Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Поўны збор твораў Быкава – агульнанацыянальны праект”


У 2006 годзе Саюз беларускіх пісьменьнікаў супольна зь некалькімі грамадзкімі і палітычнымі арганізацыямі краіны абвясьціў пра выданьне поўнага збору твораў Васіля Быкава.

Анансавалася чатырнаццаць тамоў, тры зь якіх былі выдадзеныя тады ж маскоўскім выдавецтвам “Время”, яшчэ тры выйшлі летась. Каардынатарам праекту да свайго зьняволеньня быў экс-кандыдат на прэзыдэнта краіны Аляксандар Казулін. Пра сытуацыю і пэрспэктывы выданьня мы гутарым са старшынём Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесем Пашкевічам.

Валянціна Аксак: “Спадар Алесь, калі чакаць наступных тамоў?”

Алесь Пашкевіч: “Наступныя тамы, як і плянавалася, рыхтуюцца спакваля і чакаюць свайго выданьня і свайго чытача. Як напачатку задумвалася камісіяй па ўшанаваньні памяці Васіля Ўладзімеравіча Быкава пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкімі ініцыятывамі (у тым ліку ініцыятарам выданьня прафэсарам Аляксандрам Казуліным), выданьне павінна было стаць не шараговым, не акадэмічным выданьнем поўнага збору мастацкіх твораў Быкава, а агульнанацыянальным праектам. Таму трэба з радасьцю канстатаваць: да працы па падрыхтоўцы яго наступных тамоў падключаюцца розныя грамадзяне Беларусі і замежжа. Падрыхтаваныя амаль цалкам да друку наступныя два тамы — сёмы і восьмы. Апавяданьні, пачынаючы ад самых першых і да 1990-х гадоў, складуць асобны том з пашыранымі камэнтарамі, з тэксталягічнай выверкай. Наступны том уключыць у сябе “Доўгую дарогу дадому”, дадаткі да яе, аўтабіяграфічныя запісы “Парадоксы жыцьця” і іншае”.

Аксак: “Абвяшчалася, што поўны збор твораў Васіля Быкава будзе ўключаць чатырнаццаць тамоў. Як выглядае на сёньня, ці ўмесьціцца ў гэтулькі кніг уся творчая спадчына пісьменьніка?”

Пашкевіч: “На сёньня можна прызнацца, што чатырнаццаць тамоў, калі ўключаць у іх і эпісталярную спадчыну, і спадчыну Быкава-мастака, і яго публіцыстыку, то яны ня зьмесьцяць усё створанае Васілём Уладзімеравічам. Таму ня выключана, што апошні, чатырнаццаты том будзе ў некалькіх кнігах”.

Аксак: “На самым пачатку выданьня поўнага збору твораў Васіля Быкава было абвешчана, што ён бясплатна паступіць у бібліятэкі краіны праз цэнтралізаваную бібліятэчную сыстэму. А як сёньня распаўсюджваецца гэтае ўнікальнае выданьне?”

Пашкевіч: “На жаль, яшчэ і яшчэ раз мусім канстатаваць: цэнтралізавана і бібліятэчны калектар, і міністэрства культуры, і міністэрства інфармацыі адмовіліся прыняць усе тры тысячы асобнікаў кожнага зь першых шасьці тамоў. Таму мы самі раздаём, перадаём у бібліятэкі для агульнага карыстаньня гэтыя кнігі. І да ўсяго выявілася ўсьцешлівая карціна: многія чытачы захацелі мець гэтыя кнігі ў сваіх хатніх бібліятэках. Таму невялікую частку накладу вырашана пусьціць у кнігагандаль”.

Аксак: “І калі мяркуецца, што гэтае маштабнае выданьне ў поўным аб’ёме стане на паліцы прыхільнікаў творчасьці Васіля Быкава?”

Пашкевіч: “Хочацца, каб чалавек, які на пачатку выданьня поўнага збору твораў Васіля Быкава спрычыніўся да гэтай ганаровай місіі, змог пабачыць калі не наступныя тамы, дык хоць апошнія тамы ўжо на свабодзе. Я маю на ўвазе Аляксандра Казуліна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG