Ён аўтар кніг паэзіі (“Две тетради”, “Пазыцыя”, “Колеры” й іншыя), прозы (“Прощальные костры”, “Дань времени”), мэмуараў (“На высьпе ўспамінаў”). Трынаццацігадовым падлеткам у лютым 1943 прыйшоў у партызанскі атрад, у якім ваяваў па ліпень 1944-га. Напярэдадні Дня перамогі спадар Тарас прапанаваў журналістам «Свабоды» падрыхтаваць перадачу на тэму “Ці магчыма выхаваць маладых патрыётаў на тэме Другой усясьветнай вайны?”
Што маладыя памятаюць з урокаў гісторыі?
На пытаньне, калі была Вялікая Айчынная, дзевяцігадовае дзяўчо адказала:
“Ня ведаю”.
“А ў школе вы што-небудзь праходзіце на гэты конт?”
“Не”.
“А што мы будзем адзначаць 9 траўня?”
“Дзень Перамогі”.
“Перамогі над кім?”
Адказам было маўчаньне. Іншая мая суразмоўца старэйшая – і ў свае 15 год ведае крыху болей:
“Вуліцы Менску можаце назваць, якія названыя ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны?”
“Гая, можа быць, хаця не, ён на вайне не быў... Куйбышава таксама не “пракаціць”...О! Праспэкт Пераможцаў!”
“З таго, што праходзілі ў школе, што на памяці найперш?”
“Даты выключна – пачатак, заканчэньне”.
“А калі Менск быў вызвалены, ведаеце?”
“Дату, дакладна? Не”.
“А трэцяе ліпеня з чым зьвязваеце?”
“Незалежнасьць”.
Яе сяброўка прызнаецца адразу: гісторыя Беларусі ўлюбёным прадметам не была. Таму даты, імёны – не на слыху. Але што такое Вялікая Айчынная вайна, яна добра запомніла з расповедаў дзядулі.
“Мне вельмі шмат дзядуля распавядаў, як ён быў маленькі, як забіралі на вайну яго бацькоў, як ён баяўся, хваляваўся... Як яны елі мерзлую бульбу, адкапаную зь зямлі. Гэта ўсё я памятаю, ён мне проста распавядаў пра жыцьцё ў тыя часы. І я нібыта “пражыла” гэта разам зь ім – ягонае жыцьцё ў тыя часы...”
То самае кажа і 14-гадовы Антон, – маўляў, не з падручнікаў, а з размоваў з бацькамі мае ўяўленьне пра Вялікую Айчынную:
“Маршал Жукаў, які шмат зрабіў для Перамогі. Безумоўна, Ракасоўскі... Давалі прыклад Гастэла, Чкалаў... Якія даты? Ну, прыкладам, перамога пад Сталінградам, – дакладную дату ня памятаю, але гэта 1943 год”.
“Што тычыцца вызваленьня Беларусі, – найперш што памятаецца?”
“Першы танк увайшоў у Менск, 121-я дывізія”.
Тым не менш, трэцяе ліпеня як дату вызваленьня Менску Антон не ўсьведамляе. Ягоны сябра-аднагодка Анатоль таксама ня ведае, калі вызвалілі родны горад. Але распавядае пра вайну як па падручніку:
“Якіх герояў Вялікай Айчыннай вайны ты можаш прыпомніць?”
“Кіжаватава, Жукава, Машэрава... З 1941 па 1945 год вяліся баявыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі і астатняга Савецкага Саюзу. Мы абараняліся, адбівалі нашы гарады. Менск, наш родны горад, таксама доўгі час быў пад акупацыяй, тут дзейнічаў фашыстоўскі рэжым, былі ўсталяваныя правілы фашыстаў. Але потым нашы салдаты вызвалілі Менск і рушылі на Бэрлін”.
“А вось калі менавіта вызвалілі Менск?”
“Не, дакладна я не памятаю”.
“А трэцяе ліпеня у цябе з чым асацыюецца дата?”
“Трэцяе ліпеня? Ня ведаю, ні з чым...”
Залішне казаць, што ніводны з апытаных школьнікаў ня змог назваць дату, калі гітлераўцы занялі Менск. Хоць прыкладна кожны пяты з апытаных пабыў на “Лініі Сталіна”. Аднак на ёй дзеці чулі ўсё што заўгодна, акрамя таго, чаму фашысты ўвайшлі ў беларускую сталіцу ўжо 27 чэрвеня…
Камэнтуе Валянцін Тарас:
“Некалькі фактараў працуюць на тое, што нашыя школьнікі ня маюць адпаведных ведаў пра вайну. Бо школа падмяняе гістарычныя факты і наагул выкладаньне гісторыі прапагандай. А гэта не адное і тое ж. Прапаганда – найперш палітычныя ацэнкі й лёзунгі. Гісторыя мусіць быць гісторыяй і будавацца на дакладных гістарычных фактах. Малады чалавепк павінен арыентавацца ў пазыцыях супрацьлеглых бакоў: з кім і за што мы ваявалі? Гэта адна з асноў грамадзкага мысьленьня, грамадзкай сталасьці чалавека. І пачынаць гэта трэба менавіта са школы”.
Што маладыя чуюць пра вайну ад сваіх родных і блізкіх?
Зь іншага боку, мяркуе былы партызан Валянцін Тарас, ня меншае значэньне для выхаваньня патрыятызму ў моладзі мае тое, што яны чуюць пра вайну ад непасрэдных сьведкаў тых падзеяў – сваіх дзядоў і бабуляў, суседзяў, аднавяскоўцаў. Наш карэспандэнт напярэдадні 9 траўня зьезьдзіў у вёску Вялікая Сьвянціца Сьвіслацкага раёну.
Наўкола лес, вялікае возера, царква на прыгорачку, толькі людзей зусім няшмат. Першыя спробы распытаць пра партызанаў няўдалыя – маладзёны адно толькі адмоўна пакруцілі галавой, але паказалі на хату аднаго са старэйшых жыхароў – маўляў, мы нічога ня ведаем, а вось ён у курсе, як трэба, дык нешта раскажа...
Уладзімеру Хамчуку ў вайну было 17 гадоў. Ён распавядае, што былі такія ў іх лясах і нават адзін час хаваліся ў мясцовага сьвятара ў царкве.
“Былі яны добры кавалак часу й нешта там хавалі, магчыма, зброю, альбо нейкія дакумэнты. Пасьля вайны прыходзілі сюды, адрывалі дошкі й нешта забіралі”.
“А чым тут займаліся партызаны, ці часта яны вялі баі зь немцамі?”
“Адзінае, што зрабілі тут партызаны – спалілі школу ў Вялікай Сьвянціцы, бо немцы меліся ў ёй разьмясьціць штаб ці жандармэрыю...”
Да нашай размовы далучыўся яшчэ адзін сталы жыхар, Пётра Плюшчэўскі. Я пытаюся ў яго, ці дапамагалі партызаны жыхарам вёскі?
“А дзе яны дапамагалі, нічога яны не дапамагалі. Яны толькі абіралі людзей, забіралі яду, рабавалі, забіралі нават тое, што ім непатрэбна было”.
Зь мясцовых немцы прызначалі солтыса. Мае суразмоўцы распавядаюць, што той быў добрым чалавекам і нават ратаваў партызанаў, калі немцы рабілі на іх засаду. Пасьля вайны людзі адстаялі свайго солтыса перад НКВД.
“Пасьля 45-га забіралі ўсіх солтысаў, судзілі й давалі па 25 гадоў. Нашага таксама арыштавалі, але ягоная жонка пачала зьбіраць подпісы сярод людзей у абарону. Ён сапраўды быў добры чалавек, нічога дрэннага не зрабіў, у нас нават не застрэлілі ніводнага чалавека”.
Пытаюся маладога яшчэ вяскоўца – ці ведае ён што-небудзь пра мясцовых партызанаў ці пра падпольшчыкаў, аб якіх напісана ў раённай кнізе “Памяць”.
“У прынцыпе не, мой дзед Яшка нічога мне аб іх не распавядаў, магчыма, ня ведаў”.
“А бацькі ня ўзгадвалі?”
“Ды не, адкуль...”
Я запытаўся спадара, ці не распавядалі аб партызанах ягоныя дзеці, якія, магчыма, нешта даведаліся аб іх у школе. У адказ спадар толькі заўсьміхаўся. Гэтая самая гісторыя паўтарылася і ў суседняй вёсцы…
Камэнтуе Валянцін Тарас:
“Што ведаюць маладыя людзі? Партызаны прыходзілі і рабавалі… А я хачу, каб яны ўсьвядомілі адну простую рэч: партызаны – не рэгулярнае войска, і ніхто нічым у цэнтралізаваным парадку іх не забясьпечваў. Вядома ж, калі ноччу да селяніна прыходзяць узброеныя людзі, у вачох простага чалавека яны рабаўнікі, бандыты…
Дарэчы, у час мінулай вайны самы велізарны подзьвіг народу – гэта подзьвіг беларускай вёскі, якая і сваіх дзетак захавала, і не дала загінуць велізарнаму партызанскаму войску.
Тыя, хто кажуць, што гэта быў гонар для селяніна, што ён добраахвотна аказваў тую дапамогу, такія – альбо недасьведчаныя людзі, альбо сьвядомыя хлусы.
Нізка кланяюся ўсім тым, хто даваў і малачка папіць, і яечкам пачаставацца, і хлебушкам… І нават боты свае хай не добраахвотна, але ўсё ж аддавалі… Нізкі вам паклон!”
Што ведаюць маладыя пра “негераічную” гісторыю вайны
Вайна, гітлераўскі акупацыйны рэжым тычыліся ня толькі воінаў, лясных салдатаў. Яна жорстка абпаліла, кажа Валянцін Тарас, і мірнае насельніцтва. Аднак нашае чарговае дасьледаваньне, гэтым разам на Магілёўшчыне, выявіла: моладзь, якая актыўна ўдзельнічала ва ўрачыстасьцях да Дня перамогі, няшмат ведае пра акупацыю фашыстамі Беларусі й жыцьцё людзей за гітлераўцамі. Гэта маладзёны прызнаюць. Наракаюць на школу, маўляў, там пра тое не казалі. Ведаем выключна “гераічныя” старонкі вайны – пра партызан ды падпольшчыкаў:
“Я вам падрабязна нічога не скажу. Беларусі, як і іншым краінам, было дужа цяжка. Тут нехта змагаўся за свабоду сваёй радзімы, а нехта подла пераходзіў на бок ворага. Ну, а так людзі стараліся выжываць, як прыходзілася – сваімі сіламі, сваімі магчымасьцямі. Нехта быў партызанам, а нехта неяк жыў, выжываў. Мне, насамрэч, мала вядома. З аднаго боку не цікавіўся, а з другога частка радні ваявала, а частка знаходзілася не на гэтай тэрыторыі”.
Я пацікавіўся ў спадарыні сталага веку, якая назвалася Вольгай Пятроўнай: ці трэба наагул ведаць пра жыцьцё ў фашысцкай акупацыі? Адназначна адказала, што так.
“Я вайну добра памятаю. Цяжка было, галеча, голад, прыніжэньне. Трэба ўсё ведаць. А моладзі асабліва. Мы гэта памятаем, мы гэта перажылі, мы гэта ведаем. Моладзі трэба гэта ведаць. Колькі людзей загінула, колькі засталося сіротаў. Гэта страшна канечне”.
Аднагодка Вольгі Пятроўны Валянціна Афанасьеўна Бялкоўская пражыла ўсё жыцьцё ў Магілёве на вуліцы Малое Завальле, цяпер Мянжынскага. Вайна яе засьпела ў няпоўныя трынаццаць гадоў. Ня памятае, як баранілі горад ад фашыстаў. Згадвае толькі, што яны зьявіліся раптоўна й напачатку ня дужа дакучалі.
Праблемы пачаліся са зьяўленьнем паліцаяў, якія падчас ператрусаў шчыравалі больш за акупантаў. У паліцыю ішлі людзі пакрыўджаныя Савецкай уладай, зазначае Валянціна Афанасьеўна:
“У нас тут Каўтуновіч такі жыў. Яму ў 1933 годзе далі дзесяць гадоў, а мо й болей. Вось трэба было яму з турмы прыйсьці й праз тыдзень пачалася вайна. Ён адразу ж пайшоў у паліцыю й быў там прыставам. Канечне, ён нарабіў шмат кепскага людзям”.
З тых ваенных часоў Валянціне Афанасьеўне помніцца найбольш голад. Побач зь іхняй хатай разьмясьцілася салдацкая кухня.
“Есьці вараць. Яны там паядуць, а мы па бочках з адкідамі лазім. Шукаем, што выкінуць. Б’ёмся, каб болей у рот ухапіць. Для дзяцей былі памойкі”.
Пасьля зьнішчэньня восеньню 1941 году магілёўскага гета й масавых расстрэлаў цыганоў фашысты пачалі вынішчаць палякаў, як Бялкоўскія. Маці Валянціны Афанасьеўны знайшла спосаб уратавацца:
“Яна ўзяла дамавую кнігу й заліла чарнілам, дзе нацыянальнасьць пісалася. Пашпарта няма, іншых дакумэнтаў няма. Пайшлі ў паліцыю, сталі прасіць. Ну вось і беларусы. З вайны мы й засталіся беларусамі”.
Маці ня толькі зьмяніла нацыянальную прыналежнасьць сям’і, аднак і пераназвала дачку: з Ванды ў Валянціну.
Калі ў Магілёў вярнулася савецкая ўлада, найперш яна занялася пошукам людзей, якія супрацоўнічалі з фашыстамі. Вінавацілі нават тых, хто рабіў на акупантаў, каб не памерці з голаду.
Сям’ю Валянціны Афанасьеўны рэпрэсіі абмінулі. Аднак яна ведае шмат прыкладаў адваротнага.
“У нас тут такая жыла францужанка. Маленькая, кульгавенькая. Яна хадзіла да немцаў анучы мыць. За гэта яны давалі кавалак хлеба. Яна адзінокая была. Ну во прыйшла Савецкая ўлада, і ёй далі дзесяць гадоў турмы ў Сібіры”.
Ці абураліся людзі, калі даведваліся пра такія зьняволеньні? Працягвае Валянціна Афанасьеўна:
“Божа ўпасі! Ніхто слова ня мог сказаць. Такога гаварыць нельга было. Забралі – значыць, правільна паступілі”.
Мінула амаль семдзесят год, як скончылася вайна. Ці згадалі хоць раз улады пра Валянціну Афанасьеўну, якая ў маленстве перажыла вайну?
“Да нас ніхто ніколі не прыходзіў і не пытаўся. Усе нібыта ведаюць, што было дрэнна ды й усе справы. Мы так пражылі ўсё жыцьцё. Ніхто пра гэта не хацеў ведаць. Ніколі ў нас не было ніякіх ільготаў”.
Цяпер Валянціне Афанасьеўне восемдзесят гадоў. Штонядзелю яна ходзіць у касьцёл. Апошнім часам ейнымі ўспамінамі зацікавіліся габрэі. Яны хочуць ведаць, як жылі габрэі ў першыя месяцы вайны і як зьнішчылі гета. Хто апавядзе беларусам пра страшэнныя гады фашысцкай акупацыі, калі ня будзе жывых сьведкаў тых падзеяў? Пытаньне застаецца без адказу. Мо й праўду пра тых людзей варта забыць дзеля таго, каб помнілася толькі гераічнае?
Што думаюць пэдагогі пра выхаваньне моладзі на прыкладах вайны
Атрымліваецца, трагічны досьвед жыцьця беларускага насельніцтва ва ўмовах акупацыі ў патрыятычным выхаваньні моладзі практычна аніяк не задзейнічаны? Ці варта ў такім разе прытрымлівацца старых савецкіх схемаў выхаваньня, якія абапіраюцца менавіта на ваенную патрыётыку?
“Як Вы думаеце: ці можна працягваць выхоўваць патрыятызм у школьнікаў, моладзі на перамогах Савецкай арміі, на Вялікай Айчыннай вайне? Ці ўсё ж можна працягваць гаварыць адно і тое ж, і ўсё будзе нармальна?”
Настаўніца: “Мы просім прабачэньня, таму што працуем у школе: што нам дыктуюць, тое мы й выхоўваем. Канешне, гэтыя тэмы ўжо не актуальныя. І я сама ўжо немалады чалавек, але магу сказаць, што гэта нецікава ўжо і мне, не гаворачы ўжо пра маіх дзяцей, якім 12-13-15 год. Таму, канешне, больш краязнаўства трэба, будзе проста і даступна для дзяцей любога ўзросту, і мне здаецца, гэта больш актуальная тэма цяпер”.
Карэспандэнт: “А вось распрацаваны курс “Гродназнаўства”, ён у школах выкладаецца? Ці толькі ў гімназіях?”
Настаўніца: “Выкладаецца, але толькі ў выбраных школах. Я ведаю пра ліцэй першы, здаецца. Мы выкладаем у звычайнай школе, таму ў нас такога курсу няма, на жаль”.
“Я таксама настаўніца, я таксама бачу, што калі мы спрабуем гэты патрыятызм у дзецях разьвіць, то нічога не разьвіваем, акрамя (“Нянавісьці да яго”, — падказвае першая настаўніца). Так, так ёсьць. Гэтыя дзеці ня ведаюць свайго месца ў грамадзе ўсёй. Ну што? Ну патрыятызм і патрыятызм, пустое нейкае… Для іх гэта ніякага значэньня ня мае. Калі яны ўжо будуць дарослыя, тады яны будуць вырашаць: ці ім гэта патрэбна ці не”.
“Вы маеце на ўвазе гэты афіцыйны варыянт патрыятызму, так?”
Другая настаўніца: “Так”.
Карэспадэнт: “Дык можа сапраўды трэба пачынаць зь сям’і, з роднага гораду, каб ім было цікава. Каб у горадзе рэстаўрацыя адбывалася, аднаўлялі будынкі старыя, а ня проста вайной зацікаўліваць?”
“Цяпер у моладзі зусім іншыя інтарэсы. Сёньня, сапраўды, хаця б выклікаць іхнюю цікавасьць да гораду, да яго гісторыі, каб яны ведалі дзе яны жывуць і пра тыя будынкі, якія ёсьць. Прыяжджаюць да іх госьці, а каб правесьці экскурсію ў горадзе, то й ня знаюць што паказаць і расказаць — чаму так вуліцы называюцца”.
“Як трэба выхоўваць патрыятызм у моладзі — на вайне , на перамогах Савецкай арміі, ці важней зьвярнуцца да гісторыі гораду — вось 880 гадоў будуць адзначацца. Каб школьнікі ведалі якая была гісторыя, гістарычныя асобы, старыя будынкі. Як Вы думаеце?”
“У прынцыпе, і пра вайну нельга забывацца, і пра гісторыю ўвогуле. Гісторыя Горадні сапраўды налічвае многа гадоў, яна багатая і цікавая. Дарэчы, фільм нядаўна глядзеў пра Горадню: ёсьць што паглядзець, і такія фільмы трэба паказваць моладзі, каб яна ведала гісторыю, што на гэтай зямлі здаралася. Гэта абавязкова трэба. А гэта, уласна кажучы, выклікае і той самы патрыятызм і тую павагу да роднай зямлі, таму моладзь будзе па-іншаму ставіцца і да тых жа помнікаў, і ўвогуле да гораду”.
Што і колькі чытаюць маладыя пра вайну?
Валянцін Тарас – былы партызан, вядомы празаік, паэт. Ён перакананы, што неацэннае значэньне ў сэнсе выхаваньня ў моладзі патрыятызму на прыкладах вайны маюць літаратура і мастацтва. Аднак што менавіта і як выкладаюць у сучаснай школе? Якія творы з ваеннай прозы і паэзіі ў пашане сярод маладых? Якія фільмы яны глядзяць?
“Шчыра кажучы, я пра вайну чытала толькі ў школе. Магу ўзгадаць толькі творы Быкава, мабыць...”
“А якія?”
“Быкава... “Знак... Знак бяды”. Таксама кіно я глядзела, “Альпійская баляда”. Збольшага, гэта ўсё. Я пра вайну не люблю ні глядзець, ні чытаць, мала што магу пра гэта сказаць”.
“Са школьнай літаратуры памятаю “Сьцяг брыгады”. Калі пра Быкава – “Сотнікаў”. У Быкава яшчэ было пра вайну ў пасьляперабудовачныя гады, скажам так, але гэта ўспрымалася ў іншым кантэксьце. Таму зараз асацыяцыі зь Вялікай Айчыннай не ўсплываюць...”
“Але вы гэта чыталі?”
“Я гэта чытаў, безумоўна. Можна ўспомніць і Адамовіча – “Карнікі” і “Я з вогненнай вёскі”. І Янка Купала “Партызаны, партызаны, беларускія сыны”. Калі казаць пра мастацкія фільмы, то гэта “Акупацыя. Містэрыі”, наш беларускі фільм. Ну а безьліч брэжнеўскага шырспажыву можна і ня ўзгадваць, таму што ўсе мы яго “упіталі”.
“Канечне, я чытала Быкава. “Сотнікаў”. Сьвятлану Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”. Вось гэта літаратура, як кажуць, экзыстэнцыянальная, калі чалавек ставіцца на нейкую мяжу, яму даводзіцца праходзіць нейкія выпрабаваньні, і вызначаецца яго сапраўдная сутнасьць. Што тычыцца кіно, то можна ўзгадаць вельмі шмат фільмаў, гэта было пастаўлена тады на канвэер, на паток”.
Што да школьнай праграмы, то ў адзінаццатай клясе даволі падрабязна вывучаецца “Знак бяды” Васіля Быкава, кажа настаўніца беларускай літаратуры з Полацку Валерыя Сом, якая добрасумленна прагартала ўсю школьную праграму:
“У дзявятай клясе нічога няма, у дзясятай – “Сотнікаў” Быкава, “Гандлярка і паэт” Шамякіна, Куляшоў “Над брацкай магілай”. Пятая кляса – можна сказаць, няма. Шостая – Мікола Сурначоў “У стаптаным жыце”, Аляксей Пысін “Проня”, Вячаслаў Адамчык “Салодкія яблыкі”. Вось і ўсё...”
“А па колькасьці гадзін?”
“Па колькасьці гадзін гэта вельмі нязначна. На Быкава, здаецца, 3 – 4 гадзіны, у шостай клясе па адной гадзіне на твор, толькі на Адамчыка дзьве. Па-першае, па колькасьці гадзін нязначна, па-другое, калі Быкаў – гэта бясспрэчны варыянт, то тая самая “Гандлярка і паэт” – чыста савецкі твор, калі верш “У стаптаным жыце” я яшчэ магу прыняць, то “Проня” – гэта ўвогуле такі дзіўны твор, які ні дзеці не разумеюць, там ніякай ні мастацкай асаблівасьці няма, ні дасканаласьці”.
Па рускай літаратуры таксама вывучаюць няшмат, значна менш, чым некалькі гадоў таму, кажа настаўніца з Барысава Людміла Гуданіс:
“У восьмай і дзявятай клясах ідзе агляд “Вялікая Айчынная вайна ў паэзіі”. Ахматава “Мужнасьць”, Сіманаў “Чакай мяне” («Жди меня»), «Зінка» Друнінай, Ашанін, Ісакоўскі, Арлоў. Вывучаецца Твардоўскі, главы з паэмы “Васіль Цёркін” (“Переправа, переправа”). На выбар настаўніка “Забітыя пад Масквой” альбо “Звязда” Казакевіча, альбо “А зоры тут ціхія” Васільева. Але гэта ў аглядзе і па малу гадзін. Ну і ў сёмай клясе вельмі падрабязна – 6 гадзін – вывучаецца “Іван” Багамолава. Наагул вельмі скудна вывучаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны”.
Камэнтуе Валянцін Тарас:
“Амаль усе беларускія пісьменьнікі дзецьмі альбо перажылі акупацыю, альбо больш дарослыя самі ўдзельнічалі ў вайне. Тое самае тычылася і кінэматографу, і драматургіі, і мастацтва. Было, канечне, вельмі многа павярхоўнага і ўра-патрыятычнага, і паўпраўды.
Я б хацеў, каб моладзь перш за ўсё ведала творчасьць Алеся Адамовіча: дылёгію “Вайна пад дахамі” і “Сыны ідуць у бой”, “Хатынскую аповесьць” і ягоны фільм “Ідзі і глядзі”. І каб ведалі Быкава – “Сотнікаў”, “Круглянскі мост”, “Мёртвым не баліць”…
На жаль, мы маем цяпер такую нэасавецкую фармацыю, у многім пачварную. Знайсьці тут нейкую нітку Арыядны – выйсьці на ўсьведамленьне і нашага мінулага, і нашай сучаснасьці – можна, мне падаецца, як заўсёды, празь літаратуру і мастацтва. Калі яны, вядома, на высокім узроўні. Калі яны сумленныя. Вось тады яны могуць выхаваць моладзь, могуць!
Вельмі сумна, і прыкра, і кепска, што нашая прапаганда спрабуе дзяліць перамогу, дзяліць нават удзельнікаў вайны на “чыстых” і “нячыстых”. Як цалкам згодны з прапагандай – так, маеш права на павагу і пашану. У цябе іншыя думкі – ня маеш гэтага права, гэта ўжо нібыта не твая перамога…
Я б хацеў, каб моладзь разумела: радкі песьні пра сьлёзы на вачох і пра той кошт, які заплацілі за перамогу, – гэтыя радкі праўдзівыя. І песьня гэтая неўміручая. Як неўміручы сам Дзень перамогі. Таму што ў ім была закладзеная будучыня. У тым ліку і будучыня незалежнай Беларусі”.
Грамадзкім рэдактарам наступнага тыдня будзе палітвязень Аляксандар Казулін. Гэтае жаданьне ён выказаў падчас нядаўняй сустрэчы са сваімі дочкамі ў калёніі “Віцьба-3”. Ім жа даручыў выкласьці слухачам “Свабоды” свае погляды па сёньняшніх грамадзка-палітычных актуаліях краіны. А журналістам радыё перадаў заданьне падрыхтаваць перадачу на тэму “Ці мусіць беларускі кіраўнік быць прыкладам для Беларусі?”