага становішча ў месцах іх пражываньня.


А. Сасноў: “Улады ня ўлічваюць думку звычайных грамадзян”


Сацыёляг, экс-міністар працы Аляксандар Сасноў мяркуе, што значная частка стыхійных выступленьняў грамадзян зьвязана з тым, што ў краіне няма мэханізму ўліку думкі звычайных людзей.


Н.Нарубай: ”Міліцыянты мяне паднялі на рукі”


“А 8-й гадзіне я падышла да будаўнічай пляцоўкі. Там яшчэ стаяла жанчына таксама з нашага дома. Падбеглі гэтыя шакалы з будаўнічай пляцоўкі і пачалі нас праганяць. Я сказала, а ў чым справа, што я ня маю права стаяць? Я закон не парушаю. А потым яны кінуліся да маёй суседкі і пачалі яе штурхаць у бок. Потым яны падбеглі да мяне, пачалі мяне абзываць нецэнзурнымі словамі."


Акцыю пратэсту на Гамарніка разагналі


Удзельніцу акцыі пратэсту супраць будаўнцітва дома на месцы дзіцячай пляцоўкі на вуліцы Гамарніка Ніну Нарубай затрымалі міліцыянты.


Стыхійны бунт на вуліцы Гамарніка


Палітыка “ўшчыльненьня” гарадзкой забудовы прыводзіць да ўсё больш частых стыхійных пратэстаў. Жыхары дамоў, якія заціскаюць скрыні новых шматпавярховых гмахаў, спрабуюць бараніцца.


Жыхары дома па вуліцы Гамарніка, 20, якія пратэстуюць супраць сумнеўнага будаўніцтва дома на месцы дзіцячай пляцоўкі ўтварылі сайт gamarnika.org. Ён мусіць спрыяць аб’яднаньню намаганьняў барацьбе за свае правы.












Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG