Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірон адзначыў гадавіну рэфэрэндуму


Мірон вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг да ўгодкаў рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году.

Сьцяг зьявіўся а 10-й раніцы на даху 16-павярховага жылога дому ў Віцебску, на скрыжаваньні Маскоўскага праспэкту, праспэкту Чарняхоўскага і вуліцы Леніна.

Мясцовы апазыцыянэр Барыс Хамайда нагадаў, што якраз 13 гадоў таму адбылася самая першая акцыя легендарнага Мірона: ён узьняў бел-чырвона-белы сьцяг на коміне кацельнай у райцэнтры Лёзна на знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, пасьля якога дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь стаўся сучасны чырвона-зялёны сымбаль, а бел-чырвона-белы сьцяг быў абвешчаны “незарэгістраванай сымболікай”.

Паводле спадара Хамайды, сёньня Мірон ізноў нагадаў пра колішнія падзеі, прымацаваўшы да сьцяга цыдулку наступнага зьместу: “Беларуская мова жыла, жыве і будзе жыць вечна, як і нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Жыве Беларусь! Мірон”.

Барыс Хамайда паведаміў Радыё Свабода, што з вартых даверу крыніц яму стала вядома яшчэ пра адну сёньняшнюю акцыю няўлоўнага Мірона: непасрэдна перад тым, як вывесіць сьцяг, ён проста на даху напісаў Агульнанацыянальную дыктоўку паводле тэксту Францішка Багушэвіча, запісанага на магнітафон. Віцебскі апазыцыянэр кажа, што гэты ўчынак зьдзейсьнены як напамін пра яшчэ адно наступства памянёнага рэфэрэндуму — пра тое, што пасьля яго расейская мова была зацьверджана ў якасьці другой дзяржаўнай мовы, а фактычна стала адзіна прынятай мовай у афіцыйнай сфэры грамадзкага жыцьця.

Сьцяг на 16-павярховым будынку амаль у самым цэнтры гораду ўбачыла вялікая колькасьць віцебскіх мінакоў: да паўдня ён так і лунаў над Віцебскам, магчыма, проста не заўважаны супрацоўнікамі міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG