Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады патрабуюць спыніць пратэсты супраць хімзаводу


Belarus - protest against the construction of a chemical plant in Druzhny, 19Apr2008
Belarus - protest against the construction of a chemical plant in Druzhny, 19Apr2008

Група чыноўнікаў на чале зь міністрам энэргетыкі Аляксандрам Азярцом сустрэлася з працоўным калектывам ЦЭЦ-5 у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна. Яны патрабавалі ад людзей спыніць акцыі пратэсту супраць будаўніцтва хімзаводу, якое распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Актывісты ініцыятыўнай групы заяўляюць, што будуць з гэтай нагоды зьвяртацца ў суд


На сустрэчу з супрацоўнікамі ЦЭЦ-5 прыехалі таксама кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч, галоўны санітарны ўрач Валянціна Качан, чыноўнікі абласной і раённай вэртыкалі. Тэма размовы да апошняга моманту была невядомая, кажа інжынэр станцыі Ірына Аношка:

“Нам не сказалі, што будзе вырашацца пытаньне хімзаводу. Мы думалі, што гаворка будзе, магчыма, пра разьвіцьцё ЦЭЦ. Але калі мы прыйшлі на сход, то пабачылі, што там падрыхтаваныя людзі, што прыехаў ня толькі міністар энэргетыкі. На сходзе дырэктар адкрыта сказаў, што мы ўжо ведаем, хто якую думку выказвае. Былі таксама пагрозы, што зараз будзе атэстацыя і звальненьне”.

Паводле спадарыні Аношкі, сход адбываўся падчас працоўнай зьмены. Не задаволеныя заявамі чыноўнікаў людзі — больш за 200 чалавек — арганізавана пакінулі актавую залю. Цяпер адміністрацыя станцыі патрабуе ад іх пісьмовыя тлумачэньні -- нібыта за адсутнасьць на працоўным месцы.

Узяць камэнтар пра гэтыя падзеі ў міністра энэргетыкі не ўдалося. Гутару з дырэктарам ЦЭЦ-5 Уладзімерам Кішко:

Карэспандэнтка: “Якое дачыненьне вашая станцыя мае да будаўніцтва заводу?”

Кішко: “Аніякага”.

Карэспандэнтка: “Чаму тады адбываўся сход на гэтую тэму?”

Кішко: “На нашым прадпрыемстве ніякага сходу не было”.

Карэспандэнтка: “І кіраўнік Мінэнэрга да вас не прыяжджаў?”

Кішко: “Прыяжджаў. Але ў нас дастаткова іншых праблем, якія мы вырашаем”.

Актывістку ініцыятыўнай групы, інжынэра ЦЭЦ-5 Тацяну Рысевец ахова прадпрыемства ўвогуле не прапускала ў залю, і на сустрэчу яна патрапіла зь вялікімі цяжкасьцямі. Гаворыць Тацяна Рысевец:

“Я запытала ў прэзыдыюму: чаму вы не ідзяце насустрач беларускаму народу, а ідзяце насустрач расейскаму прадпрыемству? Міністар тады кінуў такую фразу: колькі вам заплацілі? Я, натуральна, абурылася, сказала што падам на яго ў суд і зраблю гэта. А паколькі ён задаў такое пытаньне, то адказала, што я прыежджая, але мой муж з Рудзенска. Што тут вырасьлі мае дзеці, будуць расьці мае ўнукі і праўнукі. Мне ехаць няма куды, а таму вы мне рот не закрыеце. Вы мяне можаце толькі забіць”.

Паводле спадарыні Рысевец, зараз актывісты ініцыятыўнай групы чакаюць пісьмовага адказу ад ураду, Канстытуцыйнага суду і пракуратуры на зварот шасьці тысяч жыхароў з патрабаваньнем забараніць будаўніцтва прадпрыемства.

Будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць гэтага пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, а таксама Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны ня вераць афіцыйным заявам і высновам дзяржаўных экспэртаў і дамагаюцца незалежнай экалягічнай экспэртызы і мясцовага рэфэрэндуму пра мэтазгоднасьць будаўніцтва шкоднай вытворчасьці.

Высокія дзяржаўныя чыноўнікі заяўляюць, што канчаткова гэтае пытаньне павінен вырашыць урад краіны. Аднак у прадстаўніцтве кампаніі “Август-Бел” паведамілі, што неабходныя дакумэнты на будаўніцтва ўжо атрыманыя і зараз ідзе набор працоўнага пэрсаналу.

Актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу рыхтуюць дакумэнты ў суд на кампанію “Август-Бел”, а таксама на мясцовыя ўлады паводле фактаў парушэньня дзейнага заканадаўства.

Аднаго з актывістаў ініцыятыўнай групы, Сяргея Абразоўскага, суд пакараў штрафам за арганізацыю мітынгу пратэсту ў пасёлку Дружны. Супраць спадара Абразоўскага таксама распачата справа за аналягічны мітынг у пасёлку Сьвіслач.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG